Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАП: Сытуацыя прафсаюзаў у Беларусі «катастрафічная»


Эмблема Міжароднай арганізацыі працы

Эмблема Міжароднай арганізацыі працы

Камітэт па свабодзе аб’яднаньняў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) заявіў аб пагаршэньні сытуацыі з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Пра гэта сказана ў дакладзе па выніках пасяджэньняў Адміністрацыйнага савету МАП, якія праходзілі ў Жэнэве 1-16 лістапада.

Як паведамляе сайт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, у дакладзе пералічаны выпадкі парушэньня правоў, ціску і дыскрымінацыі ў дачыненьні да арганізацый беларускіх незалежных прафсаюзаў, якія ўжо дзейнічаюць ці ствараюцца. Сярод прадпрыемстваў, дзе адзначаны такія факты, у дакладзе названы Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы, «Беларуськалій», Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, «Граніт» і іншыя.

Асаблівую трывогу Камітэту па свабодзе аб’яднаньняў выклікае той факт, што ўрад Беларусі самаўхіліўся ад выкананьня рэкамэндацый МАП, скіраваных на аднаўленьне правоў прафсаюзаў у краіне.

Больш за тое, падкрэсьлена ў дакумэнце, у 2012 годзе ўрад нават не палічыў неабходным даць справаздачу камітэту, прадэманстраваўшы тым самым «адсутнасьць намераў хоць неяк зьмяніць сытуацыю», якая, паводле ацэнкі МАП, становіцца «катастрафічнай».

У 2003 годзе Адміністрацыйны савет МАП распачаў расьсьледаваньне ў дачыненьні да Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў на парушэньні ўрадам асноватворных канвэнцый МАП — аб свабодзе асацыяцый і абароне права на арганізацыю, а таксама аб праве на арганізацыю і вядзеньне калектыўных перамоў.

У 2004 годзе камісія па расьсьледаваньні МАП пацьвердзіла факты парушэньняў правоў працоўных у Беларусі і прыняла 12 рэкамэндацый, скіраваных на выпраўленьне сытуацыі. Урад Беларусі заявіў пра гатоўнасьць іх выканаць, аднак націск на незалежныя прафсаюзы не спыніўся.

У 2005 годзе Эўразьвяз ініцыяваў працэс пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцый, каб прымусіць урад краіны спыніць парушэньні правоў прафсаюзаў. У 2007 годзе рашэньне ЭЗ аб пазбаўленьні гандлёвых прэфэрэнцый набыло моц, бо афіцыйны Мінск працягваў ігнараваць рэкамэндацыі МАП.

Акрамя гэтага, Беларусь пяць раз была ўнесена ў спэцпараграф дакладу штогадовай Міжнароднай канфэрэнцыі працы як краіна, дзе груба парушаюцца правы незалежных прафсаюзаў.

Беларусь зьяўляецца чальцом МАП з 1954 года.
XS
SM
MD
LG