Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Каліноўскага будуць судзіць яшчэ і Кіркевіча


Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч

У Алеся Кіркевіча сёньня ўзялі тлумачэньні пра ўдзел у акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага. Тлумачэньні бралі таму, што ў Горадню са Сьвіслачы прыйшоў рапарт, паводле якога Кіркевіч 27 кастрычніка браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Тлумачэньні ў Кіркевіча браў капітан Павал Лапато, намесьнік начальніка Ленінскага РАУС Горадні. Паводле Кіркевіча, ён адмовіўся адказваць на канкрэтныя пытаньні, але патлумачыў, што 27 кастрычніка браў удзел ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году.

Нагадаю, што 27 кастрычніка ў Сьвіслачы людзі з розных гарадоў Беларусі традыцыйна адзначалі памяць паўстанцаў Каліноўскага. Дэмакратычныя актывісты ўсклалі кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведалі радзіму Каліноўскіх — сядзібу Якушоўка.

У той дзень міліцыянты затрымалі ў Сьвіслачы 4-х маладых людзей, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі, а пазьней усіх асудзілі: Станіслава Гусакова зь Віцебску і Алесь Крот зь Менску, Вітольд Ашурка зь Бярозаўкі атрымалі па 3 сутак арышту, гарадзенец Віталь Лопасаў — штраф у памеры 3 мільёнаў рублёў.

Днямі позвы ў суд атрымалі дэмакратычныя актывісты са Сьвіслачы Анатоль Валюк — суд адбудзецца 26 лістапада, Юры Глебік і Віктар Дзясяцік — іх будуць судзіць 27 лістапада. Перад гэтым міліцыянты прыходзілі да іх таксама браць тлумачэньні. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Алесь Кіркевіч мяркуе, што ў хуткім часе яму таксама могуць даслаць позву са Сьвіслацкага суду, гэтаксама як і Валюку, Глебіку і Дзясяціку.
XS
SM
MD
LG