Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Беларусі, якія жадаюць наведаць Палестыну, ня могуць зрабіць гэтага без дазволу ізраільскіх уладаў. І не заўжды яны такі дазвол атрымліваюць.

Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Палестыны ў Беларусі Халед Арыкат, адказваючы на пытаньне «Свабоды», ці паўплываў канфлікт у рэгіёне на колькасьць беларусаў, якія выяжджаюць у Палестыну.

Халед Арыкат сказаў, што ўлады ягонай краіны ўважліва сочаць за тымі грамадзянамі Беларусі, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Палестыны. «Мы робім максымум дзеля таго, каб яны былі там у бясьпецы і жылі нармальным жыцьцём», — сказаў Халед Арыкат. Ён не назваў дакладную колькасьць беларусаў, якія зараз жывуць у Палестыне, зазначыўшы, што звычайна ў такіх выпадках кажуць пра «расейскамоўнае насельніцтва».

Таксама Халед Арыкат расказаў, што грамадзянін Беларусі, які хоча наведаць Палестыну, спачатку павінен зьвярнуцца ў палестынскую амбасаду ў Менску. Але дазвол на паездку даюць толькі ізраільскія ўлады:

«Мы знаходзімся пад кантролем Ізраілю. У руках Ізраілю і нашыя межы. І таму мы ня можам даць дазвол на наведваньне Палестыны без дазволу ізраільскіх акупантаў. А яны ў многіх выпадках тармозяць нашыя звароты да іх».

У такім складаным становішчы знаходзяцца толькі грамадзяне Беларусі. У бліжэйшых суседзяў, напрыклад, Расеі і Ўкраіны, такой праблемы наагул няма. Гэтыя краіны маюць з Ізраілем пагадненьні аб бязьвізавым перасоўваньні грамадзянаў. І таму той жа расеец спакойна ляціць у Ізраіль, а адтуль пераяжджае ў Палестыну.

А вось Беларусь з Ізраілем дагэтуль падобнага пагадненьня не падпісалі, хоць размовы пра гэта вядуцца ўжо ня першы год. Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што гэты працэс стрымлівае афіцыйны Менск:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Тут, найхутчэй, справа ў матэрыяльных пытаньнях. Бо плату за візы атрымлівае дзяржава, а плацяць асобы. І таму я не выключаю, што беларускі бок проста не жадае страчваць тыя грошы, якія ён атрымлівае за гэтыя візавыя зборы».

Амбасадар Арыкат сёньня ўсклаў усю адказнасьць за абвастрэньне палестынска-ізраільскага канфлікту на Ізраіль. Дзеяньні ізраільцян ён назваў «агрэсіяй» і «ваенным злачынствам супраць мірнага насельніцтва».

Дыплямат вітаў падпісаньне мірнай дамовы аб спыненьні агню. Ён лічыць, што гэта карысна абодвум бакам.

Палітоляг Фёдараў называе дамову «перамогай здаровага сэнсу»:

«Праўда, толькі ў тым выпадку, калі яно стане сапраўдным перамір’ем, будзе працягвацца і перарасьце ў мір. Я ўпэўнены, што ў гэтай спрэчцы перамагчы ніхто ня можа. Ізраіль, безумоўна, значна мацнейшы ў вайсковым і эканамічным сэнсе. А арабскі сьвет — у шмат разоў большы па колькасьці. І таму пераможцы тут быць ня можа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG