Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі прыняў пастанову, паводле якой выдаваць крэдыты ў замежнай валюце будуць толькі ў безнаяўным выглядзе.

Пастанова № 577 «Аб прадстаўленьні крэдытаў у замежнай валюце» была прынятая 13 лістапада і пачала дзейнічаць з суботы, 17 лістапада. Паводле пастановы, крэдыт у замежнай валюце будзе толькі безнаяўным.

БелТА цытуе пастанову: «Крэдыты ў замежнай валюце выдаюцца ў безнаяўным выглядзе празь пералічэньне банкам замежнай валюты ў лік аплаты паводле разьліковых дакумэнтаў, якія дае крэдытаатрымальнік, на рахункі нерэзыдэнтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама рэзыдэнтаў Рэспублікі Беларусь у выпадках, якія прадугледжаныя законам».

Незалежны эканаміст Міхал Залескі бачыць у гэтай пастанове сьведчаньне пагаршэньня эканамічнай сытуацыі.

«Гэта азначае, што наяўную валюту ў крэдыт ня будуць даваць ніяк. Хочаш разьлічыцца, то пакажы, куды плаціць, і мы туды пералічым грошы. Каб не выцягвалі грошы на абарот няплянавы, бо мы трапляем у пастку плянавай эканомікі. Яны разважаюць гэтак: не прадугледжаныя дзяржавай мэты не павінны фінансавацца. Гэта добра ці не? Любое абмежаваньне ва ўмовах капіталізму не зьяўляецца добрым. Банк — гэта ўстанова, якая прадае грошы. Якія могуць быць абмежаваньні? Уявім, што я прыходжу ў краму, а мне кажуць, каб даказаў, што есьці хочаш, інакш хлеба не прададзім. Вось тое самае зараз і ў банку будзе адбывацца. То бок гэта чарговае абмежаваньне самастойнасьці людзей».
XS
SM
MD
LG