Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Саюзу палякаў: Гэта спроба абмежаваць працу Пачобута


Мечыслаў Яськевіч
Мечыслаў Яськевіч

Працягнутае расьсьледаваньне крымінальнай справы адносна журналіста польскага выданьня «Gazeta Wyborcza» Андрэя Пачобута, які абвінавачваецца ў паклёпе на кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта і пра сытуацыю зь непрызнаным уладамі Саюзам палякаў зь яго новаабраным старшынёй Мечыславам Яськевічам пагутарыў наш карэспандэнт.

Карэспандэнт: «Чаму ўлады не спыняюць гэтай справы?»

Яськевіч
: «Ужо трэці раз працягваюць гэтую справу. Я думаю, гэта зьвязана з тым, што Андрэй Пачобут — актыўны дзяяч Саюзу палякаў і актыўны грамадзянін Беларусі. Мае свае погляды на тыя справы, якія ідуць вакол Саюзу палякаў, і на жыцьцё ў Беларусі. Яму быў абмежаваны выезд. Але гэта было зьвязана з тым, каб абмежаваць яго ў грамадзкай дзейнасьці і дзейнасьці ў Саюзе палякаў».

Карэспандэнт: «Ці можна меркаваць, што справа Пачобута застаецца прадметам шантажу Польшчы з боку афіцыйнага Менску?»

Яськевіч:
«Калі глядзець на справы, як яны разьвіваюцца, і аналізаваць гэта, то можна так падумаць».

Спадар Яськевіч сказаў, што і ў той час, як Саюзам кіравалі Анжаліка Борыс і Анжаліка Арэхва, былі спробы зарэгістраваць Саюз палякаў, і гэтыя спробы працягнуцца. Хоць улады адказваюць, што існуе толькі адзін саюз — афіцыйны.

«За гэтыя 7 гадоў Саюз палякаў не распаўся. Улада думала, што мы распадземся і будзе толькі адзін. А Саюз палякаў — гэта людзі. Людзі зьбіраюцца, зьезд адбыўся. З усіх канцоў Беларусі прыехалі дэлегаты на зьезд, былі выбары. Хіба ўлада не зацікаўленая, каб легалізаваць арганізацыю, якая актыўна дзейнічае на тэрыторыі Беларусі? Нягледзячы на тое, што былі напачатку, у 2005–2008 гадах, рэпрэсіі адносна дзеячаў Саюзу палякаў? Ня ведаю, паглядзім, што далей будзе».

Спадар Яськевіч адзначае, што сёлета не было ціску і перашкодаў з боку ўладаў супраць дэлегатаў зьезду. Застаецца толькі справа Пачобута:

«Акурат адна справа, якая яшчэ вісіць і невядома, што далей будзе, — гэта справа Андрэя Пачобута. Калі быў суд у траўні мінулага году, мы зьбіраліся каля суду падтрымаць Андрэя. Я думаю, што гэта ня толькі наша справа, то бок дзеячоў Саюзу палякаў, якія стаялі ў падтрымку Андрэя Пачобута. Але і ўладаў Польшчы, і газэты. Удалося так зрабіць, што Андрэя не пасадзілі. Але справа яго ня скончылася, усё цягнецца. То гаворка ідзе пра тое, каб зрабіць немагчымай яго працу як журналіста, як дзеяча грамадзкага і Саюзу палякаў».

Карэспандэнт: «А як ідзе культурніцкая дзейнасьць вашага Саюзу, ці ёсьць нейкія перашкоды?»

Яськевіч: «Перашкоды — тыя, якія ўжо адбыліся. У нас забралі ўсе дамы Саюзу палякаў, якія мы мелі. Гэта і Шчучын, і Ліда, і Магілёў, і Івянец, і Гародня. Там нічога ня робіцца, гэтыя дамы пустыя. Дэлегаты зь Івянца, якія прыехалі на зьезд, сказалі, што Дом польскі, дзе калісьці было жыцьцё, прыходзілі дзеці навучацца польскай мове, былі фальклёрныя калектывы, якія сьпявалі, танцавалі, — зачынены. Туды перанесьлі калгасную сядзібу. Там зрабілі праўленьне калгасу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG