Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кот Манаеў і брантазаўры Караткевіча


Малгажата Бухалік (Małgorzata Buchalik) — польская перакладчыца з расейскай і беларускай моваў. Зь беларускай мовы пераклала, сярод іншага, «Горад сонца» Артура Клінава, «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» Ігара Бабкова, «Рыбін горад» Наталкі Бабінай, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Ўладзімера Караткевіча. Жыве ў Варшаве.

СТАРЫ КАМПУТЭР І ЛЕЎ ШАСТОЎ

Ян Максімюк: Калі мы з вамі сустрэліся ўпершыню — на перакладчыцкім сэмінары каля Варшавы, пад канец мінулага стагодзьдзя — вы тады былі, так сказаць, у «расейскім аддзеле» і перакладалі выключна з расейскай мовы. Перш чым запытаць у вас пра беларускую літаратуру, я хачу, каб вы сказалі некалькі словаў пра сваё зацікаўленьне расейскай літаратурай. З чым гэта зьвязана?

Малгажата Бухалік: Я шмат чытала, і калі прыйшоў час выбіраць ВНУ, мне захацелася неяк упарадкаваць прачытанае мною. Я паступіла на факультэт клясычнай філялёгіі. Чытаньню старагрэчаскай літаратуры я абавязаная поўнай паэтычнай імпатэнцыяй. Калі мне трэба перакласьці нават банальны вершык, я некалькі дзён хаджу па сьценах і моцна лаюся, ну бо самі скажыце: у чым кайф перакладаць паэзію на мову з пастаянным месцам націску, асабліва пасьля таго, калі вы наслухаліся паэзіі са свабоднай мэтрыкай?

Потым я вывучыла расейскую мову, каб чытаць Шастова, бо якраз гэты аўтар моцна мяне зацікавіў, а польскіх перакладаў не было. А яшчэ пазьней я купіла страшэнна стары кампутэр, на якім не запускаліся ніякія гульні, толькі праграма Word. Жах. Ну дык я пачала перакладаць, каб кампутэр не ляжаў аблогай.

ЧАМУ ВАРТА ХАДЗІЦЬ НА ПРАВАСЛАЎНЫЯ БАГАСЛУЖБЫ?

Максімюк: Наколькі істотна для вас, зь якой мовы вы перакладаеце?

Бухалік: Як чытача, мяне цікавіць літаратура наогул, без нацыянальных этыкетак. Ды нават ня столькі літаратура, колькі канкрэтныя, добрыя кнігі. Як перакладчыка, мяне цікавяць кнігі на мовах, зь якіх я магу перакладаць, гэта значыць, у якіх я ведаю і адчуваю кантэкст, культурны, літаратурны і гістарычны, і ў якіх я адчуваю сынтаксычныя тонкасьці, інтанацыю і г.д. Гэта такі мінімальны парог, а ўласна перакладчыцкая праца пачынаецца за ім: праца з польскай мовай, з уяўленьнем і эмоцыямі польскага чытача. Мне трэба распавесьці гэтаму чытачу чужую кніжку так, каб ён у яе паверыў. Тут няма простых прадпісаньняў, бо трэба ўзяць пад увагу мноства культурных, сацыяльных, стылістычных і іншых чыньнікаў. Інакш кажучы, трэба задзейнічаць індывідуальны перакладчыцкі варштат і даверыцца інтуіцыі. Даверыцца слыху. Самому сабе.

Па-мойму, няма зашмат сэнсу ў прывязваньні літаратурных перакладчыкаў да нацыянальных літаратураў. Па-першае, мы працуем перад усім з мовай, на якую перакладаем. Па-другое, культуру, зь якой перакладаем, варта ведаць разам з кантэкстам, гэта значыць, разам з культурай, мовай і літаратурай суседзяў. Адсюль ужо недалёка да перакладаньня кніжак і гэтых суседзяў. Я гэта асабліва падкрэсьліваю, бо часам адчуваю, што суразмоўцы чакаюць ад мяне, што я вызначу сябе як русістку-дэзэртэрку. Нічога падобнага. Скажу болей: я не ўяўляю сабе беларусіста, які ня ведае грунтоўна расейскай мовы, літаратуры, культуры, гісторыі ды наогул расейскіх і савецкіх рэалій.

У гэтай прафэсіі варта адмежаваць сваю сымпатыю і сьветапогляд ад прафэсійнага ўмельства. Я некалькі гадоў рэгулярна хадзіла ў праваслаўную царкву, каб ухапіць зусім чужы мне спосаб бачаньня сьвету. Я пераарала свой мозг савецкай прапагандай, дзякуючы чаму магу няблага адчуць матывацыю чалавека, які голымі грудзьмі кідаецца на амбразуру або ставіць горад пасярод стэпу. Перакладчык — гэта актор, яму трэба ўмець уваходзіць у чужую скуру, у скуру сваіх аўтараў, і то безь ніякай прадузятасьці і капрызаў, без захоўваньня дыстанцыі і адчуваньня сваёй вышэйшасьці. Калі я перакладаю Захара Прылепіна, я стаюся прымітыўным мача зь імпэрскай нацыянал-бальшавісцкай утрапёнасьцю, і няма ніякага зьмілуйся. Затое па-за працай я трымаюся здалёк ад палітыкі. У гэтым ліку і ад беларускай.

ЛАТУШКА І ПОМНІК У КІЕВЕ

Максімюк: Дык вось, гаворачы пра беларускую палітычную сытуацыю, што вы пра яе думаеце?

Бухалік: Я жадаю вам усяго найлепшага, але ніхто ня ведае, калі і ў які бок пачне зьмяняцца сытуацыя ў Беларусі. І незалежна ад таго, як усё гэта павернецца, трэба рупіцца пра асноўную, вельмі пазытывісцкую культурную сувязь, бо якраз на ёй грамадзтвы будуюць узаемную павагу — гэта нешта больш трывалае, чым часовыя палітычныя сымпатыі. Я — чалавек, якому наканавана працаваць, а не махаць сьцягамі.

Іншая справа, што ў рамках гэтага апалітычнага пазытывізму два гады таму я спрабавала намовіць міністра культуры Беларусі Паўла Латушку зрушыць зь месца тэму Караткевіча ў Польшчы. Маўляў, гэта сорам, што ў Польшчы няма перакладу ніводнага зь ягоных раманаў. Мне наіўна думалася, што гэта — нэўтральная тэма (адносна іншых аўтараў, якіх я перакладаю, у мяне, зразумела, не было такіх ілюзій). Міністар адпісаў мне, што ён актыўна прасоўвае Караткевіча ва ўсім сьвеце ды, маўляў, навошта нейкія кніжкі ў Польшчы, калі ён якраз паставіў Караткевічу помнік у Кіеве... Ну ясна, помнік — гэта ж рэч, а ня нейкі стос паперы...

КОШКА І МЫШКА. І ЯШЧЭ КОТ МАНАЕЎ

Максімюк: Зразумела. Значыць, давайце пакінем нашы сьцягі, а засяродзімся на вашай працы. Як вы вывучылі беларускую мову? Якімі падручнікамі і слоўнікамі вы карысталіся?

Бухалік: Ну так, цяпер надышоў момант жорсткай праўды. Ва ўнівэрсытэце ў мяне быў сэмінар беларускай мовы. Здаецца, на другіх занятках гэтага сэмінару выкладчык пачаставаў нас «Кошкай і мышкай» Васіля Быкава, у якасьці пэрліны беларускай літаратуры. Я прачытала, выйшла на калідор запаліць цыгарэту ды, пасьля роздуму, пастанавіла не вяртацца на сэмінар, гэта значыць, рашуча спыніць сваё знаёмства з Быкавым на тым, што я зь яго прачытала ў расейскіх перакладах.

Пасьлядоўнае прагульваньне заняткаў па беларускай мове не дазволіла мне пазнаёміцца хоць бы з асновамі беларускай граматыкі і правапісу, але з другога боку зьберагло ад поўнай абыякавасьці да гэтай мовы і культуры (а такое пачуцьцё ахапіла шмат каго з маіх калегаў, якім на чарговых занятках сэмінару казалі, сярод іншага, зубрыць на памяць верш «Забі прэзыдэнта»). Некалькі гадоў пазьней я проста стала чытаць кніжкі, і толькі таго. Я не размаўляю і не пішу па-беларуску — праўду кажучы, з прычыны гультайства і адсутнасьці практыкі, паколькі слоўнікавы запас у мяне даволі прыстойны, адно што пасіўны. Да таго, бянтэжыць мяне вымаўленьне вашага «ў», хоць я сьмела змагаюся з гэтым: я назвала свайго ката Манаеў і штодзень практыкуюся.

ОК, ідзем далей, хоць ад сораму мне цяпер трэба было б праваліцца скрозь зямлю: дома ў мяне няма ніводнага беларускага слоўніка. Калі я чагосьці не разумею, я адчыняю скайп і пачынаю наўздагад дакучаць беларускім знаёмым, якія акурат сьвецяцца ў скайпе зялёным колерам. Гэта нашмат больш прыемна, чым заглядваць у слоўнікі, бо звычайна з патрэбным словам я атрымоўваю ад знаёмых шырокі кантэкст: асацыяцыі, літаратурныя перагукі, спасылкі на тэксты, песьні, фільмы і г.д., або і цэлыя гісторыі проста з жыцьця. Дарэчы, калі ў слоўніку нечага няма, дык няма, і капцы, а калі жывыя беларусы чагосьці ня ведаюць, дык шукаюць да апошняга. Напрыклад — «валовых мордачак», якія, паводле Караткевіча, расьлі ў садзе пад Каложай. Я падкінула гэтае пытаньне знаёмым і атрымала ў адказ матэрыял, якога хапіла б на ладную манаграфію пра віды яблык на Гарадзеншчыне ў 16-м стагодзьдзі. Але ніхто ня быў упэўнены наконт гэтага канкрэтнага найменьня. А некалькі месяцаў пазьней я бачу на скайпе: «Нутрыя, ты ж перакладаеш „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“, дык можа будзеш ведаць, бо некаму неадкладна трэба: які від яблык рос каля Каложы?»

Максімюк: Знаёмыя называюць вас Нутрыяй?

Бухалік: Так. Незнаёмыя таксама.

ХАДАНОВІЧ І ПАРАДЫ

Максімюк: А хто вам раіў, што варта перакладаць зь беларускай літаратуры?

Бухалік: Спытайце лепш, хто мне ня раіў. Ды нічога, я адкажу: у парадах пальму першынства трымае Андрэй Хадановіч. Ён пачаў раіць недзе на зломе стагодзьдзяў і здаўся ўсяго гады два таму. Ён быў сапраўды нястомны, і гэта пры тым, што нашы літаратурныя густы — мякка кажучы — разыходзяцца. Урэшце нейкага дня ён глянуў панурым зрокам на тыя некалькі кнігаў, што я пераклала, і мовіў: «Нутрыя, ты мне псуеш літаратурны працэс у Беларусі».

Ведаеце, я ня той чалавек, якому лёгка параіць. Калі мне нешта скажуць або напішуць рэцэнзію, дык я не паверу, або не прачытаю, або адразу забуду. Іншая справа, калі я сама бяру кнігу і чытаю. Тады мяне не цікавіць нічога акрамя тэксту. Я тады расслабляюся, падстаўляю вуха і слухаю, як дзейнічае тэкст. Вызначаю, наколькі я магу паверыць аўтару. І потым я ўжо ведаю, добрая гэта кніжка ці дрэнная, і чаму. Так, гэта скрайне суб’ектыўны мэтад, асацыяльны, нерэпрэзэнтатыўны і ненавуковы. Але я ня ведаю іншага, які дзейнічаў бы лепш — у тым ліку на выдаўцоў і чытачоў перакладу.

ПРА БАБКОВА І НЕДАСКАЗАНАСЬЦЬ

Максімюк: Так склалася, што і я, і вы перакладалі таго самага беларускага аўтара — Ігара Бабкова. Я пераклаў ягоныя эсэ, вы — кніжку прозы «Адам Клакоцкі і ягоныя цені». Як вам перакладалася? І што вы думаеце пра гэтага аўтара?

Бухалік: Перакладалася вельмі міла. Ігар акуратна піша і яшчэ больш акуратна думае. Але ёсьць у гэтай кніжцы нешта, што мяне раздражняе. Як на мой погляд, гэта зборнік добра распачатых тэмаў, якім лепш падыходзілі б даўжэйшыя формы — нават раман — і плынь якіх пасьля больш-менш дзесяці старонак страчвае свой імпэт ды губляецца ў пяску. У пасьляслоўі Ігар піша, што гэта такі наўмысны ход: «дзесяць мэдытацый з нагоды неіснаваньня сьвету». Гэта ўжо не зусім сумленна, бо сьвет — наколькі мне вядома — застаецца жывым і здаровым, а мэдытаваць у гэтым выпадку трэба хутчэй з нагоды неіснаваньня фабулы ў Бабкова.

Наогул я хачу сказаць, што чым больш мне гадоў, тым менш у мяне талерантнасьці да нявыказанага. Калі я чую або бачу на паперы нешта накшталт «І ведаеце...», пасьля чаго наступае доўгі, шматзначны і містычны пагляд або доўгае і ня менш містычнае шматкроп’е, я ўсьміхаюся шчырай, шырокай, пралетарскай усьмешкай і кажу: «Ня ведаю, давай растлумач». Гэта вельмі аблягчае жыцьцё.

РАМАН ПРА РЭВАЛЮЦЫЮ

Максімюк: Нядаўна ў Польшчы выйшаў раман Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў вашым перакладзе. Чаму вы вырашылі перакласьці якраз гэты твор, а ня «Дзікае паляваньне караля Стаха», напрыклад?

Бухалік: Гэты раман, па-мойму, зьяўляецца расповедам пра рэвалюцыю, якую прайгралі ў вайсковым і эканамічным сэнсе (нічога не мяняецца, беднякі застаюцца беднякамі), але якую выйгралі маральна (зразумела) ды — тут навінка і самае галоўнае — культурна.

Калі мне было шаснаццаць гадоў і я чытала «Чароўную гару», мяне вельмі засмучала, што, беручы бок Сэтэмбрыні, чытач павінен адмовіцца ад таго, на чым паклаў сваю лапу Нафта: ад гатычных сабораў, паэзіі, патасу Бібліі ды наогул ад ільвінай долі таго, што мы называем «высокай культурай». Інакш кажучы: або муштраваньне, саборы і харалы, або свабода-роўнасьць-братэрства. Потым, на шчасьце, я адкрыла, што акрамя гэтай сытуацыі або-або, існуе мноства іншых рашэньняў, а сярод іх і такое радыкальнае, якое прапанаваў у «Хрысьце» Караткевіч, вяртаючы высокую культуру народу, непісьменным мужыкам і дробным рамесьнікам. Праўда, у яго народ таксама думае наогул, як пражыць чарговы дзень, а мастацтва і нешта вышэйшае бачыць выключна — і толькі здалёк — у касьцёле, але ў рэшце рэшт аказваецца асноўным суб’ектам і крыніцай гэтай культуры. І Караткевіч аддае людзям ня толькі Хрыста з апосталамі, але і оптам усё тое, што ён пазапіхваў у эпіграфы: паэзію, песьні, Біблію, Дантэ, Рыгвэду, эгіпэцкія гімны і г.д. Под покрывам лёгкай, прыгодніцкай аповесьці ён працягвае тэму значна большага калібру, гэтаксама як і ў загалоўку кніжкі...

НЕАПАЗНАНЫ ЛЯТУЧЫ АБ’ЕКТ

Максімюк: Дарэчы, што гэта за гісторыя атрымалася ў вас з загалоўкам польскага перакладу рамана Караткевіча?

Бухалік: Я доўга думала, што зрабіць у польскай мове са словам «прызямліўся» з арыгінальнага загалоўка. Для самых беларусаў «прызямліўся» таксама выглядае падазрона і можа выклікаць асацыяцыі зь неапазнанымі лятучымі аб’ектамі. Затое, як фраза, беларускі загаловак добра гучыць, у адрозьненьне ад пачварнага «Chrystus wylądował w Grodnie». У гэтым польскім загалоўку, які далі выдаўцы, нічога акрамя неапазнанага лятучага аб’екту няма. У беларускім загалоўку ёсьць «зямля» — сыход на зямлю, парусія, другое прыйсьце (такое з агнём, хвалою і трубамі, апакаліптычнае), ды акрамя гэтага рэха народных гісторый пра Ісуса, які ходзіць як абадранец ад хаты да хаты, просіць хлеба, бласлаўляе беднякоў ды навакольныя палеткі, у гэтым выпадку — гарадзенскую зямлю. Я перабрала дзясяткі варыянтаў загалоўка ў польскай мове і ўрэшце рашылася на нешта простае, ёмкае і гладкае для вуха: «Chrystus przyszedł do Grodna». Свае аргумэнты я прадстаўляла выдаўцам шматкроць, але яны мне заўсёды адказвалі, што «так стаіць у слоўніку, і няма чаго мудрагеліць».

Максімюк: А былі ў вас іншыя праблемы, акрамя гэтай з загалоўкам?

Бухалік: У кніжцы больш за шэсьцьдзесят разьдзелаў, кожны зь іх мае эпіграф або і некалькі эпіграфаў, і гэта яны, на мой погляд, а не сама аповесьць, ствараюць усю атмасфэру — ад Апакаліпсісу да Рабле. А вось выдаўцы хацелі ўсюды ўтрымаць лёгкі, сучасны стыль. Інакш кажучы, яны хацелі падрэзаць пераклад зьверху — напрыклад, замяніць біблейскія цытаты, якія я брала зь перакладу Бібліі Якуба Вуйка 16-га стагодзьдзя, цытатамі зь Бібліі Тысячагодзьдзя, пераклад якой зьявіўся ў 20-м стагодзьдзі. І яны хацелі падрэзаць пераклад зьнізу — напрыклад, замяніць «сьмярдзючы гной» — «памётам», «дупу» — «азадкам», і т.д. Урэшце пераклад Вуйка і «сьмярдзючы гной» засталіся, але ў выдадзенай кніжцы я ўбачыла мноства іншых дробных «паправак», якія вярэдзяць маю душу.

БРАНТАЗАЎРЫ НА КОНЯХ

Максімюк: А як вам наогул шматслоўнасьць Караткевіча? Вы ў сваім перакладзе не спрабавалі яго падкарочваць?

Бухалік: Не падкарочвала, але часам лаяла яго на чым сьвет стаіць. Ды пачакайце, я вам зманіла: я выкінула ў перакладзе крыху «вачэй», бо ён устаўляе слова «вочы» ў кожны сказ, і празь некалькі месяцаў, як толькі я зірнула ў кніжку, тая ў адказ зірала на мяне страшэннай шматвокай пачварай.

Ні і ўявіце сабе ва ўсіх колерах, напрыклад, такую караткевічаўскую фразу: «Коньнікі імчалі, цяжкія і страшныя, як брантазаўры, на конях, закутых у сталь». Калі ўявіце, дык галава ў вас пойдзе кругам, як пасьля пляшкі самагону. Брантазаўры на конях! Як вам карцінка?

А калі сказаць сур’ёзна, дык гэта халерна добрая кніга, і я вельмі баюся, што яна ўспрымецца як псэўдагістарычная прыгодніцкая аповесьць, гэта значыць, што чытачы прасьлізнуцца толькі па вярхах, не заглыбляючыся ў яе. А заглыбіцца ёсьць у чым.

Максімюк: Што яшчэ хочацца вам перакласьці зь беларускай літаратуры? Ці, магчыма, яна вам ужо надакучыла?

Бухалік: Я закончыла перакладаць некалькі выдатных п’есаў Сяргея Кавалёва і бяруся за пераклад «Шалому» Артура Клінава. Потым хачу перакласьці яшчэ некалькі іншых рэчаў, на якіх трымаю вока. Але не скажу, на якіх, каб не папсаваць літаратурнага працэсу.

НАРКОТЫК ПАСЬЛЯ ПРАЦЫ

Максімюк: А што вы любіце чытаць дзеля ўласнай прыемнасьці, калі вам ня трэба перакладаць? Нейкія раманы жахаў, дэтэктывы, Дыкенса?

Бухалік: Як кажуць, гэта наўпроставае пападаньне. Якраз цяпер я чытаю перад сном «Запіскі Піквікскага клюбу». Дзеля прыемнасьці я чытаю староцьце, галоўным чынам клясыку, бо тут меншая рызыка, чым пры сучаснай літаратуры, натрапіць на графаманію. На шчасьце, у мяне вельмі кароткая памяць — калі параўнаць з кампутэрам, дык у мяне няма жорсткага дыску, а ёсьць толькі апэрацыйная памяць — так што я магу раз-пораз чытаць адны і тыя ж кніжкі, бо празь некалькі тыдняў я нічога зь іх ужо ня помню.

А што тычыцца дэтэктываў, дык я па-дурному лічыла, што гэта па вызначэньні барахло і трата часу, таму ўсё жыцьцё абмінала іх здалёк (калі не лічыць тых, якія перакладала) — ажно да мінулага году, калі сяброўка сілай упіхнула ў мае рукі кніжку Агаты Крысьці. Ну і я падсела: ад восені да лета я чытала выключна Крысьці, шэсьцьдзесят штук зь лішкам, і, мабыць, я далей заставалася б у гэтым дурмане, калі б нядаўна не сасьніла моцна эратычны сон з Эркюлем Пуаро ў галоўнай ролі... Тады да мяне дайшло, што я перабрала і што мне пара завязваць. Фу!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG