Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увосень школьнікаў з райцэнтраў і сельскіх школ прымушаюць ехаць на сельгаспрацы — капаць бульбу, моркву, буракі. Часта дзецям за працу не плацяць. А тых, хто адмаўляецца, у некаторых школах караюць — як было з вучнямі Бялыніцкай школы № 1. Ці мае права адміністрацыя школы прымушаць навучэнцаў ехаць на бульбу, а ў выпадку адмовы — караць.

Чыноўніца аднаго з абласных упраўленьняў адукацыі на ўмовах ананімнасьці распавяла, што сапраўды школьнікаў прыцягваюць да сельгаспрацаў. На гэта ёсьць адмысловая інструкцыя Міністэрства адукацыі:

«У асноўным восьмыя клясы прыцягваюць, выпускныя стараюцца не задзейнічаць. Па-другое: узрост з 14 гадоў, маладзейшых не бяруць. Па-трэцяе, адразу агаворваецца, што ёсьць дзеці, вызваленыя ад грамадзка карыснай працы па стане здароўя. Такіх заўсёды набіраецца групка. Да таго ж нехта прастуджаны. Такія дзеці ня едуць. Але яны прыходзяць у школу. І калі я як настаўнік еду зь дзецьмі на поле, то іншы настаўнік, які ня едзе на поле, у гэты дзень у школе праводзіць нейкія стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі».

Звычайна сельскім школам і школам у невялікіх райцэнтрах даводзіцца плян па нарыхтоўцы гародніны, якая потым ідзе ў школьныя сталовыя. Таму, каб выканаць гэты плян, адміністрацыя дамаўляецца зь мясцовымі ўладамі, і дзяцей накіроўваюць на ўборку ўраджаю, патлумачыла чыноўніца ўпраўленьня адукацыі:

«Ім могуць плаціць. Але загадзя школа дамаўляецца, на якіх умовах яна едзе. Як правіла, усе едуць на ўмовах забесьпячэньня школы гароднінай. Калі дзецям плаціць, тады школе гародніну не дадуць. Таму ў асноўным усе ідуць на ўмовах «вы нам дапамагаеце ўбіраць, мы вам столькі кіляграмаў бульбы, столькі буракоў, морквы, яблык».

Юрыст Беларускага дзіцячага фонду Алег Бакулін выступае супраць таго, каб дзеці працавалі на палетках сярод навучальнага году:

Дзяцей да 14 гадоў наагул нельга прыцягваць да працы

«Дзяцей да 14 гадоў наагул нельга прыцягваць да працы. У старэйшых ёсьць абмежаваньні па часе, ёсьць санітарныя нормы. Але яны ідуць у школу дзеля чаго? Вучыцца. А іх прымушаюць працаваць. Хоць працаваць павінны іншыя. Па-другое, атрымліваць за сваю працу грошы. Яны ж не працаўладкоўваюцца ў школу на працу! Таму асабіста я лічу, што гэта парушэньне патрабаваньняў заканадаўства. Трэба ўздымаць гэтае пытаньне».

Адзін з аргумэнтаў, чаму школьнікаў сельскіх школ прымушаюць нарыхтоўваць бульбу, моркву, буракі — гэта тое, што ўсіх дзяцей у школах бясплатна кормяць. Маўляў, няхай хоць зьбяруць ураджай, які вырасьцілі бацькі, які пойдзе ў школьную сталоўку. Юрыст Беларускага дзіцячага фонду Алег Бакулін так пракамэнтаваў гэтую тэзу:

«За гэтую бульбу ўсё адно хтосьці ўжо заплаціў сваёй працай — тыя самыя бацькі, якія працуюць у калгасе».

Карэспандэнтка: «А караць дзяжурствам можна?»

«Тым больш гэта зьдзек. Трэба ўздымаць гэтае пытаньне — пісаць у Нацыянальную камісію па правах дзяцей, у Міністэрства адукацыі, Адміністрацыю прэзыдэнта, што ідзе перасьлед. Але ніхто ня хоча ўздымаць гэтае пытаньне: маўляў, маё дзіця вучыцца ў гэтай школе, а яго пачнуць перасьледаваць, ціснуць на яго».

Той факт, што ў некаторых школах дзяцей, якія не паехалі «на бульбу», караюць дзяжурствамі ці іншымі прымусовымі працамі, зьдзівіў і чыноўніцу абласнога аддзелу адукацыі:

«Гэта нейкі яўны мясцовы перагіб — ніякіх дзяжурстваў, ніякіх адпрацовак не павінна быць. Прыцягваньне навучэнцаў да сельгаспрацаў можа быць толькі з дазволу бацькоў — гэта прапісана ў дакумэнце. Калі бацькі, груба кажучы, рогам упіраюцца — дзіця будзе хадзіць у школу, то ніводзін дырэктар, старшыня выканкаму ці загадчык РАНА не прымусіць. Калі бацькі лічаць патрэбным, каб дзеці хадзілі ў школу, значыць, ваша дзіця будзе прыходзіць у школу. Адзінае — ён будзе займацца індывідуальна. Умоўна кажучы, 15 хвілін рашаць задачку, потым паліваць кветачкі».

Такім чынам, бацькі непаўналетніх школьнікаў могуць настаяць на тым, каб дзеці ў школе вучыліся, а не рабілі бясплатна на калгасных палетках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG