Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч: «чарніла» ня будзе


Міхаіл Мясьніковіч

Міхаіл Мясьніковіч

Вытворчасьць і рэалізацыю пладова-ягадных ардынарных вінаў спыняць з 1 студзеня 2013 году.

Пра гэта 21 лістапада заявіў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч падчас адкрыцьця гандлёва-лягістычнага цэнтру прадпрыемства «Мінск-Крышталь» у Калядзічах, перадае БЕЛТА.

Паводле слоў Мясьніковіча, пытаньне аб забароне на продаж пладова-ягадных вінаў разглядалася напярэдадні на паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў:

«Мы прынялі рашэньне, што гэтых вінаў з 1 студзеня 2013 году ня будзе ў продажы і ў вытворчасьці».

Пры гэтым застануцца пладова-ягадныя віны палепшанай якасьці, а таксама віны марачнай клясы. Паводле прэм’ер-міністра, гэтыя віны практычна не саступаюць вінаградным, у якіх асноўнай сыравінай ёсьць імпартаваныя вінаматэрыялы:

«Таму гэтая вытворчасьць, яе якасьць будзе забясьпечвацца на належным узроўні. Мы лічым, што гэтых захадаў дастаткова, а што да ўвядзеньня адмысловых абмежаваньняў, то яны ў нас прапісаныя ў нарматыўна-прававых актах».

Кіраўнік ураду дадаў, што айчынным прадпрыемствам неабходна будзе перапрафілявацца на вытворчасьць пладова-ягадных вінаў палепшанай якасьці:

«Халтуры ня будзе. Разьлічваць на атрыманьне хуткіх грошай таксама ня варта. Працаваць трэба, вырабляць якасную прадукцыю».

Тым часам 21 лістапада Менгарвыканкам афіцыйна адмовіўся ад намеру забараніць у горадзе продаж мацаваных пладова-ягадных вінаў:

«У Менгарвыканкаме прынятае рашэньне, якое адмяняе правядзеньне лякальнага экспэрымэнту па забароне рэалізацыі вінаў пладовых мацаваных у аб’ектах розьнічнага гандлю гораду Менску з 1 сьнежня 2012 году да 1 лютага 2013 году».

Раней Менгарвыканкам прыняў рашэньне № 3399 ад 1 лістапада 2012 году, згодна зь якім меркавалася ўвесьці забарону на рэалізацыю ў розьнічнай сетцы Менску мацаваных пладовых вінаў.

Пазьней Аляксандар Лукашэнка выказаў меркаваньне, што забарона продажу мацаваных пладова-ягадных вінаў не прынясе жаданага выніку ў барацьбе з алькагалізмам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG