Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 лістапада супрацоўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» вывозілі рэчы.

26 лістапада а 10 гадзіне раніцы будуць канфіскаваныя офіс і маёмасьць «Вясны».

Судовыя выканаўцы маюць апячатаць памяшканьне сядзібы арганізацыі, у якім 12 год аказвалася дапамога рэпрэсаваным грамадзянам, ладзіліся прэсавыя канфэрэнцыі аб парушэньнях правоў чалавека, а таксама іншыя праваабарончыя мерапрыемствы.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», такім чынам улады «адзначаюць» гадавіну прысуду лідэру арганізацыі Алесю Бяляцкаму, які 24 лістапада 2011 году быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці нібыта за нявыплату падаткаў.

У апошні дзень працы ў канфіскаваным офісе супрацоўнікі Праваабарончага цэнтру «Вясна» запрашаюць журналістаў, калегаў-праваабаронцаў і сяброў арганізацыі на брыфінг. Ён мае праходзіць з 9 да 10 гадзіны раніцы.

Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG