Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусам могуць забараніць аплату дарагіх тавараў гатоўкай


Нацбанк прапануе заканадаўча ўвесьці безнаяўную аплату пакупак і паслугаў коштам большым за 100 базавых велічынь. Гэта азначае, што ўсё, што каштуе прыкладна 1000 і больш эўра ў эквіваленце, павінна быць аплачана банкаўскай карткай.

Пра паведаміў на IX Міжнародным форуме па банкаўскіх інфармацыйных тэхналёгіях «Банк ІТ’12» намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Дубкоў.

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа, што ва ўсім цывілізаваным сьвеце ўсе разьлікі ў асноўным вядуцца безнаяўным спосабам. Гэта прасьцей, зручней, выгадней — разьлічвацца чэкамі альбо банкаўскай карткай. А ў Беларусі — адміністрацыйна-камандная эканоміка, і ўлады хочуць з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу падштурхнуць насельніцтва да такіх цывілізаваных разьлікаў. Да таго ж, кажа прафэсар Багданкевіч...

«Адначасова, канечне, і ўмацуюць кантроль з боку дзяржавы. Калі ў сьвеце не назіраюць за кожным грамадзянінам праз лупу, то ў нас гэта можа быць выкарыстана і ў ідэалягічных, і ў палітычных мэтах, таму што ўлада такая. Але гэта ўжо наступства дзеяньняў нашай улады. Але ў прынцыпе разьлікі з дапамогай безнаяўных інструмэнтаў прагрэсыўныя».


Эканаміст Леанід Злотнікаў даў гэтай прапанове наступнае тлумачэньне:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Відавочна, што гэта прапаноўваецца, каб прадухіліць ценявую эканоміку, бо ёсьць ценявы абарот у гандлі. Каб дзяржаве было бачна, колькі і якія грошы ёсьць у насельніцтва, яны павінны быць на рахунках, усё павінна быць празрыста. Дзяржава хоча, каб наяўныя грошы прыйшлі ў банкі, а не ляжалі ў кішэнях насельніцтва. То бок першая прычына — каб ценявыя зьдзелкі прадухіліць.

А па-другое — каб грошы насельніцтва былі пад кантролем банкаў. Тады Нацыянальны банк зможа гэтыя грошы кантраляваць і рэгуляваць іх прыход у абарачэньне. То бок зьявіцца падстава для кантролю і рэгуляваньня грашовых патокаў з боку Нацыянальнага банку. Гэтага, відаць, Нацбанк і дамагаецца — скараціць колькасьць наяўных грошай у абарачэньні. А тут народ іх хавае...»

На 1 лістапада 2012 году доля безнаяўнага грашовага абароту ў розьнічным тавараабароце дасягнула 12,8%. Доля безнаяўнага грашовага абароту ў аб’ёме платных паслуг насельніцтву за 2011 год склала 10,8%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG