Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацьцяна Францкевіч: «Навошта дзяліць палітвязьняў паводле статусу?»


Маці палітвязьня Аляксандра Францкевіча — Тацьцяна пабывала на працяглым спатканьні ў калёніі, дзе адбывае трохгадовае пакараньне яе сын. Яна расказала пра настрой Аляксандра і пра тое, што хвалюе яе.

Аляксандар Францкевіч

Аляксандар Францкевіч

Палітвязень Аляксандар Францкевіч адбывае трохгадовае пакараньне ў папраўчай калёніі «Ваўчыныя норы». За краты ён, праграміст паводле прафэсіі і анархіст паводле перакананьняў трапіў у 20-гадовым узросьце (цяпер яму 22). Абвінавачваўся ў нападзе на дзяржаўныя будынкі, удзеле ў антымілітарысцкай акцыі ля Генштабу ўзброеных сілаў, узломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму.
Адрас калёніі, дзе ўтрымліваецца Аляксандар Францкевіч, а таксама іншы палітвязень Эдуард Лобаў:
ст. Даманава,
папраўчая калёнія № 22,
225295, Івацэвіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь

Гэтымі днямі з працяглага спатканьня з сынам вярнулася яго маці — Тацьцяна Францкевіч. Па нашай просьбе яна пазнаёміла нас зь некаторымі лістамі яе сына.

Мы выбралі зь іх тыя ўрыўкі, якія ў нейкай ступені адлюстроўваюць Сашавы ідэйныя погляды, а таксама даюць уяўленьне пра яго будні на зоне.

З допісаў сябрам:


«Навіны з волі ўсё больш і больш пэсымістычныя — людзі бяднеюць, але прымаюць гэта і маўчаць...

Часта чытаю пра гэтыя альтэрглябалісцкія антыкапіталістычныя пратэсты ў Эўропе і ЗША... Калі шчыра, то ад іх з гэтым іх выклікам дзяржаве «пакараю багатых!» за кілямэтар патыхае трацкізмам і эсдэкаўшчынай, якія няўмела маскіруюцца пад анархізм. У Беларусі прэзыдэнт прыйшоў менавіта на гэтай хвалі, на гэтых настроях. Гэтак жа і лібэральная крытыка дзяржавы ў краінах СНД ды гэтак званыя «дэмакратычныя» пратэсты бачацца мне толькі паказчыкам сацыяльнай напружанасьці, але не прыкметай сацыяльнай рэвалюцыі... У нас на Плошчу хутчэй не за апазыцыю выйшлі, а супраць Лукашэнкі. Плюс многія паверылі ў «лібэралізацыю».

Да маці: Як праходзіць дзень у «Ваўчыных норах»


Паштоўка ад Аляксандра Францкевіча

Паштоўка ад Аляксандра Францкевіча

«Пад’ём а 6-й раніцы. Праз 30 хвілін —шыхтаваньне. Усе шыхтуюцца на вуліцы, дзе нас правяраюць. А 7:20 ідзем у сталоўку. На сьняданак. Потым а 13-й — абед. У тым жа парадку. А 17-й ізноў праверка. А 18-й — вячэра. Гэта што тычыцца рэжыму. Пра тое, чым займаюся я, раскажу асобна, падчас сустрэчы. Па суботах ды нядзелях, з 9-й па 15-ю, лазьня. Тыя, хто хоча загартоўвацца, ходзяць ва ўмывальню. Там толькі халодная вада. Часам займаюся спортам на турніку на стадыёне.

Рэгулярна лістуюся. Маю шмат кантактаў з самымі рознымі людзьмі. Атрымліваю шмат лістоў як зь Беларусі, так і з Польшчы, Расеі, Украіны, Фінляндыі, Швэцыі, дзе мне выказваюць салідарнасьць.Так што ў гэтым пляне ўсё вельмі добра.

Трымайся, мама, вельмі цябе люблю і спадзяюся на хуткую сустрэчу. Памятай, што з табой побач твой сын, які таксама, як і ты, не зьбіраецца здавацца».

Здароўе за кратамі


Падчас нашай сустрэчы ў Менску, куды Тацьцяна завітала на некалькі гадзінаў праездам з калёніі дамоў у Наваполацк, яна пачала з таго, як выглядае яе сын:

«Саша выглядае някепска. Але схуднеў, хоць і раней быў худым. Пад вачыма зьявіліся чорныя кругі. Гэта мяне хвалюе. Кажа, што ў яго ўсё нармальна, аднак мімаходзь было сказана: калі вызваліцца, найперш зоймецца здароўем. Калі Саша пра гэта неяк прамовіў, праблемы ёсьць. У яго толькі адна нырка».

«А вось у санчастцы кажуць, што ў яго ўсё добра. Ён не атрымлівае абавязковай, прапісанай яшчэ лекарамі на волі дыеты, яму ня робяць рэгулярнага абсьледаваньня, а яны: усё добра», —дадае Тацяна Францкевіч.

Пра Сашаву сытуацыю і клопат ягонай мамы я распавяла доктару мэдыцыны, былому палітвязьню Юрыю Бандажэўскаму. Урыўкі зь ягонай кнігі «Як выжыць у турме», якая хутка выйдзе ў сьвет, штотыдзень гучаць на нашым радыё.

Прафэсар Бандажэўскі: «У падобных выпадках кожная маці сама становіцца лекарам»


Юры Бандажэўскі

Юры Бандажэўскі

У сваім адказе прафэсар Бандажэўскі павітаў тое, што Саша Францкевіч вырашаў заняцца фізычнай загартоўкай. З улікам яго няпростай сытуацыі гэта вельмі правільны крок. Былы палітвязень таксама адзначае, што, «ня ведаючы дакладна гісторыі хваробы, нейкія мэдычныя парады даваць цяжка».

«Безумоўна, такім хворым трэба пастаянна кантраляваць другую нырку, тое, наколькі яна спраўляецца са сваёй функцыяй у дадзенай сытуацыі, паколькі працуе за дваіх. А таксама трэба рабіць адпаведныя аналізы: мачы, крыві, сканаваньне і тамаграфічнае дасьледаваньне, каб ведаць, ці не былі траўмаваныя і іншыя органы.

У выпадку, як з гэтым маладым зьняволеным, кожная маці сама мусіць быць лекарам. Нярэдка гэта ўдаецца ім ня горш за тых, хто працуе ў турэмных санчастках. Не выключаю, што жанчына часта зазірае ў мэдычную літаратуру па траўматычным стане мачаныркавай сыстэмы. Асноўныя тактычныя моманты прафіляктыкі ўскладненьняў можа зразумець і нямэдык. Неабходна настойваць на дыетычным харчаваньні для сына. Варта абавязкова сустрэцца з начальнікам мэдчасткі калёніі. Думаю, усё гэта маці робіць. Жадаю сілаў і стойкасьці гэтай мужнай жанчыне. Галоўнае — не запускаць сытуацыю і пастаянна нагадваць пра яе турэмнаму кіраўніцтву», — мяркуе прафэсар Бандажэўскі.

Чарговы ўрывак з распрацаванай ім за кратамі «Сыстэмы выжываньня», а таксама гутарку з Тацьцянай Францкевіч можна пачуць у аўдыёвэрсіі праграмы.





Самае частае пытаньне — прашэньне аб памілаваньні


«Вельмі часта ў мяне пытаюцца, ці зьбіраецца Саша пісаць прашэньне аб памілаваньні, чаму не напісаў яго дагэтуль і чаму я як маці не пераконваю яго, што гэта трэба зрабіць?» — кажа Тацьцяна Францкевіч.

У якасьці аргумэнту нярэдка прыводзяць стан здароўя сына і тое, што адной маці падтрымліваць яго за кратамі няпроста. Маўляў, чым раней ён вызваліцца, тым лепш гэта было б і для яго, і для Тацьцяны.

Францкевіч: «Так, мне было б спакайней. Аднак Саша трымаецца, як стойкі алавяны салдацік, і кажа, што напісаць прашэньне — гэта прызнаць сваю віну, а ён яе не прызнае. Зразумела, мне б хацелася, каб сына чым хутчэй вызвалілі. Калі б ён напісаў прашэньне, я б прыняла падобны крок сына. Але я магу толькі ў толькі спытацца пра яго меркаваньне, выслухаць яго пазыцыю, Я не хачу ціснуць на яго, бо ў выніку толькі стану ягоным ворагам. Ён ужо дарослы хлопец, мае звычку вырашаць усё самастойна. Дарэчы, у калёніі на яго ў гэтай сувязі вельмі моцна ціснуць».

«Свабода ў турмах»: «Паводле вашых адчуваньняў, за гэты час Сашавага зьняволеньня вы зблізіліся між сабой ці, наадварот, аддаліліся?»
Калі быў суд, мы настолькі часта пераглядваліся паміж сабой, што нават міліцыянты рабілі заўвагу, нібыта мы шкодзім таму працэсу.


Францкевіч:«Мы сталі бліжэй. Прычым нашмат. Гэта дакладна. Гэта школа, хоць і суровая, але школа жыцьця, якую ён цяпер праходзіць. У яго пачуцьці да мяне як да маці нашмат больш пяшчотныя. Калі ўжо быў суд, мы настолькі часта пераглядваліся паміж сабой, што нават міліцыянты рабілі заўвагу, нібыта мы шкодзім таму працэсу. Саша ўвесь час глядзеў на мяне, як я рэагую на кожнае слова судзьдзі. А ў лістах ён заўсёды мне піша: «Люблю, мама, трымайся!»


Пра захапленьне анархізмам


Гэтаксама, як Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, бабруйскія хлопцы Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка Аляксандар Францкевіч пазыцыянуе сябе як прыхільнік ідэяў анархізму. Гэтым словам у Беларусі чамусьці прынята палохаць, нягледзячы на тое, што ў адным Менску імёнамі анархістаў названыя некалькі вуліц... Як Тацьцяна Францкевіч сама ставіцца да Сашавага захапленьня гэтымі ідэямі?

«Усіх цяпер палохаюць у сувязі з Грэцыяй. Радыкальнымі дзеяньнямі грэцкіх анархістаў. Аднак анархіст — гэта не абавязкова радыкал. У нас у Наваполацку ёсьць сапраўдныя радыкалы-нэафашысты, якіх ніхто не чапае. Дарэчы, мой Саша да пераезду ў Менск уваходзіў у антыфашыстоўскі рух „Антыфа“. Што да тэорыі анархізму, то я павярхоўна знаёмая зь ёй праз розныя даведнікі, гістарычную літаратуру. Усё хачу набыць творы Крапоткіна. У Наваполацку гэтага няма. Калі была ў Менску, адмыслова заходзіла ў цэнтральную кнігарню, што насупраць КДБ. Назвала імя аўтара — ніхто яго ня ведае. Кажу, яго імя носіць у Менску вуліца. Потым зьявілася адна гандлярка і кажа: „Анархістаў не трымаем!“ (Сьмяецца.)

Паводле таго, што я чытала пра Крапоткіна ды Бакуніна, магу вызначыць гэта як захапляльную ўтопію пра тое, што грамадзтва можа абысьціся безь дзяржаўнага прымусу. Калі б цяпер была маладая, напэўна б, гэтым захапілася ня менш за сына.

Ня ведаю, ці будзе мой сын прытрымлівацца гэтай ідэі гадоў праз 10. Думаю, ён сам гэтага ня ведае».


Пра сувязі паміж сваякамі палітвязьняў


На пытаньне «Свабоды ў турмах», ці існуюць паміж ёю ды іншымі сваякамі палітвязьняў нейкія трывалыя кантакты, жанчына адказвае:

«Ну, па-першае, я пішу, прынамсі паштоўкі, усім палітзьняволеным, імкнуся іх павіншаваць з днямі народзінаў, іншымі сьвятамі. Мне адказваюць Севярынец, Бяляцкі, Дашкевіч... Калі ўзяць сем’і, то ў кантакце з мамай Севярынца, Лобава. Зразумела, зь сем’ямі Дзядка, Аліневіча. Шкада, што бабруйскія хлопцы, дакладней, іх сваякі — яны неяк дыстанцыяваліся...»

«Свабода ў турмах»: «Наколькі я вас зразумела, нейкага шчыльнага адзінства, скаардынаваных дзеяньняў паміж сваякамі палітвязьняў няма?»
У мяне цяпер такое адчуваньне, што самі сваякі пачалі дзяліць палітвязьняў паводле нейкіх статусаў


Францкевіч: «Сама я жыву ня ў Менску, але думаю, што так. Штосьці спрабуе рабіць БХД, Ганна Шапуцька. Яны запрашаюць да сябе сваякоў, зьбіраюць сродкі для тых сем’яў, якім цяжка матэрыяльна. Для той жа сям’і Крутога — ён не палітвязень. Гэта вельмі важна. Адна ж толькі БХД шмат чаго ня зробіць. Тым больш, што на яе паседжаньні хтосьці з сваякоў прыходзіць , хтосьці — не. У мяне цяпер такое адчуваньне, што самі сваякі пачалі дзяліць палітвязьняў паводле нейкіх статусаў. Вязьні сумленьня, вязьні Плошчы, іншыя... Так, усе мы разумеем, ёсьць лідэры Статкевіч, Дашкевіч, Бяляцкі... Але астатнія — „іншыя“, неяк паасобку... Анархісты, напрыклад, якія атрымалі вунь якія тэрміны, а некаторыя ўвогуле ў „крытцы“. Ці той жа Аўтуховіч. Ён увогуле неяк звонку. Сын кажа, што гэта тое, чаго ён чакаў. Ці вось яшчэ... Як, напрыклад, з нунцыем атрымалася. Мой Саша сказаў, што з задавальненьнем бы зь ім сустрэўся... Але менавіта да яго, да яго сяброў ён не заехаў. Такое адчуваньне, што гэтыя „астатнія“ ўжо нікому не патрэбныя. Хоць яны прызнаныя такімі ж палітвязьнямі, што і астатнія, бо сядзяць за перакананьні. Палітвязьняў цяпер усяго 14 чалавек. Няўжо трэба іх дзяліць на галоўных і другарадных? Трэба за ўсіх змагацца...».


«Патрэбны рух на ўзор «Салдацкіх маці»


«Свабода ў турмах»: «А ў чым можа быць дапамога гэтым усім?»

Францкевіч: «Патрэбны нейкі рух на ўзор „Салдацкіх маці“, які б аб’ядноўваў сваякоў ня толькі палітычных, але іншых вязьняў... У нас так шмат людзей, якія сядзяць ні за што, а яшчэ больш тых, хто аступіўся, але хацеў бы пасьля вызваленьня стаць на добры шлях. Сама ведаю выпадкі, калі маладому хлопцу нельга вяртацца з зоны дадому, бо там бацькі ў няспынным запоі. Як часта здараецца, калі чалавек выходзіць, хоча пачаць усё спачатку, а на працу ўладкавацца з-за судзімасьці ня можа. У выніку — ізноў турма. Патрэбная ня проста арганізацыя. а рух, які б змагаўся за ўсіх. Трэба аб’ядноўвацца, зьбіраць інфармацыю, расказваць, каму цяжка матэрыяльна ці маральна... У нейкіх выпадках зьмяшчаць заклікі ў інтэрнэце. Пакрысе кожны, і гэта ўжо шмат».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG