Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьнікі на «бульбе»: за і супраць


У адной са школаў райцэнтру Бялынічы, што на Магілёўшчыне, вучняў, якія адмаўляюцца ад сельскагаспадарчых прац, абавязваюць дадаткова дзяжурыць у клясе.

Пра гэта заяўляе бацька аднаго з вучняў. Ён сьцьвярджае, што сына такім чынам караюць за непаслушэнства. Адміністрацыя школы прызнае, што на сельскагаспадарчыя працы вучняў выпраўлялі, але адмаўляе факты прымусовага дзяжурства.

Як сьцьвярджае бацька вучня восьмай клясы першай бялыніцкай школы, пра адпрацоўку «бульбы» дзяжурствам ён даведаўся выпадкова. Сына трэба было весьці да лекара, зазначае мужчына, які папрасіў не называць свайго імя, каб пазьбегнуць помсты з боку школьнай адміністрацыі. Хлопец і сказаў, што ня можа.

«Ён сказаў, што дзяжурыць у клясе. Што яму далі 35 дзён папраўчых прац, што ня езьдзіў на сельскагаспадарчыя працы. І ня толькі аднаму яму. Мы наагул супраць таго, каб ён езьдзіў на гэтыя сельскагаспадарчыя працы».

Карэспандэнт: «А пасьля таго, як вы даведаліся, што сын адпрацоўвае „бульбу“ дзяжурствамі, якою была ваша рэакцыя?»

Бацька вучня: «Я забараніў яму. Загадаў, каб не было ніякіх адпрацовак. Ён падышоў да кляснага кіраўніка і адмовіўся. Гэта ж ня войска, каб нарад па-за чаргой выдаваць».

Карэспандэнт: «Чаму дзяцей, якія адмаўляюцца ехаць на „бульбу“, караюць такім чынам? Як думаеце?»

Бацька вучня: «Паказаць астатнім, што гэта кепска. Трэба безь пярэчаньняў падпарадкоўвацца. 98 працэнтаў школьнікаў безь пярэчаньняў выяжджаюць на бясплатныя сельгаспрацы. У савецкі час хоць плацілі. Дармовая працоўная сіла, тым больш не дарослая, а дзіцячая».

У самой школе зьдзівіліся пытаньню пра пакараньні вучняў дзяжурствамі. Падобныя заявы супрацоўніца адміністрацыі назвала беспадстаўнымі.

«Сёлета некаторыя клясы працавалі па тры дні, некаторыя па чатыры дні. І каб пакараньне нейкае несьлі дзеці, што не паехалі на працы, — такога зусім няма. Найперш, гэта ўсё робіцца па ўзгадненьні з бацькамі. Ёсьць жа ў некаторых супрацьпаказаньні. Яны хварэюць. Некаторыя бацькі рашаюць, што ня трэба адпраўляць туды дзяцей», — заявіла супрацоўніца адміністрацыі школы.

Практыку пакараньня вучняў за адмову ехаць на бульбу адмаўляюць і ў аддзеле адукацыі райвыканкаму. А што з аплатай такой працы, пытаюся ў супрацоўніка аддзелу:

За кошт гэтага можна было выдзеліць больш мяса ці малака

«Грошы сапраўды не плаціліся. Але была заключаная дамова паміж установай адукацыі і тымі гаспадаркамі, дзе працавалі дзеці. Згодна зь ёю, школы забясьпечваліся сельскагаспадарчай прадукцыяй, каб харчаваньне было таньнейшае. За кошт гэтага можна было выдзеліць больш мяса ці малака. То бок гэтыя грошы ішлі на харчаваньне гэтых дзяцей».

Бальшыня бацькоў, зь якімі ўдалося пагутарыць у Магілёве на тэму працы іх дзяцей на палях сельгаспрадпрыемстваў, ня бачаць вялікай бяды ў такім занятку. Аргумэнтуюць тым, што самі ў свой час прайшлі праз гэта. Ёсьць і такія, якія выказваюць сумневы наконт мэтазгоднасьці прыцягненьня дзяцей да працы ў калгасе. Лепш, кажуць, няхай вучацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG