Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усім вядома, што жанчынам нельга выпіваць падчас цяжарнасьці, калі яны ня хочуць панізіць разумовыя здольнасьці свайго будучага дзіцяці.

А як маюцца справы зь «лёгкай выпіўкай», то бок са спажываньнем цяжарнай жанчынай аднаго альбо двух келіхаў віна або аднае або двух бутэлек піва на тыдзень?

Дасьледнікі з Оксфардзкага ўнівэрсытэту ў Англіі прыйшлі да высновы, што нават гэткія дробныя колькасьці алькаголю, спажываныя цяжарнай жанчынай, адбіваюцца адмоўна на каэфіцыенце інтэлекту (IQ) яе дзіцяці.

Разгледзеўшы «алькагольныя навыкі» больш за 4 тысяч цяжарных жанчын у 1991-1992 гадах і правёўшы стандартныя тэсты на вызначэньне IQ іхных дзяцей у васьмігадовым узросьце, згаданыя дасьледнікі ўбачылі, што ў сярэднім каэфіцыент інтэлекту дзяцей строга непітушчых мамаў атрымаўся на тры з паловай пункты вышэйшы, чым дзяцей, чые мамы падчас цяжарнасьці час ад часу ласаваліся келіхам віна або бутэлькай піва.

«Цяпер мы ведаем, што нават памяркоўныя колькасьці алькаголю паніжаюць каэфіцыент інтэлекту. Калі ў вас ёсьць выбар, дык навошта вам рызыкаваць гэткім паніжэньнем?» — кажа Рон Грэй, які кіраваў групай згаданых дасьледнікаў з Оксфардзкага ўнівэрсытэту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG