Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Канстанцінаў, кіраўнік суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў», мусіў звольніцца «па ўласным жаданьні» пасьля візытаў на працу «людзей у цывільным».

Актывіст апавёў, што працаваў ахоўнікам у менскай краме, і што да яго наймальніка двойчы прыходзілі супрацоўнікі КДБ:

«Прыходзілі двойчы, але на размовы мяне асабіста ня звалі — гаварылі з кіраўніцтвам. Першы раз цікавіліся нібыта маім інтэрвію Белсату, глядзелі запісы з відэакамэр, што ўсталяваныя у нашай краме. Пра што размаўлялі другі раз, я ня ведаю, але пасьля размовы мне было прапанавана звольніцца па ўласным жаданьні. 17 лістапада я напісаў заяву, цяпер беспрацоўны».

Спадар Канстанцінаў зьвязвае цікаўнасьць «людзей у цывільным» да сваёй асобы непасрэдна з арыштам Андрэя Гайдукова, падазраванага ў здрадзе дзяржаве і шпіянажы. Гайдукоў быў намесьнікам Канстанцінава ў наваполацкай суполцы «Саюз маладых інтэлектуалаў».

Андрэй Гайдукоў быў затрыманы беларускімі спэцслужбамі 8 лістапада ў Віцебску «падчас закладкі тайніка» — так гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні КДБ. Яўгена Канстанцінава, паводле ягоных словаў, на допыты ў гэтыя структуры не выклікалі, але ён не выключае такой верагоднасьці:

«Не выключаю, што гэта яшчэ наперадзе. Тым болей, што ўжо дапыталі яшчэ аднаго нашага знаёмага, Ільлю Багданава. У яго пакуль праблем з працай няма, наколькі я ведаю. А што да мяне, то гэта ўжо другое звальненьне ў падобных акалічнасьцях: у 2011 годзе я мусіў звольніцца з наваполацкага прадпрыемства „Нафтан“ таксама „па ўласным жаданьні“ — пасьля ўдзелу ў акцыях маўклівага пратэсту».

Ільля Багданаў распавядаў журналістам, што да яго на працу таксама прыходзілі супрацоўнікі КДБ, якія таксама пра нешта размаўлялі з кіраўніцтвам — ён працуе ў Полацкім ЖКГ. Але ніякіх наступстваў гэтых гутарак пакуль не было.

Багданава, паводле ягоных словаў, таксама вазілі на допыт у СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваецца Андрэй Гайдукоў. Але не затрымлівалі — толькі ўзялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва па крымінальнай справе, распачатай супраць Гайдукова паводле арт. 356 «Здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG