Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпіска з выкручваньнем рук


Сьветлагорскі райвыканкам сваім распараджэньнем абавязаў мясцовыя прадпрыемствы й арганізацыі падпісацца на наступны год на дзяржаўныя выданьні — ад «Советской Белоруссии» да мясцовай раёнкі «Сьветлагорскія навіны».

Сьветлагорскі райвыканкам сваім распараджэньнем абавязаў мясцовыя прадпрыемствы й арганізацыі падпісацца на наступны год на дзяржаўныя выданьні — ад «Советской Белоруссии» да мясцовай раёнкі «Сьветлагорскія навіны».

У інтэрнэт трапіў загад генэральнага дырэктара сьветлагорскага аб’яднаньня «Хімвалакно» Васіля Касьцюкевіча структурным падразьдзяленьнем пра абавязковую падпіску на 8 афіцыйных газэтаў. Кіраўнікам загадана пад пэрсанальную адказнасьць «арганізаваць падпіску на пэрыядычныя выданьні сярод падначаленых працаўнікоў». І робіцца гэта, як сказана ў загадзе, дзеля «больш поўнай інфармаванасьці працаўнікоў пра палітычнае, эканамічнае, грамадзкае, прафсаюзнае жыцьцё краіны і рэгіёну», а таксама дзеля «фармаваньня адзінага духу й задач».

На «фармаваньне духу» трэба выпісаць 465 асобнікаў «Советской Белоруссии — Беларусь сегодня», па 5 асобнікаў «Звязды», «Народнай газэты», «Знамени юности», 12 — «Гомельскай праўды», 1 — «Рэспублікі» і 501— «Сьветлагорскіх навінаў».

Рабочы аб’яднаньня кажа, што прымусовая падпіска на дзяржаўныя выданьні — даўняя завядзёнка:
Калі разнарадкі ня будзе — дык хто ж іх будзе чытаць, хто іх выпіша? Там жа чытаць няма чаго


«Увесь час існуе такая разнарадка. І ў мінулым годзе была. Калі разнарадкі ня будзе — дык хто ж іх будзе чытаць, хто іх выпіша? Там жа чытаць няма чаго. Я асабіста адмаўляўся ўвесь час — выпісваў толькі заводзкую газэту „Хімік“. Калі „Народную волю“ чытаеш, дык там як напішуць, то яно закранае чалавека. А ў „Советской Белоруссии“ — што там чытаць?»

Практыка прымусовай падпіскі на дзяржаўныя выданьні дзейнічае і на іншых прадпрыемствах. У суседнім Жлобіне на Беларускім мэталюргічным заводзе да вышэйназваных выданьняў дадаецца яшчэ раённая газэта «Новы дзень» і заводзкая «Металлург».

«Я сама была ў прафкаме й атрымлівала гэтыя газэты ў заводакіраўніцтве для цэхаў — „Советская Белоруссия“, „Новы дзень“, „Рэспубліка“ абавязкова. І сваю газэту „Металлург“ абавязваюць».

Рэчыцкія настаўнікі апавядаюць, што іх прымушаюць на невялікія грошы, якія выплочваюць на набыцьцё мэтадычнай літаратуры, выпісваць абавязкова «Настаўніцкую газету». А сёлета запатрабавалі яшчэ здаць па 20 тысяч рублёў на набыцьцё ў школьную бібліятэку іншых дзяржаўных выданьняў.

Апавядае адна з настаўніц гарадзкой школы з Рэчыцы:

«Спачатку нам казалі: вось вам грошы плацяць — здавайце й вы, на бібліятэку скідвайцеся. Цяпер проста нахабна патрабуюць здаваць гэтыя грошы, бо зь іх патрабуюць выпісваць газэты, а грошай выдзяляюць мала — „Советская Белоруссия“, „Гомельская праўда“ і ўсё такое. Таксама „Настаўніцкая газэта“, у якой адна рэкляма й незразумела, што там пішуць яшчэ. Для прафэсійнага пэдагога мы там нічога добрага ня можам знайсьці».

Разнарадка на падпіску даводзіцца прадпрыемствам і ў абласным цэнтры. Супрацоўніца адной з будаўнічых арганізацыяў заўважыла, што сёлета даводзяць заданьні і на індывідуальную падпіску на дзяржаўныя выданьні:

«Усе „ўказілаўкі“ ідуць з раённых адміністрацыяў. І ўзялі моду, якой раней не было — у дакумэнтах вялікая колькасьць асобнікаў для індывідуальнай падпіскі. Людзям проста выкручваюць рукі, каб індывідуальна падпісаліся на газэты».


На копіі задагу, які публікуе «Хартыя-97» можна пабачыць разнарадку на падпіску.



Дадзеныя Міністэрства інфармацыі: у Беларусі зарэгістравана 1455 друкаваных СМІ, зь якіх 399 зьяўляюцца дзяржаўнымі.

Беларускай асацыяцыя журналістаў і раней фіксавала факты, калі мясцовыя ўлады праводзілі падпіску на дзяржаўныя выданьні.

Некаторыя факты прымусовай падпіскі:


2007 год. Адміністрацыя Глыбоцкага раёну зьвярнулася да мясцовых прадпрымальнікаў з «просьбай» аформіць падпіску на дзяржаўную раённую газэту «Весьнік Глыбоччыны» на 1-е паўгодзьдзе 2008 г., пасьля чаго «паведаміць аб праведзенай працы» ў аддзел ідэалягічнай работы да 20 сьнежня.

2008 год. Кіраўнікам усіх баранавіцкіх прадпрыемстваў і арганізацый даручана арганізаваць падпіску на мясцовую дзяржаўную газэту «Наш край» «у сувязі са складаным фінансавым становішчам газэты», а таксама для «духоўнага і маральнага разьвіцьця» супрацоўнікаў гэтых установаў.

2008 год. БАЖ здабыў копію «Пляну арганізацыйных мерапрыемстваў правядзеньня падпіскі на друкаваныя СМІ на 1-е паўгодзьдзе 2009 году», распрацаванага ідэолягамі Брэсцкага аблвыканкаму.

Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый усіх формаў уласнасьці абавязаныя падаць заяўкі на ведамасную падпіску і пры гэтым «не дапускаць зьніжэньня ведамасных накладаў па асноўных рэспубліканскіх выданьнях, дзяржаўных абласных і раённых газэтах».

Ёсьць у «пляне» і пункт, які прадпісвае кіраўнікам «з мэтай пашырэньня інфармацыйнага поля, захаваньня духоўнага і маральнага разьвіцьця насельніцтва» забясьпечыць афармленьне падпіскі на друкаваныя СМІ кожным супрацоўнікам.

2009 год. Старшыня Вілейскага райвыканкаму патрабаваў ад дырэктараў мясцовых прадпрыемстваў тэрмінова «аднавіць наклад» газэты «Советская Белоруссия» на 1 паўгодзьдзе 2010 году па ведамаснай падпісцы.

2010 год. На бацькоўскім сходзе ў 23-й менскай гімназіі настаўніца паведаміла, што трэба выпісаць тры выданьні: часопісы «Вясёлка», «Качели» і газэту «Юный спасатель».

2011 год. Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску загадала ўсім кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый «узяць пад асабісты кантроль правядзеньне ведамаснай падпіскі на асноўныя рэспубліканскія і гарадзкія выданьні». У сьпісе фігуруюць 8 выданьняў, сярод якіх — газэты «Советская Белоруссия», «Минский курьер», «Вечерний Минск», «Народная газета», «Рэспубліка», «Звязда», «Знамя юности», а таксама часопіс «Планета».

2011 год. У Бялыніцкім раёне таксама практыкуецца прымусовая падпіска на дзяржвыданьні. Настаўнікі і выхавацелі дзіцячых садкоў скардзіліся, што чыноўнікі з аддзелу адукацыі райвыканкаму настойліва «рэкамэндуюць» падпісвацца на пэўныя выданьні і абяцаюць праблемы, калі хто на іх падпісацца не захоча.

2011 год. Да журналістаў трапіла копія афіцыйнага ліста з Ваўкавыскага райвыканкаму з прадпісаньнем забясьпечыць падпіску на шэраг дзяржаўных выданьняў на 1 квартал 2012 году.

«З мэтай яе арганізаванага правядзеньня Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт просіць забясьпечыць ведамасную і індывідуальную падпіску на кантралюемыя выданьні», — гаворыцца ў пасланьні за подпісам намесьніка старшыні райвыканкаму сп. Захарчука.

2012 год. Менгарвыканкам «прапануе» юрыстам падпісацца на «Юридическую газету» і адсправаздачыцца. Гэты вынікае зь ліста за подпісам першай намесьніцы галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму Вольгі Казловай, які днямі атрымалі сталічныя юрысты-ліцэнзіяты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG