Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандэроль для Дашкевіча: «Гарбата і кава. Зубной пасьце не хапіла месца»


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
«Кормяць добра, але мала», — гэтак, паводле адваката, распавёў палітвязень Зьміцер Дашкевіч пра харчаваньне ў гарадзенскай крытай турме, дзе ён знаходзіцца з пачатку лістападу. «Зьміцер мог бы падсілкавацца за кошт харчоў, набытых у турэмнай краме, але яму дазволена спаганяць толькі 100 тысяч рублёў, а на гэту суму шмат ня купіш», — кажа нявеста палітвязьня Наста Палажанка. Як дзяўчына спрабуе дапамагчы свайму каханаму?

«Вязьням на строгім рэжыме дазволеная адна бандэроль, у якую трэба ўкласьці ўсяго на 2 кіляграмы. Я вось днямі адправіла яму бандэроль. Што ўклала? Каву і гарбату. Яшчэ ўклала некалькі рэчаў, якія фактычна нічога не важаць. Прыкладам, насавічок. Вагалася наконт зубной пасты, але зубная паста важыць, на жаль, сто міліграмаў. Не паклала. Бо ў нашай сытуацыі гэта вялікая раскоша».

Паводле зьвестак Насты Палажанкі, Зьміцер Дашкевіч выглядае бадзёра, ні на што не скардзіцца. «Хаця са здароўем ў яго, ведаю, з'явіліся праблемы. Амаль ўдвая ўпаў зрок, часьцей стаў прастужацца», — кажа Палажанка.

Зьміцер Дашкевіч пасаджаны ў адзіночную камэру крытай гарадзенскай турмы. Лідэр «Маладога фронту» другім разам запар асуджаны на год зьняволеньня нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі ў Глыбокім, дзе ён адбываў першае пакараньне — 2 гады паводле абвінавачаньня ў хуліганстве. Абодва суды Дашкевіч лічыць палітычна матываванымі.
Мікалай Статкевіч сустрэўся з адвакатам

16 лістападу былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча ў турме наведаў адвакат. Жонка палітыка кажа, што муж перадаваў прывітаньні, на турэмныя ўмовы не скардзіўся. «Выглядае нармальна. Пыталася, як ён вытрымлівае без сонечнага сьвятла? Сказаў, што нармальна і колер твару не бледны, звычайны», — кажа Марына Адамовіч.

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
«Адвакат яго пабачыў, а я здолела перадаць яму рэчавую перадачу. Усю яе не перададуць, ведаю, што перадаюць адну рэч ці другую, а ўсю перадачу ў камэру браць не даюць. Але хоць гэтак».

Таксама ў Марына Адамовіч ўзялі для Мікалая Статкевіча 2 часопісы «Архэ», нумар часопісу «Дзеяслоў» і кнігу Васіля Якавенкі. Жонка палітыка не перакананая, што гэта літаратура дойдзе да мужа, бо раней ён кніг не атрымліваў.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў за Плошчу, адбывае пакараньне зараз ў магілёўскай крытай турме, куды патрапіў амаль год таму нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі.
Суд не прызнаў, што Мікалай Дзядок нарадзіўся ў Чарнобыльскай зоне

Бацька актывіста анархіскага руху Мікалая Дзядка распавёў пра рашэньне суду адносна таго, ці прызнаваць, што Мікалай нарадзіўся і рос ў Чарнобыльскай зоне. Гэта было патрэбна для аднаўленьня даведкі Мікалая Дзядка аб тым, што ён пацярпеў ад чарнобыльскай аварыі.

Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок
«У пачатку лістападу суд Цэнтральнага раёну, у асобе спадарыні Сямак без нейкіх законных падстаў адмовіўся прызнаць факт пражываньня сына ў чарнобыльскай зоне. Я быў прадстаўніком ў судзе, але вось такое рашэньне. Хаця ў сына ў пасьведчаньні аб нараджэньні запісана, што ён нарадзіўся ў Брагіне. Маўляў, недастаткова доказаў. Хаця ёсьць доказы, што я там працаваў, ён там нарадзіўся, былі і сьведкі незалежныя мной прадстаўленыя, якія пацьвердзілі, што ён там пражываў. Суд як заўсёды выконвае загады», — распавёў Аляксандр Дзядок.

Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў шэрагу нападаў на будынкі ў Менску. Сваёй віны актывіст не прызнаў. Мікалая Дзядка ўтрымліваюць у Шклоўскай калёніі, двойчы яго каралі карцэрам. Паводле бацькі вязьня, ужо месяц ад сына няма нават лістоў. На будучым тыдні да Мікалая Дзядка зьбіраецца адвакат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG