Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладэчне каля школаў тэрмінова ўсталёўваюць шлягбаўмы і агароджы.

Школы робяць гэта за свой кошт. У школах увялі дзяжурствы: вучні старэйшых клясаў і настаўнікі працуюць «стоп-мэнамі», паведамляе kraj.by.

Дырэктар СШ № 9 Галіна Капуцкая паведаміла «Свабодзе», што «стоп-мэны», апранутыя ў сьвятлоадбівальныя накідкі, будуць стаяць каля школаў перад заняткамі і ў час, калі большасьць вучняў сыходзіць дадому.

Кіраўнік ДАІ Маладзечанскага раёну Яўген Урбановіч патлумачыў, што гэта зьвязана з ДТЗ, якое здарылася 13 лістапада ў Менску.

«Агароджы і шлягбаўмы і раней павінны былі стаяць каля школаў, але пакуль ня здарыўся няшчасны выпадак у Менску, увага на гэтым не засяроджвалася», — сказаў Урбановіч.

Мясцовая грамадзкая актывістка Вольга Лагвіновіч кожны дзень водзіць сына ў СШ № 9. Яна лічыць, што гэтых захадаў недастаткова:

«Выглядае, што з-за трагедыі па школах пайшла разнарадка, і цяпер школы паставяць шлягбаўмы. Насамрэч каля кожнай школы сытуацыя розная. Каля нашай — больш патрэбны „ляжачы паліцэйскі“. Іх шмат парабілі ў горадзе, але каля дзявятай школы — ніводнага. Таксама з-за кепска пакладзенага асфальту ў месцы пераходу ўтварылася вялізная калюжына, дзеці абмінаюць тое месца, што не спрыяе бясьпецы дарожнага руху. „Стоп-мэны“ — гэта добра, адно што яны ж ня будуць стаяць каля дарогі ўвесь дзень, а дзеці на перапынках пастаянна бегаюць у шапікі і крамы цераз дарогу».

13 лістапада каля 23-й школы ў Менску пад калёсамі аўтамабілю загінуў трэцяклясьнік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG