Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Брэжневу ня верылі і сьмяяліся, Лукашэнку гэтак жа ня вераць, але — баяцца...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 21 лістапада 2012 году

Звычайна пэнсіянэраў у Беларусі адносяць да самай сацыяльна неабароненай часткі насельніцтва. Падстаў для гэтага шмат: сярэднія пэнсіі значна адрозьніваюцца ад заробкаў, а іх падвышэньне далёка не заўсёды пасьпявае за інфляцыяй. Аднак нямала сярод пэнсіянэраў такіх, хто ня надта спадзяецца на дзяржаву, а больш разьлічвае на ўласныя сілы.

Сярод іх — наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, з новага ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Разважаючы пра сёньняшнія вясковыя рэаліі, спадар Павал піша:

«Цэны ў нас цяпер падвышаюць цішком і пакрысе, але без упынку. Не перастаеш зьдзіўляцца. І ня ведаеш, як разьмеркаваць тую пэнсію, каб дацягнуць да новай. На многім даводзіцца эканоміць. Хоць тым, хто не лянуецца ды працуе на зямлі — прасьцей. У мяне, напрыклад, сёлета неблагі ўраджай грэчкі: кіляграмаў 30–35 чыстага адборнага зерня. Маю і 30 кіляграмаў сачавіцы. Таксама нядрэнна ўрадзілі буракі, капуста. Свае морква, цыбуля, часнок. Так, што, як крывяцца мае нядобразычліўцы, „пятая калёна“ сёлета не прападзе. (Так яны мяне абзываюць — мянушку, як вядома прыдумаў Лукашэнка. Але мяне гэта ня крыўдзіць. Такі тытул яшчэ трэба заслужыць...)

У нашых краях, нягледзячы на позьнюю восень, усталявалася надзвычай цёплае надвор’е. У лесе нават зноў зьявіліся брусьніцы. Я зьбіраў: смачныя.

Паводле народных прыкметаў, зіма сёлета будзе цёплая. Асабіста мяне гэта радуе: спатрэбіцца меней дроў. Вось калі б і ў палітычным жыцьці надышла доўгачаканая адліга — прыемна было б жыць у такой дзяржаве...

Але тут пацяпленьня пакуль не відаць. Дарэчы, падчас мінулых выбараў мяне не ўключылі ў сьпісы выбаршчыкаў. Напэўна, вырашылі, што ад гэтага апазыцыянэра можна ўсяго чакаць, дык лепш ад граху далей... А на словах у іх — дэмакратыя»
.

Вясковы чалавек да раскошы не прывык — гэта праўда. Многія памятаюць часы, калі пэнсіі калгасьнікам увогуле не плацілі, і ў вёсцы гэта нікога асабліва не зьдзіўляла. Пэнсіі калгасьнікам пачалі налічваць у сярэдзіне 50-х гадоў, пры Хрушчову. Прычым напачатку гэта былі мізэрныя выплаты: напрыклад, у некаторых вёсках старому належала 8 кіляграмаў пшаніцы і 4 рублі грашыма на месяц.

У 60-я гады пэнсіі паднялі спачатку да 8, а потым да 12 рублёў. Вясковых старых гэта напачатку вельмі цешыла: пасьля таго як не было ні капейкі, раптам — такое багацьце... Пазьней, у часы Брэжнева, пэнсіі калгасьнікам сталі выплочваць не з калгаснага, а зь дзяржаўнага бюджэту — і яны пачалі пакрысе набліжацца да таго ж узроўню, што і ў горадзе.

Зрэшты, цяпер заробкі ў калгасах зноў істотна адрозьніваюцца ад гарадзкіх, а значыць, будзе паглыбляцца і розьніца ў пэнсіях. Ратаваць старых вяскоўцаў ад галечы і голаду, як звычайна, будзе свой гарод. Пра што, уласна, і распавёў у сваім лісьце Павал Сац.

Наш даўні слухач Віталь Міхаевіч зь вёскі Няловы Валожынскага раёну, назіраючы за шматлікімі сацыяльнымі праблемамі, прыйшоў да высновы, што корань многіх заганаў — у сьвядомасьці людзей. Спадар Віталь піша:

«На вялікі жаль, вельмі шмат у нашых людзях абыякавасьці, эгаізму, зайздрасьці. Таму і квітнее наўкол несправядлівасьць, таму і адбываюцца такія так званыя „выбары“, сьведкамі і ўдзельнікамі якіх усе мы былі нядаўна. Дык што потым наракаць на чэрствасьць і крывадушнасьць чыноўнікаў, на кепскую працу транспарту, на няспынны рост цэн?

Варта было б (асабліва нашай апазыцыі) абавязаць людзей думаць, як гаворыцца, шырэй і глыбей. Дый царкоўнікам ня шкодзіла б наблізіць сваю асьветніцкую працу да будзённасьці, да сучасных грамадзкіх праблемаў. Вера бяз спраў — мёртвая»
.

Абавязаць людзей думаць ніякая апазыцыя ня здольная, спадар Віталь. Не па сілах гэта і афіцыйнай прапагандзе, хоць якраз скіраваньне думак людзей у патрэбнае ўладзе рэчышча — галоўная і адзіная яе задача, на выкананьне якой выдаткоўваюцца немалыя дзяржаўныя сродкі. Не пачне чалавек думаць самастойна, ня прыйдзе ўласным розумам да відавочных высноў наконт прычынаў свайго бядотнага стану — ня будзе і зьменаў у ягоным жыцьці.

Наступны ліст — ад Ігната Гавенскага з Полацку. Аналізуючы падзеі і зьявы апошняга часу ў эканоміцы і палітыцы, слухач прыходзіць да высновы, што наперадзе беларусаў чакаюць вялікія выпрабаваньні. Спадар Ігнат піша:

«Год, які мінае, беларусы пражылі больш-менш добра. Выратавалі грошы ад продажу „Белтрансгазу“, расейскія крэдыты, а таксама махінацыі з растваральнікамі ды разбаўляльнікамі. Але адносна сыты пэрыяд мінае: махінацыі выкрылі, і танную нафту, дзеля таго каб працягваць афёры, беларуская ўлада наўрад ці больш атрымае. Эпоха Лукашэнкі заканчваецца, яе росквіт застаўся далёка ззаду.

Сярод падзеяў апошніх месяцаў асабліва вылучаецца бясстрашная акцыя швэдзкіх рэклямшчыкаў з плюшавымі мядзьведзікамі. Простых беларусаў гэта павесяліла, сьвядомых — натхніла і абнадзеіла, а лукашыстаў — разьюшыла. Маё пажаданьне швэдзкім таварышам: у далейшым лепш не рызыкуйце людзкімі жыцьцямі — выкарыстоўвайце бесьпілётнікі ці паветраныя шары. Ведайце, што для большасьці беларусаў такія паняцьці, як „правы чалавека“, „свабода слова“ і „дэмакратыя“ — гэта абстракцыя, якая мае мала агульнага зь іхнымі ўяўленьнямі пра надзённыя патрэбы.

Хоць, увогуле, многае ў беларускім грамадзтве цяпер мяняецца. Як па Эўропе некалі блукаў прывід камунізму, так па Беларусі сёньня бадзяюцца адразу дзьве здані: першая — перабудовы; другая — ваеннага становішча, путчу лукашыстаў. Дыктатар яўна старэе, няма ўжо той хваткі, таго імпэту. І хоць ён па-ранейшаму паўтарае свае старыя мантры пра „стабільнасьць“, насамрэч усе бачаць, што ніякай стабільнасьці даўно няма.

Адбываецца, так бы мовіць, „брэжневізацыя“ вобразу Лукашэнкі ў народнай сьвядомасьці. З той толькі розьніцай, што Брэжневу ня верылі і сьмяяліся зь яго, а Лукашэнку гэтак жа ня вераць, але — баяцца»
.

Сапраўды, спадар Ігнат, мінулым летам Аляксандар Лукашэнка перавысіў брэжнеўскі рэкорд знаходжаньня пры ўладзе: больш як 18 гадоў. Сёлета ўпершыню да скрыняў для галасаваньня прыйшлі тыя ўчорашнія дзеці, якія нарадзіліся пры Лукашэнку і ніякай іншай улады ня памятаюць. Для іх Лукашэнка, як і ў свой час для нас Брэжнеў, выглядае чымсьці застарэлым, незьмяняльным, амаль вечным. Розьніца ў тым, што Брэжнеў быў сымбалем няхай і застою, але застою для многіх камфортнага, прымальнага, зручнага. Буханка хлеба ў СССР як каштавала ў 1970 годзе 16 капеек — так і празь дзесяць год яе можна было набыць за тыя ж 16 капеек. Цэны на спажывецкія тавары былі настолькі ўстойлівымі, што іх друкавалі на ўпакоўцы тавару ўжо на прадпрыемстве, якое гэты тавар выпускала. «Стабільнасьць» па-лукашэнкаўску ўзору 2012 году не нагадвае той час нават аддалена.

Наш слухач Мікола Канаховіч з Пружанаў незадаволены станоўчымі ацэнкамі гістарычнай ролі Станіслава Шушкевіча, якія даў у адным з інтэрвію «Свабодзе» апазыцыйны палітык Андрэй Саньнікаў, які нядаўна ўцёк у Лёндан. Спадар Мікалай піша:

«Калі б у 1992 годзе адбыліся зьмены, за якія змагаўся Зянон Пазьняк, калі б Шушкевіч тады праявіў палітычную волю і рашучасьць у справе абвяшчэньня рэфэрэндуму аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савету — дык сёньня Саньнікаў быў бы ня вязьнем дыктатарскага рэжыму, а сапраўды дэмакратычна абраным прэзыдэнтам эўрапейскай краіны.

Калі палітык не пралічвае ўсё наперад і не ўяўляе, як будуць разгортвацца падзеі ў будучыні — дык гэта і не палітык увогуле, а палітычны махляр. Сапраўдным палітычным празорліўцам, геніяльным палітыкам у нас зьяўляецца толькі Зянон Пазьняк. Тое, аб чым ён папярэджваў і 25, і 20, і 10 год таму, — спраўджваецца. Іншых палітычных празорліўцаў у Беларусі пакуль няма. Шкада, што ў аўтарытэтах у Саньнікава — не патрыёты накшталт Пазьняка, а зусім іншыя людзі. Але ў кожнага свой выбар, а паводле выбару — і расплата. Каму — слава, а каму — ганьба»
.

Звычайна геніяльнымі палітыкамі ў гісторыю ўваходзяць тыя асобы, якія ня толькі прадбачаць ход падзей, але і ўмеюць выкарыстаць гэтае прадбачаньне дзеля таго, каб заваяваць сымпатыі і давер людзей, пераканаць грамадзтва ў слушнасьці сваіх поглядаў, і як вынік — дамагчыся ўлады і выкарыстаць яе дзеля росквіту сваёй дзяржавы. Дзеяча, які агучвае слушныя ідэі, але пры гэтым прайграе выбары (а выбары ’94-га году былі ў Беларусі адносна свабоднымі і дэмакратычнымі) і на працягу двух дзесяцігодзьдзяў пасьля гэтага ня можа дамагчыся пастаўленых самім жа палітычных мэтаў — цяжка назваць пасьпяховым (а тым больш геніяльным) палітыкам і празорліўцам.

На заканчэньне — кароткі ліст-пытаньне пра мэты Радыё Свабода ад Міхаіла Звозкіна зь Менску. Слухач піша:

«Цікава слухаць „Свабоду“ — шмат важнай інфармацыі, якую нідзе болей не пачуеш. Але ж даўно мяне турбуе пытаньне: дзеля чаго вы ўсё гэта расказваеце? Чаму Злучаныя Штаты трацяць на вашу станцыю вялікія грошы, каб вы нам гэта паведамлялі? Нездарма ж? У афіцыйныя абвінавачаньні, што Амэрыка хоча падарваць нашу „стабільнасьць“, я ня надта веру: якая тут к чорту стабільнасьць. Дый ніякіх заклікаў да „падрыву“ я па „Свабодзе“ ня чуў. Навошта ж амэрыканскаму ўраду патрэбна, каб існавала „Свабода“?».

Стваральнікі Радыё Свабода зыходзілі з таго, што людзі, якія будуць ведаць поўную і праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва ўласнай краіне і вакол яе, якія маюць магчымасьць выслухоўваць і супастаўляць розныя меркаваньні наконт актуальных праблемаў — здольныя самастойна зрабіць асэнсаваны выбар у справе ўладкаваньня ўласнай дзяржавы. І гэты выбар будзе на карысьць свабоды і дэмакратыі.

Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь — гэтак жа, як і яе эўрапейскія суседзі — была незалежнай дэмакратычнай краінай з рынкавай эканомікай. Бо мець справу з такой краінай нашмат больш выгадна і пэрспэктыўна, чым зь непрадказальнымі і агрэсіўнымі дыктатарскімі і аўтарытарнымі рэжымамі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG