Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат ня змог сустрэцца з затрыманым «за здраду дзяржаве» Гайдуковым


19 лістапада ў зьняволенага ў СІЗА КДБ наваполацкага актывіста мелася адбыцца размова са сьледчым. Аднак сьледчы зь Віцебску не прыехаў, і сьледчыя дзеяньні, якія павінны праходзіць у прысутнасьці адваката, не адбыліся.

Пра гэта паведаміў Яўген Канстанцінаў, сябар затрыманага «за здраду дзяржаве» Андрэя Гайдукова. Спадар Канстацінаў кажа, што ніякіх навін ад Андрэя Гайдукова няма, нічога ня ведаюць пра ягоны лёс і бацькі актывіста. Яны чакаюць ліста, які Андрэй напісаў ім ужо з-за кратаў.

Андрэй Гаўдукоў, намесьнік кіраўніка наваполацкага «Саюзу маладых інтэлектуалаў», быў затрыманы ў Віцебску 8 лістапада. Паводле афіцыйных зьвестак, супраць яго ініцыявана крымінальная справа паводле артыкула 365 «Здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці».

Вядома, што па гэтай самай справе быў дапытаны і наваполацкі каардынатар аргкамітэту дзеля стварэньня партыі БХД Ільля Багданаў. Але ён не паведамляе падрабязнасьцяў, бо даў падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва.

Зьвесткі пра затрыманьне Андрэя Гайдукова, допыт Ільлі Багданава, а таксама пра тое, што сябар затрыманага Яўген Канстанцінаў быў вымушаны звольніцца з працы, першым апублікаваў наваполацкі незалежны сайт «Свабодны рэгіён».

19 лістапада на працягу некалькіх гадзін гэты сайт быў недаступны зь нявысьветленых прычын.
XS
SM
MD
LG