Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бухель даказвае, што «міліцыянты падрабілі пратаколы»


Барыс Бухель
Барыс Бухель

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель патрабуе ад Управы ўнутраных спраў аблвыканкаму абвяржэньня, як ён лічыць, непраўдзівых зьвестак пра сваю дзейнасьць.

На сайце Ўправы зьмясьцілі публікацыю, у якой яго абвінавацілі ў тым, што «ён выкарыстоўвае ў якасьці аргумэнтаў неправераныя, скажоныя і шчыра ілжывыя факты».

Праваабаронца зазначае, што публікацыяй «Каждый, право, имеет право...», или какое право защищает правозащитник Борис Бухель?" зьняважаныя ягоныя гонар, годнасьць і дзелавая рэпутацыя.

Паводле Барыса Бухеля, публікацыя на сайце УУС зьявілася як адказ на артыкул з сайту праваабарончага цэнтру «Вясна». Нагодай для апошняга стаў канфлікт паміж суседзямі ў вёсцы Дабужа Быхаўскага раёну, у якой быў замешаны мясцовы ўчастковы. Цягам году, кажа праваабаронца, ён дапамагаў тамтэйшаму вяскоўцу Аляксандру Шачанку адстойваць яго інтарэсы ў спрэчцы з суседкай і міліцыянтам, які спрыяў той:

«У ходзе разьбіральніцтва высьветлілася, што міліцыянт сфальшаваў пратаколы адміністрацыйнага правапарушэньня і паводле іх распачаў адміністрацыйную справу супраць Шачанка. Участковы падрабіў подпіс абвінавачанага і ягонай жонкі. Выкрылася гэта на судзе. Пасьля суду Шачанок зьвярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў, якое праверыла факты ў скарзе і пасьля звольніла міліцыянта. У публікацыі ж заяўлялася, што я разьвешваю ярлыкі на ўсю міліцыю і вінавачу ў парушэньнях ні ў чым не вінаватага міліцыянта. А на справе выявілася, што я нічога не скажаў. Праўдзівасьць маіх слоў пацьвердзіла праверка Міністэрства ўнутраных спраў».

Барыс Бухель патрабуе, каб у абвяржэньні на сайце Ўправы ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму было прызнана, што ў публікацыі «У Быхаўскім раёне міліцыянты падрабілі пратаколы» з сайту праваабарончага цэнтру «Вясна» інфармацыя была сапраўднай.

Барыс Бухель не выключае, што зьвернецца ў суд, калі ня будуць задаволеныя ягоныя прэтэнзіі да абласной міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG