Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазваніць прэзыдэнту зможа любы


Чэская асацыяцыя Ztohoven абнародавала нумары мабільных тэлефонаў дэпутатаў парлямэнту і прэзыдэнта краіны. Юрысты лічаць, што гэта не падпадае пад артыкул «умяшаньне ў прыватнае жыцьцё».

Мабільныя нумары дэпутатаў і прэзыдэнта прасачыліся ў грамадзтва: поўны іх сьпіс вывешаны на выставе групы Ztohoven у Празе (назву арганізацыі можна перакласьці як «навонкі»). Фота з выставы ўжо цыркулюе ў інтэрнэце.

«Дзейнасьць асацыяцыі Ztohoven пастаянна на мяжы — яе акцыі заўсёды правакатыўныя. Вядома, гэта ўвараваньне ў прыватнае жыцьцё, — прызнае Олдржых Кужылек з арганізацыі „Адкрытае грамадзтва“, сам былы дэпутат. — Але зразумела, што калі б справа патрапіла ў суд, асацыяцыя сьцьвярджала б, што дэпутаты зьяўляюцца настолькі высокапастаўленымі чыноўнікамі, што павінны цярпець умяшаньне ў прыватнае жыцьцё. А таксама указалі б, што дэпутаты мала адкрытыя грамадзкасьці, і абнародваньне сьпісу — проста мастацкая рэакцыя на гэты факт».

Таму, лічыць Олдржых Кужылек, цяжка прагназаваць, якое рашэньне мог бы прыняць суд, калі б некаму прыйшло ў галаву туды зьвярнуцца.

Што да тэлефоннага нумара прэзыдэнта краіны Вацлава Клаўса, то ягонае абнародаваньне не выклікае ў былога дэпутата засьцярогаў. «У прэзыдэнта межы прыватнага жыцьця адступаюць яшчэ далей, — кажа ён. — Гэта ніякая не дзяржаўная таямніца, і цяжка знайсьці довады, чаму ён ня мог бы быць апублікаваным, так што тут закон не парушаны.»

Чэскае заканадаўства не адносіць нумары тэлефонаў міністраў, дэпутатаў і прэыздэнта краіны да шэрагу сакрэтаў, якія павінны ахоўвацца законам. Лічыцца само сабой зразумелым, што для вырашэньня крызісных ці надзвычайных сытуацый вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі павінны мець асобныя ад прыватных нумары, ну, а калі яны не паклапаціліся пра гэта і ўжываюць адзін нумар на ўсе выпадкі жыцьця — гэта іхная праблема.

Асацыяцыя Ztohoven лічыць, што пры сёньняшнім узроўні тэхналёгіі доступ да чыноўнікаў павінен быць гранічна аблегчаны. Сваю акцыю яны ацэньваюць як сродак маральнай выховы ня толькі чыноўнікаў, але і грамадзтва, якому даюцца сыгналы аб неабходнасьці камунікацыі са сваімі абраньнікамі і дэманструецца, што гэты кантакт лёгка дасягальны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG