Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапаможнік па бясьпецы для беларускіх журналістаў


23 лістапада Беларуская асацыяцыя журналістаў у Магілёве прэзэнтавала дапаможнік па бясьпецы для беларускіх журналістаў «У зоне рызыкі», а таксама дакумэнтальную стужку «Бясьпека журналістаў. Украінскі практыкум».

У Магілёве прэзэнтацыя фільму сталася першай у Беларусі. Стужку здымалі ў межах вялікага праекту аб бясьпецы журналістаў пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў. Праект ахапіў сем постсавецкіх краін.

Аўтар фільму — прадстаўнік украінскага незалежнага мэдыяпрафсаюзу, рэжысэр, кінадакумэнталіст Ігар Чайка — зазначае, што ў стужцы на канкрэтных прыкладах паказана сытуацыя з правамі журналістаў ва Ўкраіне. Фільм разьбіты на фрагмэнты, якія суправаджаюцца камэнтарамі юрыстаў, псыхолягаў ды супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама саміх журналістаў.

Ігар Чайка

Ігар Чайка

Чайка: «Пакуль можна казаць пра розьніцу са свабодай слова і свабодай журналістаў ва Ўкраіне і Беларусі. Але з кожным днём, паводле маіх адчуваньняў, гэтая розьніца зьмяншаецца. Я сёньня сумна жартаваў, што хутка мы будзем езьдзіць па ваш сумны досьвед. Ва Ўкраіне пакуль няма людзей у чорным, якія бегаюць і хапаюць журналістаў, а потым запіхваюць у варанкі ды вязуць няведама куды. Але калі сытуацыя ня будзе мяняцца, то нас чакае нешта падобнае, што і ў Беларусі. Апошнія два гады я не перастаю пра гэта пастаянна гаварыць. Сытуацыя ў нас пагаршаецца кардынальна».

Пагаршэньне сытуацыі ва Ўкраіне Ігар Чайка праілюстраваў наступным прыкладам:

«У нас ёсьць вядомы артыкул 171, які кажа пра адказнасьць за перашкоды, якія чыняцца журналісцкай дзейнасьці. За парушэньне артыкула прадугледжана адказнасьць нават да крымінальнай, да абмежаваньня волі. Дык вось, міліцыя і пракуратура прыкладаюць тытанічныя высілкі, каб ніводнае парушэньне, зьвязанае з гэтым артыкулам, не было кваліфікаванае як парушэньне менавіта яго. Спрабуюць перакваліфікаваць у хуліганскія дзеяньні альбо наагул адмаўляюцца распачынаць крымінальную справу. Нават даходзіць да абсурду. І ўсё для таго, каб не ствараць прэцэдэнтаў».

Перад выхадам прэзэнтаванага сёньня фільму ва Ўкраіне выйшаў дапаможнік па бясьпецы журналістаў. Падобны беларускі дапаможнік журналісцкай грамадзе, якая сабралася ў грамадзкім цэнтры «Кола», прадставіў сябра БАЖ Андрэй Бастунец:

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

«У беларускі варыянт дапаможніка ўвайшоў практычны досьвед мясцовых незалежных журналістаў. Журналісты распавядаюць пра ўласны кодэкс бясьпекі. Ёсьць у дапаможніку і юрыдычная частка. Адметнасьць дапаможніка ў тым, што ў ім сабраны матэрыял пра досьвед журналістаў, якія сутыкаліся з пагрозамі, перасьледам ды ціскам. Гэта найперш практычны дапаможнік. Ён у канцэнтраваным выглядзе дае парады і падыходы пры разьвязваньні канфліктных сытуацыяў».

Акрамя беларускага і ўкраінскага варыянтаў дапаможніка па бясьпецы журналістаў, падобныя выданьні выйшлі ў Расеі, Грузіі, Малдове, Армэніі ды Азэрбайджане. Кожны варыянт распрацоўваўся з улікам асаблівасьцяў сытуацыі з правамі журналістаў у той краіне, дзе ён выдаваўся.
XS
SM
MD
LG