Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША сёньня Дажынкі


Дзень дзякаваньня ў Нью-Ёрку

Дзень дзякаваньня ў Нью-Ёрку

Сёньня ў Злучаных Штатах Дзень дзякаваньня (Thanksgiving Day) — афіцыйнае нацыянальнае сьвята.

Традыцыя сьвяткаваньня Дня дзякаваньня ўзыходзіць да 1621 году, калі першыя эўрапейскія перасяленцы на паўночнаамэрыканскім кантынэнце адзначылі заканчэньне першага збору ўраджаю, сабранага пасьля марознай і выпрабавальнай зімы.

Паводле легенды, зьвязанай з гэтым сьвятам, амэрыканскія індзейцы навучылі эўрапейцаў паляваць на дзікую птушку, і тыя дзякуючы гэтаму перажылі першы год на новым кантынэнце. У наступным годзе эўрапейскія перасяленцы адзначылі сваё выратаваньне сумесным з індзейцамі ўрачыстым банкетам, на якім галоўнай стравай былі печаныя дзікія індыкі.

Мільёны амэрыканцаў сёньня сьпяшаюцца ў аэрапорты або на вакзалы, каб пасьпець узьяднацца зь сям’ёй за сьвяточным сталом, дзе галоўнай стравай зьяўляецца індычка, да якой прапануюцца разнастайныя гарніры і пірагі.

Хоць Дзень дзякаваньня зьяўляецца выключна амэрыканскім сьвятам, якое адзначаецца толькі грамадзянамі ЗША (у апошні чацьвер лістапада) і Канады (другі панядзелак у кастрычніку), то падобныя сьвяты, у якіх людзі выказваюць удзячнасьць за дары ў гэтым жыцьці, распаўсюджаны ва ўсім сьвеце. Дзень дзякаваньня, як падкрэсьліваюць самі амэрыканцы, гэта іх уласная вэрсія старажытных дажынак, у якіх людзі ў іншых месцах сьвету цягам стагодзьдзяў дзякавалі і дзякуюць за плён, сабраны з палёў.
XS
SM
MD
LG