Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабіновіч: Госьці вясельля 2 гадзіны сядзелі ў бамбасховішчы

абноўлена

Шосты дзень працягваецца канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАС. У адказ на ракетныя абстрэлы баевікамі ХАМАС ізраільскай тэрыторыі Ізраіль распачаў авіяцыйныя ўдары і артабстрэл сэктару Газа. Напружаньне ў рэгіёне не аціхае. Сёньня «Свабода» працягвае расказваць, як успрымаюць сытуацыю былыя жыхары Беларусі, якія цяпер стала жывуць у гэтай краіне.

Аляксандар Рабіновіч — музыка і дыджэй. Гэтаму мастацтву ён навучыўся ў бацькі. Рабіновіч-старэйшы працаваў у Менску праекціроўшчыкам. А па выходных абслугоўваў вясельлі, быў вядомым клявішнікам і тамадой.

У 1994 годзе сям’я перабралася ў Ізраіль. Аляксандар жыве ў прадмесьці Хайфы. Але папулярнасьць яго настолькі высокая, што ён абслугоўвае вясельлі па ўсім Ізраілі. Апошняе — у мінулыя выходныя, на поўдні краіны. Там, дзе цяпер найбольш небясьпечна, кажа Аляксандар Рабіновіч:

«Чакалася 600 гасьцей. Прыехала 200. Людзі баяліся, таму не паехалі. Першая частка вясельля, пакуль госьці зьбіраліся, прайшла пад абстрэлам. І тыя, хто ўжо прыехаў, сядзелі ў сховішчы.

Потым нібыта ўсё сьціхла. Абстрэлаў больш не было. Людзі за сталом пра гэта не гаварылі. Гулялі, адпачывалі, як звычайна. А вось у сховішчы гаварылі толькі пра гэта. Хоць мы ўжо насамрэч да ўсяго гэтага звыклыя».

Аляксандар кажа, што на вясельлі пераважна былі выхадцы з былога СССР:

«Гэта былыя савецкія людзі. Але яны тут ужо шмат гадоў. Як кажуць, цалкам абжыліся. Гэта — другое пакаленьне. Яны і па-руску ня вельмі добра гавораць.

200 чалавек — гэта невялікае вясельле ў Ізраілі. У Ізраілі запрашаюць усіх, каго можна. Таму 200 чалавек — гэта няшмат. 600 — гэта вялікае вясельле. Але бывае і больш».

Аляксандар Рабіновіч адзначае, што найбольш напружанае становішча цяпер на поўдні Ізраілю. На поўначы і ў цэнтры — значна спакайней:

«У нас поўная цішыня. Ад пачатку апэрацыі не было ніводнай трывогі. Звычайнае жыцьцё ідзе. Праўда, у мяне некалькі мерапрыемстваў на поўдні адмянілі. Але ў нас, паўтаруся, поўная цішыня».

«Панікі ў Ізраілі няма. Людзі вераць, што іх абароняць ад палестынскіх ракет», — цьвердзіць Аляксандар Рабіновіч.

«Вельмі-вельмі нас ратуе новая супрацьракетная ўстаноўка „Жалезны купал“. Яна перахапіла ўсе ракеты, якія ляцелі на Тэль-Авіў. А там жа былі больш моцныя ракеты, да 90 кіляграмаў выбухоўкі. А наагул устаноўка перахапіла да 90% усіх ракет, якія ляцелі ў наш бок. Уратавала яна шмат што.

Вядома, гэта вельмі дапамагае, калі ты ведаеш, што цябе нешта абараняе. І калі ёсьць упэўненасьць, што варожыя ракеты як найхутчэй перахопяць, то пераносіць усё значна лягчэй».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG