Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: 3 мільёны штрафу за дабрачынны абед


Микола Чарнавус, архіўнае фота
Микола Чарнавус, архіўнае фота

Баранавіцкаму прадпрымальніку і грамадзкаму дзеячу Міколу Чарнавусу прысудзілі 3 мільёны штрафу за дабрачынны абед і збор подпісаў за бясплатны праезд для школьнікаў.

Суд палічыў гэтае мерапрыемства несанкцыянаваным пікетам.

Дабрачынны абед прадпрымальнік Мікола Чарнавус зладзіў на рынку 6 кастрычніка. Мінакі маглі пачаставацца ячнаю кашай зь печы. Такім чынам Мікола Чарнавус вырашыў адзначыць 18-годзьдзе перанесенай ім апэрацыі, як ён кажа — свайго «другога нараджэньня»:

«У мяне было 18 год пасьля падступнай хваробы, калі была зроблена апэрацыя. Я 18 гадоў нашу меч над галавой».

Падчас дабрачыннага абеду прадпрымальнік зьбіраў подпісы за бясплатны праезд школьнікам на гурткі і сэкцыі:

«Я калі быў кандыдатам у дэпутаты, народ прасіў мяне, каб дзеці, школьнікі езьдзілі бясплатна на гурткі і сэкцыі. І я сабраў 307 подпісаў...»

Судзьдзя Аксана Сарахман палічыла дабрачынны абед і збор подпісаў несанкцыянаваным пікетам і прысудзіла Міколу Чарнавусу 3 мільёны штрафу. Спадар кажа, што такім рашэньнем зьдзіўлены:

«Атрымалася, што без дазволу выканкаму нельга было карміць людзей. Можна ж было даць 2 мільёны — па мінімуму. Але ж не, на табе тры, каб ведаў наступны раз! Атрымліваецца, што вырашылі адыграцца на Чарнавусу, бо ён гарвыканкаму надакучыў».

Баранавіцкі грамадзкі дзеяч Віктар Сырыца таксама прысутнічаў на судзе. Ён кажа, што быў шакаваны прысудам за дабрачынны абед:

«Вельмі абураны ўсім гэтым... Я сам еў тую кашу, гэта быў дабрачынны абед. І пакараць чалавека за тое, што ён арганізаваў дабрачынны абед, такім вялікім штрафам, інваліда другой групы... Разуменьню гэта не паддаецца».

Мікола Чарнавус кажа, што абскарджваць прысуд не зьбіраецца, бо ня бачыць у гэтым сэнсу. Што зладзіў дабрачынны абед, ён таксама не шкадуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG