Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС патлумачыла, чаму выступіла супраць рэзалюцыі ААН


20 лістапада беларуская дэлегацыя на 67-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН заявіла, што не падтрымлівае рэзалюцыю па дакладзе Рады правоў чалавека ААН.

«Дарадца Сталага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН Ларыса Бельская падкрэсьліла, што такое рашэньне прынята беларускім бокам у сілу прычын прынцыповага характару, у тым ліку зьвязаных з прыняцьцем Радай у ліпені 2012 году рэзалюцыі, якая заснавала палітычна матываваны мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі», — піша прэс-служба МЗС Беларусі.

«Гэтыя рашэньні, навязаныя Радзе групай дзяржаў Эўразьвязу, наўмысна скажаюць сытуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне і накіраваныя на ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі», — заяўляе беларускае замежнапалітычнае ведамства.

«Беларусь будзе разьвіваць супрацоўніцтва з тымі дзяржавамі, якія імкнуцца вярнуць Раду правоў чалавека на шлях разьвіцьця як галоўнага праваабарончага органа ААН, органа бесстароньняга і вартага даверу», — сказана ў паведамленьні МЗС Беларусі.

Андрэй Фёдараў: «Адносіны з Радай правоў чалавека ААН даўно сапсаваліся»

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў так пракамэнтаваў рэакцыю афіцыйнага беларускага боку:

«Тут нічога новага няма, бо адносіны з Радай правоў чалавека ААН ускладніліся, мякка кажучы. Быў прызначаны спэцыяльны дакладчык па правах чалавека ў Беларусі, і беларускі бок ужо заявіў, што ня дасьць яму дазволу наведаць краіну, каб сабраць інфармацыю і вывучыць сытуацыю на месцы. Карацей, з гэтай структурай адносіны сапсаваліся. Таму няма нічога дзіўнага, што яе справаздача, у якой згадваецца Беларусь, была так нэгатыўна ўспрынятая беларускай дэлегацыяй. Гэта ўвогуле ляжыць у рэчышчы ўсёй рэакцыі беларускага боку на крытычныя заўвагі адносна становішча з дэмакратыяй і правамі чалавека ў краіне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG