Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узнагароду ўручылі Натальлі Пінчук, жонцы зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Раней Алесь Бяляцкі адмовіўся ад грашовай складніку прэміі — 10 000 еўра. Ён папрасіў накіраваць гэтыя грошы на падтрымку праваабарончай дзейнасьці ў Беларусі.

Цырымонія адбылася ў Бэрліне, паведамляе «Радыё Рацыя».


Фундацыя імя Генрыха Бёля ўзнагародзіла віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, праваабаронцу, палітвязьня Алеся Бяляцкага прэміяй Пэтры Кэлі ў ліпені.

Прэмія Пэтры Кэлі прысуджаецца з 1998 году асобам ці групам асобаў за актыўны ўдзел у барацьбе за захаваньне правоў чалавека, негвалтоўнае вырашэньне канфліктаў і абарону навакольнага асяродзьдзя. Прэмія была заснаваная ў памяць вядомай палітычнай дзяячкі Пэтры Кэлі (1947–1992), якая брала ўдзел у стварэньні Партыі зялёных у Нямеччыне.


Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
XS
SM
MD
LG