Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух каля віцебскага КДБ: улады маўчаць


Будынак КДБ у Віцебску

Будынак КДБ у Віцебску

Абласны сьледчы камітэт адмаўляецца ад любых камэнтароў па справе аб выбуху ля управы КДБ 11 лістапада, распачатай паводле артыкула «Хуліганства».

Жыхары Віцебску высоўваюць свае вэрсіі, чаму пра гучнае здарэньне сёньня нічога не чуваць.

Апошняе, што вядома па справе выбуху каля віцебскага КДБ, — гэта зьмест афіцыйнага паведамленьня, якое абласны сьледчы камітэт распаўсюдзіў некалькі дзён таму. У ім гаварылася, што ўсіх затрыманых — а іх у першыя суткі было некалькі дзясяткаў — ужо адпусьцілі. У тым ліку і трох чалавек, якія заставаліся падазраванымі па гэтай справе цягам трох сутак. І што падазраваных у гэтай справе няма ўвогуле.

Даведацца, ці не скасавалі справу і ці не зьявіліся за апошнія дні новыя падазраваныя, не ўдалося. Прадстаўніца Віцебскага абласнога сьледчага камітэту Іна Гарбачова адмовілася адказваць на гэтыя пытаньні:

«На цяперашні момант управа Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці камэнтароў журналістам не дае і прычынаў адмовы не тлумачыць!»

Застаецца меркаваць, што справу не скасавалі. Але чаму адказныя структуры перасталі інфармаваць грамадзкасьць пра ход сьледзтва, хоць у першыя дні рабілі гэта вельмі актыўна? Паведамлялася і пра выгляд выбуховай прылады — бляшанкі зь піратэхнічнай сумесьсю, і пра два пашкоджаныя акны на першым паверсе будынка, і нават пра тое, што адзін з падазраваных — гэта чалавек, які раней неаднаразова тэлефанаваў у КДБ і некарэктна выказваўся на адрас уладаў.

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда лічыць, што гэтая справа мае палітычны зьмест — бо выбух невыпадкова здарыўся менавіта каля будынка КДБ. І, каб не акцэнтаваць увагу насельніцтва на палітыцы, пра выбух нерасталі згадваць:

«Калі прызнаць, што гэта палітычная справа, дык трэба шукаць, што ды як: хто арганізатар, хто выканаўца… А ў нас жа палітычных справаў няма, палітычных сілаў няма, яны кажуць, што і палітвязьняў у нас няма, адны крымінальнікі… І палітык у нас толькі адзін, галоўны…»

Спадар Хамайда згадвае, што «хуліганствам» абвяшчалі і самыя першыя выбухі ў Віцебску:

«Гісторыя паўтараецца: у 2005 годзе ў Віцебску быў выбух, праз два тыдні яшчэ адзін, а потым і ў Менску бабахнула. І ўсё казалі «хуліганка», толькі потым заявілі — „тэрарызм“».
Гісторыя паўтараецца: у 2005 годзе ў Віцебску быў выбух, праз два тыдні яшчэ адзін, а потым і ў Менску бабахнула. І ўсё казалі «хуліганка», толькі потым заявілі — „тэрарызм“


Першыя віцебскія выбухі фігуравалі ў абвінавачаньні расстраляных Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, якіх суд прызнаў вінаватымі ў менскім тэракце 2011 году.

Спадарыня Галіна, якая падышла да Барыса Хамайды, працягвае ягоную думку:

«Хто вам праўду скажа? Усе баяцца, ад верху да самага нізу! Гэта па-першае. А па-другое, пасьля тэракту ўжо ўсе навучаныя, што нельга абы-што ляпаць, не праверыўшы! Бо тады як пачалі ляпаць, дык у іх канцы з канцамі не сыходзіліся ў іхнай гісторыі…»

Любоў Кавалёва, маці расстралянага паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме Ўладзіслава Кавалёва, мае сваё меркаваньне, чаму пра апошні выбух так мала інфармацыі. Яна лічыць, што віцебскіх хлопцаў асудзілі і расстралялі несправядліва — па сфабрыкаваных матэрыялах справы:

«Тады зь першага дня дзяржава камэнтавала і камэнтавала… З самага 11 красавіка і да расстрэлу, нават пасьля яго. Але цяпер „чорная куртка“ і „чорная шапка“ другі раз у якасьці доказаў ня пройдуць. І людзі гэта разумеюць. Але выбухі працягваюцца і працягваюцца. І я не магу сказаць, чаму яны ізноў вярнуліся ў Віцебск. І я ня думаю, што гэта проста аматары пагуляць з пэтардамі. Не, тут справа, напэўна, больш сур’ёзная».

Наколькі гэтая справа падаецца сур’ёзнай сьледчым органам, без афіцыйнай інфармацыі жыхарам Віцебску застаецца толькі здагадвацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG