Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто хоча купіць пракурорскую зямлю?


Дзяржава выставіла на продаж зямельны участак, канфіскаваны ў былога пракурора Менскай вобласьці, а цяпер проста зьняволенага Міхаіла Сьнегіра. Патэнцыйна стаць уладальнікам пракурорскай нерухомасьці можа любы жадаючы.

Вярхоўны суд Беларусі 7 траўня 2010 года прызнаў былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра вінаватым у зьдзяйсьненьні шэрагу карупцыйных злачынстваў і прысудзіў да 7 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасьці, а таксама з пазбаўленьнем права займаць пасады на дзяржаўнай службе на працягу пяці гадоў і пазбаўленьнем чыну дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-ай клясы.

Разам з Міхаілам Сьнегіром асуджаны быў былы дырэктар ААТ «Забудова» Мікалай Кудзелка, якога суд прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай установе узмоцненага рэжыму.

З 2011 года, пасьля таго як абарона вычарпала ўсе спосабы абскардзіць прысуд, пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір адбывае пакараньне ў калёніі ў Шклове, піша «Ежедневник».

І цяпер пачала рэалізоўвацца маёмасьць асуджанага пракурора. «Менскі гарадзки цэнтар нерухомасьці» выставіў на аўкцыён канфіскаваны ў Міхаіла Сьнегіра зямельны участак у садовым таварыстве «Зялёны бор». Участак разьмешчаны ў Менскім раёне прыблізна ў 2 кілямэтрах ад Калодзішчаў. Памер участка складае усяго 4 соткі. Які-небудзь будынак на ўчастку не зарэгістраваны, хоць «Зялёны бор» існуе з 1992 года.

Пачатковы кошт выстаўленага на аўкцыён зямельнага участка складае 15.480.000 рублёў.

Пазмагацца на аўкцыёне за былую пракурорскую нерухомасьць можа любы жадаючы, у тым ліку юрыдычныя асобы. Для гэтага трэба не пазьней за 30 лістапада 2012 падаць адпаведную заяву ў «Менскі гарадзкі цэнтар нерухомасьці» і аплаціць задатак памерам 1,5 мільёны рублёў.
XS
SM
MD
LG