Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вытворчасьць так званага «чарніла» — пладова-ягадных ардынарных вінаў —будзе спыненая ад 1 студзеня 2013 году.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч. Пытаньне адмыслова разглядалася на паседжаньні Савету міністраў, і ўрадоўцы прышлі да згоды: на рынку застанецца толькі прадукцыя палепшанай якасьці і марачныя віны. Тым часам вытворцы «чарніла» наракаюць, што іх прадукцыю забараняюць з надуманых прычынаў.

Лякальны экспэрымэнт з забаронай продажу цягам двух месяцаў у розьнічнай сетцы мацаваных пладова-ягадных вінаў Менгарвыканкам меўся распачаць 1 сьнежня. Ініцыятыву спыніў асабіста Аляксандар Лукашэнка, заявіўшы, што забаронамі плёну ў барацьбе з алькагалізмам не даб’есься. Пасьля гэтага ўрад агучыў новы плян — прадпрыемствам трэба перапрафілявацца на вытворчасьць пладова-ягадных вінаў палепшанай якасьці. Адзін з сталых наведнікаў вінна-гарэлачнага аддзелу ўнівэрсаму ў спальным раёне сталіцы перакананы: забаронай «чарніла» ўлады падпісваюць прысуд тысячам такіх, як ён сам:

«Справа ў тым, што чарніла проста дзешавейшае. І калі яго забароняць ці перастануць выпускаць, то многія людзі папросту могуць памерці ад сардэчных прыступаў ці яшчэ ад якіх удараў лёсу. Гэта я зараз кажу выключна ў сэнсе здароўя. Бо, як ні круці, ні ў чым і ні з чым рэзка завязваць нельга. Дый сэнсу няма. Атрымліваецца так: калі ты раніцай прачынаесься і табе пасьля ўчорашняга дрэннавата, проста хранова сябе адчуваеш, то ратуе „чарніла“. „Чарніла“ ж — яно ж таннае. Такім бедалагам, як мы, яго толькі і можна купіць. А як забароняць — зноў пачнуць гнаць бражку. Людзі ўсё роўна нешта прыдумаюць. Мы ж славяне, мы ж няўрымсьлівыя людзі».

Спыненьне вытворчасьці мацаваных ардынарных вінаў, згодна з пазыцыяй ураду, скіраванае на зьніжэньне іх спажываньня на тэрыторыі Беларусі. Падыходзілі паэтапна: за 2011 год стаўкі акцызу на пладовыя віны розных гатункаў павялічаныя ў сярэднім у 6 разоў у параўнаньні з годам папярэднім, ад пачатку 2012-га акцызны падатак узьняўся яшчэ на чвэрць. Між тым вытворцы такой прадукцыі лічаць уладны наступ неабгрунтаваным. Начальнік аддзелу збыту Слонімскага вінаробнага заводу Васіль Кавалёў запэўнівае: іхні асартымэнт нічым ня горшы за малдаўскія аналягі, а калі з чым і трэба змагацца, то найперш з гарэлкай:

«Ардынарныя віны — гэта віны, якія вырабляюцца са зброджанага соку да 3%. То бок гэта малая доля натуральнага наброду. Калі гаворка пра палепшаныя
Садовыя віны па якасьці нічым ня горшыя, чым мацаваныя віны, партвэйны малдаўскія „Зэмфіра“, „Ізабэла“, „Лідзія“

якасьці і спэцтэхналёгіі — там ужо ідуць натуральныя сокі. Але, разумееце, сытуацыя ў тым, што нашы садавінныя віны, якія выпускаем і мы таксама, празь іх папулярызацыю ў насельніцтва загналі ў такую яму, што горш не прыдумаеш. Хоць на самой справе яны па якасьці нічым ня горшыя, чым мацаваныя віны, партвэйны малдаўскія „Зэмфіра“, „Ізабэла“, „Лідзія“. У гэтых гатунках натуральны наброд можа быць у лепшым выпадку 1,5%, а ўсё астатняе дамацоўваецца сьпіртам. У нас тая ж тэхналёгія, толькі натуральны наброд ідзе да 8%. Так, танны кошт, так, спажывец бедны, так, на гэта ўсё сьпіхнулі. Хоць, зь іншага боку, калі глядзець па гарэлцы, то яе спажываньне пастаянна расьце. Дык, можа, найперш там трэба шукаць прычыну, а ня тут».

Паводле суразмоўцы, дзяржаўная прапаганда наконт «чарнільнай» залежнасьці аднабаковая і ня ўлічвае той акалічнасьці, што наступствы спажываньня гарэлкі ў маштабах краіны нашмат больш сур’ёзныя:

«Няправільная сама прапаганда. З-за таго, што прадукт танны і яго можа дазволіць сабе спажывец зь нізкім бюджэтам, усё бокам і выходзіць. То бок зрабілі крайнімі спажыўцоў і вытворцаў. Але ня толькі ў віне праблема. Я перакананы, што ад гарэлкі шкоды нашмат больш, чым ад віна. Бо той спажывец, якому гэта трэба, ён возьме бутэльку гарэлкі і ў любым выпадку яе вып’е. Ці ён вып’е бутэльку віна. Але ад бутэлькі віна ў яго будзе адна залежнасьць, а ад гарэлкі яна будзе нашмат больш сур’ёзная. Мэдыкі нават даказалі, што залежнасьць алькагольная ад гарэлкі нашмат большая, чым ад віна. Да таго ж і градус большы, і рызыка атручэньня. І плюс да ўсяго яшчэ падаражэньне, бо гарэлка нашмат даражэйшая. Таму я ня думаю, што, увёўшы забароны ці ўвёўшы нейкія абмежаваньні, мы адвучым людзей піць. Забарона на адзін від прадукцыі стымулюе рост продажу іншай прадукцыі».

Беларусь разам з краінамі Балтыі, Расеяй і Малдовай уваходзіць у так званы «гарэлкавы пояс», дзе спажываньне саракаградуснай у агульным аб’ёме алькагольнай прадукцыі складае прыблізна палову. Да 40% прыпадае на віны, уключна з пладова-ягаднымі, а таксама піва. А на долю вінаградных вінаў застаецца меней за 5%.

Нягледзячы на высілкі дзяржавы, ані за савецкім часам, ані пазьней перамагчы высокі ўзровень алькагалізацыі не ўдалося. Не палохаюць ні забарона спажываньня ў грамадзкіх месцах, ні буйныя штрафы, ні няспынны рост коштаў. Статыстыка сьведчыць, што алькагалізм ня толькі жывучы, але ўвесь час «маладзее». Зьміцер Дайнэка, адзін з кіраўнікоў прадпрыемства «БелПі», якое спэцыялізуецца на вырабе напояў пад маркай «Крамбамбуля», лічыць, што трэба пачынаць якраз з узроставага цэнзу:

«Перадусім трэба павялічыць узрост, зь якога можна ўжываць напоі. На дадзены момант ён 18 гадоў. Дарэчы, калі толькі пачыналіся рэформы, тады, пры савецкай уладзе, гэты ўзрост быў 21 год. Невыпадкова пастаянна мы чытаем у прэсе, што
неабходна падвысіць узрост, зь якога можна набываць алькаголь, да 21 году

Міністэрства аховы здароўя выступае з такой прапановай, і, як на нашу думку, дык гэта сапраўды неабходна зрабіць — падвысіць узрост да 21 году, як зроблена ў тых жа Злучаных Штатах, у іншых краінах. Гэта ўсё мае пад сабой глебу, бо чалавеку, які толькі выйшаў са школы, трэба яшчэ трошкі пабыць у нейкім сталым, у дарослым жыцьці, і толькі потым брацца за чарку, скажам так. Таму, безумоўна, пэўныя мерапрыемствы трэба праводзіць: падвысіць узрост, нельга спажываць у грамадзкіх месцах і г.д. Нават у той жа Польшчы, калі набываеш у краме гарэлку, пляшку абавязкова закруцяць у паперу. Проста так нельга зь ёй хадзіць, насіць яе, дэманстраваць. Так што гэта існуе ва ўсім сьвеце, і гэта патрэбна».

Згодна з нормамі Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, крытычны ўзровень спажываньня алькаголю складае 8 літраў на жыхара той ці іншай краіны ў год. Больш высокі паказьнік вядзе да паступовай дэградацыі насельніцтва. У Беларусі гэтыя лічбы перавышаюць 13 літраў на чалавека штогод. Але ёсьць і іншыя рэкардсмэны: украінцы выпіваюць больш за 15 літраў, расейцы — амаль 16 літраў, малдаване — звыш 18 літраў. Сярэдні ж узровень выпітага алькаголю ў сьвеце — 6 літраў на чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG