Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка: Экспэрымэнты міліцыі з гэтым чалавекам шакавалі нас


Жыхар Менску Васіль Сарочык зьвярнуўся ў пракуратуру з заявай пра жорсткае абыходжаньне ў аддзеле міліцыі Ленінскага раёну Менску. Ён сьцьвярджае, што яго зьвінавацілі ў крадзяжы і некалькі гадзін зьбівалі.

Васіль Сарочык працуе ахоўнікам адной зь менскіх аўтастаянак. Ён сьцьвярджае, што 14 лістапада з працы яго забралі супрацоўнікі міліцыі і адвезьлі ў райаддзел Ленінскага раёну. Што адбывалася далей, распавядае Васіль Сарочык:

«Мяне пратрымалі ў міліцыі прыкладна з 9.30 да 18.00. Зь дзяжурнай часткі мяне забрала жанчына і завяла ў 235 кабінэт. Яна адразу ж надзела мне кайданкі і пачала зьбіваць: увесь час мацюкі — і нагамі, і рукамі. І яна сказала: калі патрэбныя паказаньні, то супраць цябе ўсе вадзіцелі аўтастаянкі, бо ты ў машынах акумулятары крадзеш. Яна выходзіць, другі заходзіць — і тое самае — мяне гэтак білі гадзіны тры. Пасьля зрабілі „ластаўку“, і я гадзіны тры на падлозе ляжаў, таксама зьбівалі. А ўвечары гадзіне а шостай нехта патэлефанаваў, каб мяне адпусьцілі. Яна выпісала нейкія дакумэнты і сказала, што дзякуй, што папрасілі цябе адпусьціць, я б цябе забіла, ты б жывым адсюль ня выйшаў».

Дзяжурны райаддзелу паведаміў, што сапраўды Васіль Сарочык быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 14 лістапада, але, нібыта, заставаўся ў міліцыі з 8.00 да 9.00 раніцы. Згаданая спадаром Сарочыкам сьледчая выявілася супрацоўніцай крымінальнага вышуку Жаннай Багданоўскай. Але пракамэнтаваць закіды на свой адрас яна адмовілася:

Карэспандэнтка: «Я журналістка радыё....»

Багданоўская: «Ніякіх камэнтароў».

У кіраўніцтве аддзелу крымінальнага вышуку ад камэнтароў таксама адмаўляюцца, але не адмаўляюць магчымага факту. Вось што паведаміў «Свабодзе» намесьнік начальніка крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС Дзьмітрый Шыкунец:

«Я ніякіх камэнтароў даваць вам ня буду, і ніхто ня будзе даваць пакуль. Там прызначанае правядзеньне службовай праверкі. Калі будзе праведзеная службовая праверка, то тады будуць вядомыя нейкія вынікі».

Карэспандэнтка: «А праверка ўсё ж такі прызначаная?»

«Канечне. Да нас ужо прыехалі прадстаўнікі Ўправы ўласнай бясьпекі і будуць праводзіць праверку з гэтай нагоды».

Карэспандэнтка: «Як доўга яна будзе праводзіцца?»

«Службовая праверка будзе праводзіцца цягам месяца. Распачалася яна зь сёньняшняга дня».

Інфармацыйна-асьветная ўстанова «Плятформа», куды Васіль Сарочык зьвярнуўся па дапамогу, накіравала адпаведныя скаргі ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі і кіраўніцтву Ленінскага РУУС. Кіраўнік «Плятформы», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка гэтак пракамэнтаваў падзеі:

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

«Мяркуючы па тым, што ён распавядаў, і па выглядзе тых пабояў, якія былі ў яго, было бачна, што нешта ўсё ж адбылося. І тое, як ён паведамляў падрабязнасьці, — цяжка ўявіць, што чалавек гэта ўсё прыдумаў, ня ведаючы нюансаў. Зразумела, што нашы супрацоўнікі міліцыі гэткім чынам выбіваюць паказаньні, гэта ня першы выпадак, і для нас гэта ня дзіўна. Але тыя экспэрымэнты, якія яны ўчынялі адносна гэтага чалавека, шакавалі нават нас. Застаецца толькі спадзявацца, што пракуратура правядзе расьсьледаваньне і прыме пэўнае рашэньне».

Летась незалежныя СМІ паведамлялі пра сьмерць 36-гадовага менчука Аляксея Аксяневіча, якога знайшлі мёртвым пасьля затрыманьня і знаходжаньня ў РУУС Ленінскага раёну Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG