Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланцуг падзеяў у часе гэтага падарожжа выбудаваўся такім чынам, што й наўмысна было б не прыдумаць. Адначасова з маёй вандроўкай на Лідчыну ў прэзыдэнцкай «Звяздзе» было надрукавана інтэрвію віцэ-прэм’ера ўраду Міхаіла Русага з красамоўнай, ці, як выказаліся ўжо наведнікі сайтаў, «зубаскрышальнай» назвай — «У сялян ёсьць машыны, трактары і магчымасьць адпачынку на моры».

Я ж днямі наведаў вёскі, жыхары якіх самім жыцьцём, якое называюць «выжываньнем», адказалі спадару Русаму завочна. Але пачнём з цытаты апошняга:

«Што такое беларускі селянін сёньня?.. Як правіла, жыве ён у прасторным доме з газавым ацяпленьнем ды цэнтральным водаправодам, мае легкавы аўтамабіль замежнай вытворчасьці 7–10 год эксплюатацыі, трактар і грузавую тэхніку на ўласным двары», — цьвердзіць чыноўнік. А мы спраўдзім. Акурат я апынуўся ў вёсках Янцавічы і Яўсеевічы на Лідчыне.


...Грунтоўка, што ідзе ўбок ад шашы М-17 Менск — Горадня, прывяла мяне да вёскі Янцавічы. На ўскраіне сустрэў кабету сярэдняга веку, якая моцна трымала кабылу за лейцы. Апошняя пацягнулася «пакаштаваць» мой магнітафон.



Карэспандэнт: «Ой, магнітафон хоча зьесьці!»

Люся: «Во, кабыла ўцякла — ланцуг парваўшы, бегала! (Сьмяецца.) Фэрма даўно не працуе — трое коней было, жарабё, сьвіньні, бараны і трусы, і авечкі — фэрмэр трымаў. А раней каровы з саўгаса Леніна былі. Потым з Крупава і з птушкафабрыкай аб’ядналі, і тут нікога няма. А я з бацькамі...»

Карэспандэнт: «Ну і як Янцавічы жывуць?»

Люся: «Хто тут жыве, старыя пааставаўшыся. Аўталаўка ў чацьвер прыходзіць і ў панядзелак. Наш нумар хаты 38, а як раней, 60 кароў — за лета толькі разы два пасьвілі. А цяпер толькі ў нас і фэрмэр Рамейка дзьве мае — ужо здае гэтую фэрму, здароўя няма. А я Бубна Янака дачка — Бубен Люся. Яму 80 год — ідзі, кажа, бо я з палачкай не прывяду — давай, дарагая, пойдзем дамоў! А кабыле 22 — ня хоча, каб рэзалі на яго вачах, бо шкода. І карову не ўтрымаем — трэ прадаваць сёлета...»

Завітаў да 73-гадовай цёткі Гэлены Бірук. У яе радасьць — пагасьцяваць з гораду дабралася дачка Ірына. У жыцьці ж не да весялосьці.

Бірук: «Пэнсіі не хапае, хоць даяркай працавала. А колькі даюць, не скажу — яшчэ адбераце (сьмяецца). А соткі дадуць — за іх трэба болей плаціць, чым накапаем бульбы. А няма нікога — хіба прыватнік задорага пагарэ. Конь адзін — хіба ўсіх абслугуе? Садзіць хочам, але няма чым. Для кароваў няма палеткаў — не выдзяляюць. А я ўжо не хачу яе. Як перш, дадуць трактар, барознаў нарэжуць. А зьнікла ўсё за 11 год, як і калгас. Ай, цяпер не цікавімся нічым, акрамя пэнсіі. Цяпер дактароў няма, укол няма каму даць. Захварэў — палячыцца няма дзе. А „хуткая“ далёка — дзе наезьдзіць? А цёткі ходзяць з каламі, баяцца, каб хто не задушыў ноччу...»

Сядзіба 63-гадовага, каржакаватага спадара Рамейкі — за некалькі кілямэтраў ад вёскі, у аазісе сярод палеткаў. Карова, што пасьвілася непадалёк, зьдзіўлена паглядзела на рэдкага тут госьця. Сам Казімір Віктаравіч нарадзіўся ў гэтых мясьцінах, але 35 год прапрацаваў у шахтах у Расеі, у тым ліку і на здабычы золата. На пачатку веку пацягнула на радзіму, дзе 8 год таму, узяўшы 30 га ў арэнду ды набыўшы тэхніку і інвэнтар, стаў фэрмэрам. Я застаў яго ля камбайна, дзе ён корпаўся з гаечнымі ключамі. З хады мяне агаломшыў:



Рамэйка: «Хлопцы, вы, карэспандэнты, таксама павінны задаваць пытаньні ў адміністрацыю прэзыдэнта!»

Карэспандэнт: «Лічыце, што вы зараз пытаецеся! Што ў вас не атрымалася?»

Рамэйка: «Бульбу пасадзіў, а збыць няма дзе. Расейцаў няма, а раней езьдзілі-забіралі. Бульбы назьбіраў 200 тон — 10 фураў. Зараз піхаем і сьвіньням, і каровам, і быку...»

Карэспандэнт: «А дзяржава не прымае?»

Рамэйка: «Вы пайміце, столькі ўкладзена, а 600 рублёў за кіляграм! А два гады апошнія ўсё даражэе — дызпаліва, тэхніка, а бульба ўсё таньнейшая! Ведаю, што заключыць дамовы з такімі абласьцямі, як Архангельская, Мурманская — зьядуць разам з намі! А я ў тым годзе тон 100 бульбы накапаў і нічога не прадаў — сьвіньням...»

Карэспандэнт: «Мо на іх пераключыцца?»

Рамэйка: «Трэба наагул „адключацца“. Вазьміце малако. Прыяжджае малаказборшчык — пробы на аналіз не бярэ цягам 3 месяцаў, тлустасьць ставіць ад балды 2,7%. Што мне, біцца ісьці, каб каму даказаць, што болей?! На малочнакансэрвавы зьвяртаўся — „Ідзіце да зборшчыка!“ Кароў было 8, зараз 2. І ўжо было 2 апэрацыі — нага, сьпіна балелі, ня мог хадзіць. Адзін працую — 6 га бульбы сёлета пасеяў, 3 га ячменю, 3 га аўсу, 4 га пшаніцы. Машынна-трактарны парк — камбайн „Ніва“, трактар МТЗ-82 і прычэпы. Няўжо нельга дамовіцца, каб дзяржава купляла за рэальную цану?! І ў Расею не даюць вывезьці свабодна! Прэзыдэнту ў Гомельскай вобласьці той, хто бульбу ўбірае, кажа, што паўдаляра кіля. А зараз куды мы ідзем? Яму выгадна, каб чалавек патраціў паліва, запчасткі, тэхніку ўгробіў, а потым у зямлю закапаў? Так што я ў аўторак пішу заяву на здачу зямлі. А навошта?! Я і жонка на пэнсіі — яны ў зямлю ідуць, як і грошы за малако. Нам ня трэба пэнсію на 20 рублёў падымаць — на 500 на ўсё больш стане! А закупачная цана на малако больш за год не мяняецца — як і было, 2555. Я і прэзыдэнту, і парлямэнту магу сказаць — несправядліва з народам паступаюць! І навошта крычаць ва ўсе дзіркі — „вы вырошчвайце, вы сейце!“ Ды хто ў нас купляе? Ніхто! Хацеў на Менск бульбу вывозіць, сястры патэлефанаваў на Каменную Горку — паўтары тысячы, а попыту няма, сёлета ўраджай выдатны на ўсё — бульба, морква, буракі. Пачынаў фэрмэрства — клімат ня той: 6 кароў здавалі за дзень 100 літраў малака. Як пачалі рэзаць з нас — з тоны плацілі за 777 літраў! На каго мне працаваць, зь якім настроем?! Я ў вочы прэзыдэнту магу сказаць!»

Пакуль жа завочнае пытаньне віцэ-прэм’еру Русаму, які курыруе сельскую гаспадарку — ці трэба зьдзіўляцца, што колькасьць фэрмэраў у краіне за апошнія 20 год скарацілася ўдвая? Прабачце, яшчэ больш, бо да часу эфіру фэрмэр Рамейка сваю зямлю ўжо здаў дзяржаве назад. Аднак цяпер, паводле лёгікі Русага ў інтэрвію «Звяздзе», ён можа — цытую: «свабодна сплянаваць свой адпачынак і дазволіць сабе паехаць зь сям’ёй на мора, у курортныя месцы Беларусі альбо за мяжу...»

* * *

А яшчэ віцэ-прэм’ер Русы ахарактарызаваў сярэдняга сельскага працаўніка як «маладога, прыгожага, упэўненага ў сабе чалавека, рознабакова разьвітага і з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Дастаткова паглядзець на пераможцаў „Дажынак“, каб упэўніцца ў гэтым». Што ж, працягнем наша падарожжа.



...У Яўсеевічах, што за 8 кілямэтраў ад Янцавічаў, я быў 4 гады таму. Старэйшына, двойчы экс-дэпутат пасялковага савету, экс-дырэктар зачыненай мясцовай васьмігодкі, спадар Іван Ганевіч, тым ня менш, быў на ўздыме — раённая вэртыкаль згадзілася і надалей фінансаваць спартова-аздараўленчы летні лягер «Надзея».

Ганевіч: «У лягеры 40 чалавек 18 дзён. У нас новыя ложкі, тумбачкі, канапы, душавыя, гарачая вада падведзеная. Для вёскі восем працоўных месцаў. Пабудавана танцпляцоўка, сталовая...»

Дарэчы, спадар Іван, акурат паводле Русага, быў «высокаадукаваны» ды заўжды «ў курсе» падзеяў.

Ганевіч: «І „Звязду“ выпісваю, „Лідзкую газэту“, „Настаўніцкую“, слухаю Радыё Свабода...»

Цяпер на месцы я засьпеў толькі яго сына, 28-гадовага Сашу. Але ён тут бывае рэдка — бацькоўскую хату кінуў у абмен на працу дальнабойшчыка ў Калінінградзе.

Саша: «Мае аднагодкі ў горадзе ажаніліся. А якая тут пэрспэктыва? Працы няма. Дый у горадзе, каб знайсьці годны заробак, трэба сувязі — ідзем, дзе ёсьць магчымасьць зарабіць...»

З парога бараніць «гонар і годнасьць» вёскі кінулася маці і жонка спадара Ганевіча, настаўніца геаграфіі, спадарыня Людміла. Ці атрымалася?

Людміла: «А чаму мы не выжываем?! У асноўным пэнсіянэры з добрай пэнсіяй, бульбу садзяць. У нас быў летні лягер 9 год, але ён нерэнтабэльны, закрылі. Умяшчальнасьць маленькая — толькі на 40 чалавек. А хлеб, малако асобна вазіліся, каб санітарна-эпідэміялягічныя нормы не парушаць...»

Карэспандэнт: «Я раней да вас узімку прыяжджаў — у краме было мінус 23, а прадавачка казала, што краму зачыняць...»

Людміла: «У нас ёсьць апальшчык — хай паліць, не зачыняць! Усё ёсьць, а калі зачыняецца — назаўтра прыяжджае аўталаўка. Нармальна мы жывем, і не дурыце мазгоў!»

На выезьдзе зь Яўсеевічаў сустрэў дзьвюх пажылых сябровак, якія ішлі ў нядзелю на вясельле. Настрой у іх, аднак, аказаўся яўна не застольны.



Карэспандэнт: «Вы ў Яўсеевічах карэнныя жыхаркі?»

Спадарыні: «Амаль што! Працы ў нас няма. Раней фэрма была — каровы і на дарошчваньні ...Уаў, у мінулым годзе закрылі! У нас кіраўніцтва такое, я так лічу — у яе ўсе былі нягодныя і п’яніцы, а надойвалі ўзімку па 15 літраў...»

Карэспандэнт: «Ну, з-за адной загадчыцы 650 кароў не закрываюць...»

Спадарыні: «Адчынілі комплекс у Крупаве, а й там быў адкорм для 206 галоў быкоў — абсурд. Хочуць закрыць, а там столькі грошай укладзена!»

Карэспандэнт: «А колькі чалавек на вашай фэрме працавала?»

Спадарыні: «15 чалавек — уся вёска, таму і зьехалі ўсе! Пабудавалі „прэзыдэнцкія домікі“, тры сям’і жылі. І чатыры месяцы як усе даяркі зь іх зьехалі, бо да Крупава 15 км... А ў нас усе пабудовы разбурылі, а цюкі з саломай ляжаць мокрыя, і цяпер трэба іх цягаць і такімі вазіць падсьцілаць... Кінулі, бо не сваё — кіраўніцтва ў нас такое...»

Карэспандэнт: «А вас як завуць?»

Спадарыні: «Галіна Францаўна Якубоўская, загадчыца фэрмы... Валянціна Францаўна Якубчык, даярка. Усё жыцьцё прарабіла на фэрме, на 5 год трэба яшчэ працы шукаць... Аўтобус у нас ходзіць толькі ў чацьвер і нядзелю, каб зьезьдзіць у горад — а ў суботу прыяжджае, у нядзелю вяртаецца... І аўтобус нерэнтабэльны — што, гатэль здымаць, каб зранку даехаць? І вымерла вёска толькі таму, што начальства дрэннае — толькі!»

У той дзень я так і не дачакаўся старэйшыны, спадара Івана Ганевіча. Але ў маім архіве засталіся яго словы, якія б сталі, бадай, і сёньняшнім канцавым адказам чыноўніку Русаму.



Карэспандэнт: «Што б вы не дэпутацкай, а выканаўчай уладай зьмянілі, каб яна ў вас была?»

Ганевіч: «Заробак падвысіў, зямлю б даў. Але людзі адвучыліся працаваць. Фэрмэру ж тэхніка патрэбная, а яна вельмі дорага каштуе. Усё залежыць ад уладаў, мясцовых саветаў. У Яўсеевічах была свая майстэрня, можна было б пакінуць некалькі чалавек, тыя трактар маглі б адрамантаваць. А высеклі пад корань! Я б прапанаваў на ўвесь сельсавет закупіць трактар з прычэпам, каб людзі ў любы час маглі заказаць пагараць ці брыкет прывезьці за сымбалічную плату. І плуг, і барану, культыватары на пару дзён — а то паспрабуйце за гэтую пэнсію! І я б зямлі ўзяў. І Яўсеевічы не 10 год яшчэ б існавалі...»
XS
SM
MD
LG