Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немец: Хлеб, цукар, соль, алей у Нямеччыне дзешавейшыя


Нямецкі журналіст Ёрг Фролінг — нярэдкі госьць у Беларусі. Упершыню прыехаў сюды яшчэ 15 гадоў таму з гуманітарным чарнобыльскім «абозам», а потым стажыраваўся ў тыднёвіку «Свободные новости», знутры спасьцігаючы беларускія рэаліі.

Цяпер працуе ў гарадзкой адміністрацыі невялікага гарадка Мэшэдэ, што недалёка ад Дортмунду. Пасьля апошняга прыезду зрабіў выснову: хоць Беларусь і ня моцна наблізілася да Эўропы ў палітычным пляне, затое упэўнена б’е эўрапейскія рэкорды па коштах на тавары першай неабходнасьці.

Хоць апошнія гады Ёрг Фролінг і працуе ў мэрыі свайго роднага горада Мэшэдэ, але многія рэчы па-ранейшаму ацэньвае з журналісцкай пазыцыі. Прызнаецца, што ў часе чарговага наведваньня Беларусі быў непрыемна зьдзіўлены ўсё больш выразнымі тэндэнцыямі на разрыў паміж заробкамі і коштамі ў крамах:

«Гэта мне складана нават абмяркоўваць, бо, мабыць, я нечага не разумею. Калі тут сапраўды сярэдні заробак, як гавораць, 500 эўра (альбо толькі зьбіраецца такім стаць), і калі я гляджу на тое, якія тут цэны, то нешта не зусім стыкуецца. За такі заробак можна ў лепшым выпадку раз на тыдзень схадзіць у краму, зрабіць самыя неабходныя закупы. Але ня болей за тое. Бо з чаго потым яшчэ плаціць за жыльлё, за камунальныя паслугі — асабіста я паняцьця ня маю. Асабліва ня маю паняцьця, як тут могуць жыць старыя людзі, якія ўжо на пэнсіі. Я чуў, што звычайныя пэнсіі, калі лічыць у эўра, крыху больш за 100 эўра. У лепшым выпадку — 200 эўра. Я ў такім разе ўвогуле не ўяўляю: як пры такіх прыбытках сталым людзям можна годна існаваць?».

Мой суразмоўца кажа, што на ягонай радзіме сярэдні заробак разоў у дзесяць большы, чым у Беларусі. На гэтыя сродкі сярэднестатыстычны немец можа ня толькі ўтрымліваць кватэру, але і бязьбедна жыць, ня думаючы, як зводзіць канцы з канцамі:

У Нямеччыне сярэдні заробак складае дзесьці 3 тысячы эўра. Пасля сплаты ўсіх падаткаў застаецца ў сярэднім больш за 2 тысячы эўра. За такія грошы можна ня проста існаваць, можна жыць нармальна

«У Нямеччыне сярэдні заробак, як яшчэ гавораць — „брудны заробак“ — складае дзесьці 3 тысячы эўра. Пасля сплаты ўсіх падаткаў застаецца ў сярэднім больш за 2 тысячы эўра. За такія грошы можна ня проста існаваць, можна жыць нармальна. Можна забясьпечваць сям’ю, можна аплочваць кватэру ці дом. Але, канечне ж, багатымі людзі пры такіх прыбытках не становяцца. Бо, да прыкладу, каб раз на год адпачыць у Турэччыне — а гэта не самы дарагі адпачынак — даводзіцца адмыслова адкладаць грошы».

Ёрг Фролінг гаворыць, што пры істотнай розьніцы ў заробках шэраг самых хадавых прадуктаў харчаваньня ў Нямеччыне каштуюць нават таньней, чым у Беларусі:

«Так, можна сказаць, што гэта для мяне сталася вельмі прыемным сюрпрызам. Таму што я заўважыў, што у тутэйшых крамах кошты часам нават вышэйшыя, чым у нас у Нямеччыне».

Карэспандэнт: «На што менавіта, на якія прадукты?».

«Я найперш гавару пра прадукты харчаваньня, без чаго нікому папросту не абыйсьціся. Напрыклад, калі ты хочаш тут купіць хлеб, дык магу сказаць, што ў нас хлеб у прынцыпе каштуе дзешавей. І так па цэлым шэрагу пазыцый. Самае элемэнтарныя і патрэбныя рэчы — як цукар, як соль, як алей, як розная кансэрвацыя — вось яны ня толькі прыблізна, а абсалютна дакладна ў Беларусі каштуюць даражэй, чым у нас у Нямеччыне».

Пры гэтым нямецкі госьць уражаны, што многія беларусы лічаць падобны расклад цалкам натуральным. І нават хваляцца, што своечасова атрымліваюць заробкі ці пэнсіі, на якія, зрэшты, праблематычна дацягнуць нават да наступнага месяца:

«Для мяне гэта вельмі складанае пытаньне, нават не магу на яго адказаць. На мой погляд, беларусам было б карысна крыху пападарожнічаць — хоць бы па Польшчы. Ці прыехаць у Нямеччыну. Ці паезьдзіць па такіх краінах, дзе цяпер крызіс — скажам, па Італіі ці па Гішпаніі. Тады можна будзе параўнаць — як жывуць жыхары гэтых краінаў нават у крызіс, і як беларусы існуюць ва ўмовах сваёй „стабільнасьці“. Бо вельмі важна адчуваць, які стандарт жыцьця, колькі атрымліваюць людзі за сваю працу, колькі трэба плаціць у крамах. А потым ужо ўсё можна будзе параўнаць».

Чаму існуе такі перакос паміж прыбыткамі і цэньнікамі на асноўныя спажывецкія тавары? Чаму пры самых нізкіх заробках у рэгіёне беларусы калі і могуць чым пахваліцца, дык гэта чэмпіёнствам у росьце коштаў?

«Ну, гэта можа быць і неэфэктыўная вытворчасьць, але можа быць і адсутнасьць канкурэнцыі. Бо калі зьявіцца канкурэнцыя, будзе, канечне, і стымул вырабляць прадукцыю больш эфэктыўным спосабам, каб яна каштавала грошы, адэкватныя заробкам людзей. Іншымі словамі, калі будзе прыватная ўласнасьць, будзе стымул ня толькі мэханічна зарабляць, але і ствараць умовы для фармаваньня рынкавага кошту. Гэта адназначна, бо ўжо праверана часам на іншых рынках».

Паводле міжнародных дасьледаваньняў, цягам апошніх гадоў доля расходаў на харчаваньне ў сямейных бюджэтах заходніх эўрапейцаў пастаянна зьніжаецца. Згодна з разьлікамі Рэйнскай сельскагаспадарчай асацыяцыі ў Боне, у 1970-х гэты паказьнік даходзіў да 20%. Цяпер сярэднестатыстычная нямецкая сям’я з чатырох чалавек траціць на харчаваньне толькі 11% ад свайго салідарнага прыбытку. З аднаго боку гэта абумоўлена падвышэньнем агульнага ўзроўню даходаў, з другога — стрыманым ростам коштаў.

Аналягічныя дасьледаваньні, праведзеныя ў краінах былога СССР, сьведчаць на прынцыпова іншыя тэндэнцыі. Так, затраты сямейнага прыбытку на харчаваньне ў Расеі складаюць 33%, у Беларусі — 42%, а ва Ўкраіне дасягаюць ажно 57%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG