Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: «У дзяржавы няма грошай на сілавікоў»


Будынак Сьледчага камітэту ў Менску

Будынак Сьледчага камітэту ў Менску

«Першыя месяцы працы Сьледчага камітэту паказалі неабходнасьць карэкціроўкі колькасьці і структуры гэтага камітэту», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі сілавых ведамстваў 20 лістапада.

Ускосныя згадкі пра магчымасьць скарачэньня колькасьці супрацоўнікаў органаў КДБ прагучалі ўчора ад прэзыдэнта, калі ён прадстаўляў новапрызначанага старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка: «Трэба прадпрыняць максымум намаганьняў, каб стварыць цэласнасьць, недатыкальнасьць і бясьпеку нашай краіны. Вось для такіх супрацоўнікаў мы гатовыя стварыць любыя ўмовы. Няхай іх будзе не 12 тысяч, не 10 тысяч і нават не 6 тысяч чалавек. Хай іх застанецца 3 тысячы, але гэта застануцца самыя адданыя дзяржаве людзі. З такімі Вакульчык будзе працаваць. Усе астатнія хай ідуць, куды хочуць».

Яшчэ раней прэзыдэнт запатрабаваў скарачэньня колькасьці супрацоўнікаў МУС на нарадзе па рэформе органаў МУС 15 лістапада.

Сапраўды, паводле статыстычных дадзеных, у Беларусі найбольшая колькасьць міліцыянтаў на душу насельніцтва ў СНД. На кожную тысячу жыхароў прыпадае ажно 14 праваахоўнікаў. Нават у Расеі іх усяго 9,7 на кожную тысячу, а ва Ўкраіне — 6,5.

У той жа час, прымаючы з дакладам кіраўніка МУС Ігара Шуневіча на пачатку лістапада, Аляксандар Лукашэнка казаў, што міліцыянтам трэба даць «болей улады».

Цікавая акалічнасьць: сёньня прэзыдэнт заявіў, што сродкі, якія вызваляцца пасьля «аптымізацыі колькасьці і структуры, павінны заставацца ў распараджэньні ведамства»: «Ці то КДБ, ці пракуратура, Сьледчы камітэт ці міліцыя — грошы павінны застацца на разьвіцьцё гэтай структуры і для падвышэньня грашовага ўтрыманьня супрацоўнікаў».

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што гэта слушнае рашэньне, якога патрабуе надзённая сытуацыя: «Сапраўды, эканамічная сытуацыя ў краіне не дазваляе ўтрымліваць раздутыя апараты міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку і сілавых. Ня выключана, што кіраўнік дзяржавы прыйшоў да думкі і пра структурныя перабудовы і штатныя расклады сілавых структур. Скараціць іх, каб вызваленыя сродкі былі накіраваныя на тэхнічнае аснашчэньне і на падвышэньне фонду іх заработнай платы. Гэта, у прынцыпе, правільнае рашэньне, бо бедная краіна ня можа пракарміць столькі чыноўнікаў.

Але такі падыход павінен быць для ўсіх структураў і па ўсёй Беларусі. Гэты бюракратычны апарат, які створаны цяпер у Беларусі, ён яўна неэфэктыўны па кіраваньні і эканамічна».

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

З тым, што ў дзяржавы няма грошай на сілавікоў, згодны і кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Скарачэньні ідуць паўсюль, у тым ліку закранаюць і сілавыя структуры. На жаль, можна прагназаваць, што будуць скарочаныя ня тыя аддзелы, якія спэцыялізуюцца на працы з палітычнымі апанэнтамі. Таму, думаю, калі скарачэньне і адбудзецца, то гэта можа пацягнуць за сабой пэўны рост злачыннасьці, але ня будзе азначаць новых свабодаў для грамадзянаў Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG