Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікабрытаніі аднавіўся часопіс па беларусістыцы


Новы нумар «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх дасьледаваньняў») мае выйсьці ў студзені-лютым 2013 году.

Як паведамляе «Белсат», «The Journal of Byelorussian Studies» упершыню выйшаў у 1965 годзе і друкаваўся раз на год. Прадмову да першага нумара напісаў прафэсар Оксфардзкага ўнівэрсытэту Робэрт Оці (Robert Auty).

Выданьне распаўсюджваецца сярод унівэрсытэтаў, бібліятэк і прыватных падпісантаў у Вялікай Брытаніі, ЗША, Беларусі ды іншых краінах па ўсім сьвеце. Кожны нумар зьмяшчае артыкулы пра беларускую літаратуру, лінгвістыку, гісторыю і мастацтва, а таксама агляды кніг, хроніку сучасных падзеяў і шырокую бібліяграфію за папярэдні год.

Часопіс выдаюць супольна Англа-беларускае таварыства і Цэнтар транзыцыйных дасьледаваньняў (Centre for Transition Studies) у Лёндане.

Рэдагуе яго выпускнік Гарварду, кандыдат юрыдычных навук Яраслаў Крывой. У рэдакцыйны камітэт таксама ўваходзяць прафэсар Арнольд МакМілін (Arnold McMillin) і Джым Дынглі (Jim Dingley). А ў кансультацыйную раду выданьня — айцец Аляксандар Надсан (Вялікая Брытанія), доктар Андрэй Катлярчук (Швэцыя), доктар Курт Ўулгайзэр (Curt Woolheiser, ЗША), доктар Дэйвід Марплз (David Marples, Канада), доктар Ірына Дубянецкая (Беларусь) і доктар Марцін Паўльсэн (Martin Paulsen, Нарвэгія).

Гэта найстарэйшае англамоўнае пэрыядычнае выданьне, прысьвечанае дасьледаваньням у беларускай тэматыцы. Сёньня часопіс выдаецца на ангельскай ды беларускай мовах і мае электронную вэрсію.

Як паведаміў у «Facebook» рэдактар выданьня, «The Journal of Byelorussian Studies» пачынае выходзіць пасьля 24-гадовага перапынку. Цяпер прымаюцца новыя заяўкі, дэдлайн — 20 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG