Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За гібель хлопчыка звольнілі начальнікаў ДАІ


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік начальніка ўпраўленьня ДАІ Менску Канстанцін Страх і начальнік ДАІ Фрунзенскага раёну Юрый Жыхараў падалі рапарты аб адстаўцы ў сувязі з гібельлю ў аварыі вучня 3 клясы школы № 23 Менску.

Пра гэта паведаміў начальнік ДАІ Менску Дзьмітрый Карзюк на пазачарговым паседжаньні камісіі па забесьпячэньні бясьпекі дарожнага руху, перадае БЕЛТА.

13 лістападзе каля 19 гадзіны вечара аўтамабіль непадалёк ад школьнага ганку насьмерць зьбіў вучня 3-й клясы сярэдняй школы № 23. Хлопчык раптоўна выбег з-за прыпаркаванага аўтамабіля, і кіроўца не пасьпеў зрэагаваць. Сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску завяло крымінальную справу паводле ч.2 арт. 317 КК (парушэньне правілаў дарожнага руху або эксплюатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека).

Прызначана судова-мэдыцынская і аўтатэхнічная экспэртызы, якая дадуць магчымасьць вызначыць адпаведнасьць дзеяньняў кіроўцы правілам дарожнага руху ў момант зьяўленьня небясьпекі.

Дзьмітрый Карзюк распавёў, што дырэктарка школы двойчы зьвярталася з вуснымі заявамі ў Дзяржаўтаінспэкцыю Фрунзенскага раёну з просьбай усталяваць дарожныя знакі, якія абмяжоўваюць рух і стаянку на мясцовым праезьдзе.

У 2009 годзе тут зьявіўся знак «Рух забаронены», у 2010 годзе — «Стаянка забароненая». Звароты наконт бясьпекі дарожнага руху паступалі і ў мясцовыя органы ўлады, але ў праектна-каштарысную дакумэнтацыю не было ўключана ўсталяваньне агароджы, бо школа знаходзіцца ўсярэдзіне мікрараёну і не выходзіць на вуліцы з інтэнсіўным рухам транспарту.

Як паведаміў Карзюк, пасьля здарэньня пад’езды да менскіх школ і дзіцячых садкоў абсталююць відэакамэрамі і агароджамі:

«Трэба ствараць тэхнічныя ўмовы, якія перашкаджаюць парушэньням — турнікеты, штучныя няроўнасьці, сыстэмы відэаназіраньня, асьветленыя пешаходныя пераходы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG