Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя тыднёвай даўнасьці, калі ў менскім мікрараёне Сухарава пад коламі машыны ля самага школьнага ганку загінуў трэцяклясьнік, вылілася ў кампанію масавых праверак аўтааматараў.

Вялікая колькасьць інспэктараў ДАІ была накіраваная да школаў пасьля таго, як на гэты выпадак падчас нарады зьвярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На вуліцы Кунцаўшчына ў аднайменным мікрараёне Менску абапал вузкай дарогі лепяцца адна да адной тры школы, тры дзіцячыя садкі і дзьве дзіцячыя паліклінікі. Як кажа адна з маці, якая штодня падвозіць у школу сваё дзіця, раніцай тут творыцца нешта неймавернае — вузкі праезд умомант пераўтвараецца ў закаркаваную гарлавіну, а дзесьці прыпаркавацца немагчыма ў прынцыпе:

«Ды канечне, нічога няма, увогуле ніякіх умоў, ні для кога. Вось мы 15 гадоў возім у гімназію дзяцей, ужо трэцяга дзіцёнка, і нічога да лепшага не зьмяняецца. Ніякіх новых парковак няма, дарога як была вузкая, так усё і застаецца. Хоць — не, зьмены ўсё ж ёсьць: з кожным годам дарога загружаная ўсё больш і больш. Кожнага дня а 8-й раніцы — сапраўдны транспартны каляпс, калі разам зьбіраюцца ўсе школы, дзіцячыя садкі і паліклінікі. Зьбіраецца вялізная колькасьць машын і, канечне, часам даводзіцца езьдзіць і па бардзюрах, і па газонах. Таму што папросту падзецца няма куды».

Дарэчы, менавіта тут месьціцца і адна з рэдкіх для Менску беларускамоўных гімназій, куды з-за дыскрымінацыі роднай мовы бацькі вымушаныя вазіць сваіх дзяцей ня толькі зь іншых менскіх раёнаў, але і з прыгараднага Тарасава, а таксама з Ратамкі, Ждановічаў, нават з Ракава і Івянца — гімназія № 4 стаіць якраз пры ўезьдзе з гарадзенскай трасы.

Каб высадзіць малых пасажыраў, кіроўцы міжволі вымушаныя заварочваць у школьныя лябірынты. Балазе ніякіх абмежавальных знакаў ля адукацыйных і мэдычных установаў няма. Прынамсі, дагэтуль. Аднак сёньня тут кіроўцаў ужо чакалі супрацоўнікі ДАІ, участковыя ды іншыя міліцэйскія чыны. Усіх, хто збочыў з умоўна цэнтральнай дарогі, неадкладна перапісвалі. Прычым фіксаваліся нумары нават тых аўтамабіляў, якія разварочваліся і проста на мэтар-другі прасунуліся ў вузкі праезд да школы. Што інкрымінуецца за ўезд на тэрыторыю, не абсталяваную нават папераджальнымі знакамі, — даішнікі казаць адмаўляліся.

Бацькі абураюцца: раскрытыкаваныя прэзыдэнтам падпарадкаваныя службы пераходзяць мяжу разумнага:
Праблема ў корані ўсё роўна не вырашаецца — дарога сама па сабе шырэйшая ня стане, парковак не дадасца

«Проста дзіву даесься, як дзейнічае ўся гэтая наша сыстэма. Пакуль нейкая трагедыя ня здарыцца, ніхто нічога ня бачыць, як быццам з заплюшчанымі вачыма ходзяць — і ў школьнай адміністрацыі, і ў ДАІ, і ў дарожных службах. І ўсё добра, пакуль нехта не загіне. Вось тады сыстэма пачынае працаваць. Прычым пачынае працаваць выключна з пазыцыі карных функцыяў. Зараз перапісваюць нумары аўтамабіляў, а потым чакайце непрыемнасьцяў. А праблема ў корані ўсё роўна не вырашаецца — дарога сама па сабе шырэйшая ня стане, парковак не дадасца. Ня ведаю нават, што рабіць далей».

Арыенціры змаганьня за бясьпеку на школьных тэрыторыях пры канцы мінулага тыдня акрэсьліў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Праўда, абвінаваціўшы іншых, так і не даручыў нешта рэальна зрабіць дзеля нармалізацыі становішча ў раёнах, якія ў выніку палітыкі «ўшчыльненьня» перанаселеныя і людзьмі, і транспартам:

«Трэба жорстка разабрацца з ДАІ, занадта ўжо часта я чую нараканьні на адрас гарадзкога ДАІ асабліва. Там ёсьць гэты „ляжачы паліцэйскі“? Самі б леглі разам з участковым. Вось ваша пазыцыя. Па-першае. Па-другое. Ну, вы пабудавалі новую школу. Чаму гэтая школа голая? Чаму вы не абгарадзілі гэтую пляцоўку і ўсю школьную тэрыторыю плотам, каб дзеці не маглі выскачыць за тэрыторыю, а бацькі не маглі заняць асабістымі аўтамабілямі гэтую пляцоўку перад школай? Чаму вы не абгарадзілі яе хоць бы драўляным плотам? Вы гэтага не зрабілі — значыць, вы вінаватыя. Нарэшце, і бацькі вінаватыя. Пляцоўку ўсю прыватнымі аўтамабілямі занялі, прыехалі крутыя. Дзеці павыскоквалі на дарогу, таму што занялі іх тэрыторыю».

Вынікам прэзыдэнцкай крытыкі сталі рапарты аб адстаўцы, пададзеныя сёньня вышэйшаму кіраўніцтву ад імя намесьніка начальніка ўпраўленьня ДАІ Менгарвыканкаму Канстанціна Страха і начальніка аддзелу ДАІ адміністрацыі Фрунзенскага раёну сталіцы Юрыя Жыхарава.

Тым часам у менскай міліцыі паведамілі, што ад сёньня ля сталічных школаў пачалі дзяжурыць супрацоўнікі ДАІ. Патруль будзе несьці службу ад пачатку заняткаў да іх заканчэньня. Асабліва пільна будуць сачыць інспэктары за ўездам прыватнага транспарту на тэрыторыю навучальных устаноў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG