Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карупцыя ў Беларусі такая ж, як у Расеі. Толькі тут грошай меней»


Пра старыя і новыя карупцыйныя скандалы з удзелам беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў — рэпартаж Алега Грузьдзіловіча.

У Вярхоўны суд са Сьледчага камітэту перадалі справу былога першага намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Васільева, якога абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў асабліва вялікім памеры. У інтэрнэце пішуць пра паўмільёна даляраў, пракуратура лічбу не называе. Пра лёс гэтай справы, як і пра лёс справы былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня, у Вярхоўным судзе пэўна ня кажуць. Прэсавы сакратар Марыя Лапо:

«Таксама не прызначана, калі будзе суд і які суд будзе разглядаць. Усё будзе вырашацца паводле закону. Яшчэ тэрмін ня выйшаў».

Днямі ў чаргу на разгляд у Партызанскім судзе Менску трапіла яшчэ адна справа хабарніка на адказнай пасадзе. Нават у Генпракуратуры вакол яе — заслона сакрэтнасьці:

«Справа намесьніка дырэктара менскага заводу. Але прозьвішча і якога заводу — казаць забаранілі».

Ці будзе пасьпяховым змаганьне з карупцыяй, калі гучныя карупцыйныя справы замоўчваюцца?

Паводле былога менскага міліцыянта Мікалая Казлова, адзін з эпізодаў справы Яўгена Полудня можа тычыцца ўправы кадраў гарадзкой міліцыі, дзе абвінавачаны працаваў да прызначэньня намесьнікам міністра ўнутраных спраў. Пасьля расьсьледаваньня гэтага эпізоду, на думку Мікалая Казлова, трэба было неадкладна перагледзець шэраг ранейшых кадравых рашэньняў, але гэтага не зрабілі:

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў
«У бытнасьць там Полудня маса людзей атрымлівала новыя пасады. Нехта атрымліваў пасады заслужана, але ёсьць і канкурэнцыя. Дык вось у гэтай канкурэнцыі перамагалі тыя, хто мог грошы заплаціць, ці іншыя, за кошт прафэсіяналізму? Улічваючы, што ў нас зараз творыцца з кадрамі, у мяне ёсьць на гэты конт сумненьні».

Справу былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня будзе разглядаць вайсковая калегія Вярхоўнага суду. Мікалай Казлоў не выключае, што працэс абвесьцяць закрытым і большасьць сакрэтаў застанецца невядомай для грамадзкасьці.

7,5 года зьняволеньня атрымаў былы начальнік Партызанскай раённай падатковай інспэкцыі, які за 10 тысяч даляраў хабару загадаў падначаленым фармальна праводзіць праверку камэрцыйнай будаўнічай фірмы. Праваабаронца, былы бізнэсовец Андрэй Бандарэнка мяркуе, што карупцыя сярод беларускіх чыноўнікаў распаўсюджаная гэтаксама, як і сярод расейскіх, толькі памеры хабару меншыя:

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
«Мы як праваабаронцы ў свой час рэалізоўвалі праект „Беларусь, гэта хто?“, дзе паказвалі ўзровень дастатку некаторых нашых чыноўнікаў. Выходзіла, што пры заробку ўсяго некалькі тысяч даляраў шмат у якіх чыноўнікаў была маёмасьць, якая ацэньваецца сотнямі тысяч даляраў. Калі прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч дазваляе сабе гадзіньнік коштам дзясяткі тысяч даляраў, то законна ўзьнікае пытаньне: адкуль у яго такі гадзіньнік? Тое, што ў Беларусі квітнее карупцыя, што чыноўнікі жывуць за гэты кошт — не сакрэт, усе гэта ведаюць. Проста ў Лукашэнкі няма іншага выйсьця: альбо пагаджацца з тым, што чыноўнікі крадуць, альбо ваяваць з тымі, хто табе служыць. Што ў нас, што ў Расеі сытуацыя ў гэтым сэнсе аднолькавая, толькі ў нас меней грошай. Іншай розьніцы няма. Проста ў нас бяруць хабар з улікам таго, колькі могуць даць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG