Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На праблемныя прадпрыемствы Лукашэнка кідае кіраўнікоў канцэрнаў


Аляксандар Лукашэнка наведаў з інспэкцыяй дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Івацэвічдрэў», дзе рэзка скрытыкаваў працу ўсёй галіны.

Абвінаваціўшы падначаленых у правале праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і падкрэсьліўшы, што да гэтага ў немалой ступені спрычыніўся «бардак у канцэрне «Беллесбумпром», Лукашэнка на месцы звольніў з пасады генэральнага дырэктара «Івацэвічдрэва» Барыса Міхнюка. Наводзіць парадак на «разваленым» прадпрыемстве будзе кіраўнік згаданага канцэрну Ўладзімер Шульга, які да панядзелка мусіць перабрацца зь Менску ў Івацэвічы.

Паказальна, што прыклады безгаспадарчасьці Лукашэнка ўбачыў яшчэ з паветра, калі аблятаў на прэзыдэнцкім верталёце тэрыторыю заводу:

«Такога заводу, як зараз, які ў сьметніцу ператварылі, дакладна ня будзе», — падсумаваў Лукашэнка, удакладніўшы, што ў беспарадку вінаватая ня толькі адміністрацыя, але і працоўныя, якім напляваць, у якіх умовах яны працуюць.

У сярэдзіне кастрычніка Лукашэнка аналягічным чынам памяняў дырэктарат на кандытарскіх фабрыках «Камунарка» і «Спартак». Зьвінаваціўшы кіраўніц менскага і гомельскага прадпрыемстваў Натальлю Кот і Алесю Самсонаву ў змове з амэрыканскім стратэгічным інвэстарам Маратам Новікавым, што абярнулася стратамі для абодвух калектываў, на іх месцы ён прызначыў дзяржаўных чыноўнікаў. На «Камунарку» «наводзіць парадак» быў кінуты старшыня канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка, на «Спартак» — кіраўнік спраў Гомельскага гарвыканкаму Алег Жыдкоў.

Дык ці насамрэч беларускімі прадпрыемствамі кіруюць сабатажнікі, якія наўмысна ўстаўляюць палкі ў колы дзяржаве? Меркаваньне выказвае колішні дырэктар заводу спэцыяльнай тэхнікі «Амкадор» Васіль Шлындзікаў:

«Унутраных ворагаў, як мне падаецца, яму настолькі складана тут знайсьці хоць бы з той прычыны, што ніхто добраахвотна ня хоча быць „казлом адпушчэньня“. Хоць практыка паказвае, што Лукашэнка надзвычай хутка знаходзіць крайніх, заяўляючы, што ёсьць і тыя, хто ўціхушку радуецца нашым праблемам, якія мы, між іншым, няўхільна пераадольваем. Прынамсі ў такім стылі, як можна ацэньваць, апошнім часам вядуцца ўсе размовы. Пры гэтым пярэчыць ніхто не адважваецца, бо разумеюць — толькі горш будзе. Зь іншага боку, зараз, па сутнасьці, створаныя такія ўмовы, любы кіраўнік абстаўлены такой колькасьцю сьцяжкоў, што фінал можа быць толькі адзін. Гэта як на ваўкоў спачатку сьцяжкі расстаўляюць, а потым адстрэльваюць. Вось нешта падобнае ў нашым дырэктарскім корпусе мы і назіраем. Натуральна, ніхто ня хоча быць гэтым загнаным ваўком. Але ў любым выпадку ў ахвяру некага раз-пораз прыносяць. Мяркую, што ва ўмовах плянавай эканомікі дырэктараў чакаюць вельмі складаныя часы».

Лукашэнка прыгразіў зачыніць прадпрыемства «Івацэвічдрэў», калі калектыў пад началам новага кіраўніка цягам самага бліжэйшага часу не навядзе на сваёй тэрыторыі поўны парадак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG