Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Друкаваныя СМІ: бяз грошай, без пэрспэктываў


Кіраўнікі друкаваных выданьняў усё часьцей наракаюць на нерэнтабэльнасьць, заяўляючы пра вымушаны сыход у віртуальную прастору ці ўвогуле пра спыненьне дзейнасьці. У якім становішчы апынулася цяпер друкаваная прэса і якім самі выдаўцы бачаць выйсьце са складанай сітуацыі?

У сьвежым нумары спартовай газэты «Прессбол» яе галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў напісаў: выданьне шукае інвэстараў, каб распачаць новы этап свайго існаваньня. Па яго словах, тры гады запар штодзённы наклад газэты няўхільна падае, паступова скараціўшыся ўдвая, таму настаў час стварыць «новы ліквідны прадукт». А яго можна распачынаць толькі там, куды пераарыентоўваецца ўся прасунутая частка насельніцтва — у інтэрнэце. Праўда, пры адсутнасьці значных рэклямных абаротаў на акупнасьць у сеціве можна разьлічваць толькі пры зьнешняй падтрымцы.

Пра рашэньне спыніць выпуск тыднёвіка «Обозреватель» пасьля 10 гадоў выхаду заявіў заснавальнік выданьня Сяргей Атрошчанка. Пакуль невядома, ці будзе захаваная інтэрнэт-вэрсія, але ў офісе рэдакцыі пацьвердзілі: у Міністэрства інфармацыі накіраваны ліст адносна ліквідацыі ад пачатку 2013 году «Обозревателя» як суб’екта гаспадараньня.

Газэта «Салідарнасьць» друкаваную вэрсію прыпыніла яшчэ некалькі гадоў таму — праўда, з прычын палітычнага ўціску. У сеціве дзейнічае сайт «Салідарнасьці» gazetaby.com. Галоўны рэдактар Аляксандар Старыкевіч лічыць: бліжэйшае дзесяцігодзьдзе, дзякуючы кансэрватыўнасьці дарослай часткі насельніцтва, папяровыя выданьні ўсё ж будуць запатрабаваныя, дый рэклямных грошай у інтэрнэце пакуль відавочна бракуе:

Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

«Я ня думаю, што гэта пэрспэктыва для ўсіх. Тым больш, як слушна зазначыў Беражкоў, пакуль што грошай у інтэрнэце ня так і шмат (гэта далікатна кажучы). Гэтых сродкаў проста ня можа быць шмат з прычыны таго, што рэклямны рынак у беларускім інтэрнэце вельмі і вельмі вузкі. Нават на „Дзелавым інтэрнэце“, калі ацэньвалі аб’ём рэклямнага рынку ў беларускім сэгмэнце, адзначалі, што сёлета атрымаецца нават менш, чым летась — каля 6 мільёнаў даляраў, на некалькі соцень тысяч меней, чым у крызісным 2011-м. Вядома, у вельмі складанай сытуацыі знаходзяцца і друкаваныя выданьні, і тыя, хто спрабуе нешта рабіць у інтэрнэце, за выключэньнем хіба лідэраў рынку кшталту TUT.by ці Onliner.

Ці пэрспэктыўна ўвогуле выглядае гэтая галіна? Так, сапраўды пэрспэктыўна. З улікам хоць бы таго, колькі грошай на аднаго карыстальніка выдаткоўваюць на рэкляму ў суседняй Расеі. Аднак калі тое шчасьце наступіць — пакуль казаць цяжка».

Даўно няма на рынку друкаванай прадукцыі і некалі папулярнай «Белорусской деловой газеты». Яе галоўны рэдактар Пётар Марцаў кажа, што Беларусь ня можа ігнараваць працэсы, якія адбываюцца ўва ўсім сьвеце, таму татальная інтэрнэтызацыя — патрэба часу:

Пётар Марцаў

Пётар Марцаў

«Трэба разумець, што гэта ня толькі беларуская праблема. У асноўным так цяпер разьвіваюцца мэдыі ўсяго сьвету. Са зьяўленьнем і разьвіцьцём каналаў інтэрнэт-сувязі, усялякіх электронных прыстасаваньняў друкаваныя вэрсіі паступова адміраюць. Вядучыя газэты сьвету ўжо даўно сышлі ў інтэрнэт. Хтосьці захоўвае друкаваную вэрсію, калі яна прыносіць дадатковы прыбытак, але пераважная большасьць робіць стаўку на інтэрнэт. Таму тут нічога незвычайнага ці нечаканага няма.

Друкаваныя выданьні ў прынцыпе ня вымруць, бо заўсёды будуць людзі, якія захочуць чытаць газэты, слухаць вінілавыя кружэлкі. Але калі гаварыць пра асноўны асяродак існаваньня, пра фінасава-эканамічны складнік, то будучыня, безумоўна, за інтэрнэтам. Таму рашэньні спадароў Беражкова і Атрошчанкі, хутчэй, можа, нават крыху і запозьненыя. Нічога страшнага ў гэтым дакладна няма».

А вось галоўны рэдактар тыднёвіка «Белорусы и рынок» Вячаслаў Хадасоўскі хаваць друкаваныя выданьні не сьпяшаецца. Хоць і наракае на эканамічныя складанасьці, але зазначае, што электронныя СМІ ў сваёй большасьці таксама ня здольныя забясьпечыць сябе фінансава. Таму, сыходзячы ў інтэрнэт, заснавальнікі вымушаныя заручацца падтрымкай інвэстараў:

«Сытуацыя складаная ўва ўсіх, яна ніколі не была лёгкая. А зараз, пасьля фінансавага крызісу і рэзкага скачка цэнаў, не адпаведных нават таму, на колькі падвысіўся даляр, яна яшчэ больш пагоршылася. Таму нічога дзіўнага ў гэтым няма. Хоць і трэба пазьбягаць такіх высноваў, тычыцца гэта ўсіх ці не, бо кожны намагаецца выжываць. Хаваць газэты яшчэ рана, яны будуць супраціўляцца. Іншая справа, што самі эканамічныя ўмовы, у якіх існуюць газэты, разьвіцьцю не спрыяюць. Пры затухаючай эканоміцы, адпаведна, згортваюцца рынкі рэклямы, іншыя крыніцы фінансаваньня.

Відавочна, што ў такіх умовах электронныя СМІ пакуль таксама ня ў стане сябе забясьпечыць цалкам. Разьлік усё роўна на нейкую зьнешнюю фінансавую падтрымку. Вытрымаць за кошт той нязначнай рэклямы, якая ёсьць на электронных СМІ, вельмі складана. Таму трэба паглядзець, як будуць падзеі разьвівацца, таму што год наперадзе ў любым выпадку вельмі складаны».

Няма сродкаў і на падтрымку афіцыйных СМІ. Пакуль іх ратуе прымусовая падпіска ў дзяржаўных арганізацыях і на прадпрыемствах, а таксама значныя датацыі зь бюджэту. Аднак у профільных ведамствах усё часьцей кажуць пра неабходнасьць стварэньня холдынгу, у якім прапагандысцкія функцыі будуць перададзеныя адной аб’яднанай газэце. Астатнія ў выніку далучэньняў і ўзбуйненьняў мусяць дачасна зьнікнуць.
XS
SM
MD
LG