Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. У ахвяраў кватэрных махінацый зьявілася надзея


Дом Кастуся Жукоўскага ў атачэньні будоўляў

Дом Кастуся Жукоўскага ў атачэньні будоўляў

Гомельскі апазыцыянэр Кастусь Жукоўскі, чый прыватны дом трапіў пад знос, застаецца пакуль без новага жытла.

Хоць, паводле рашэньня гарвыканкаму, для яго і такіх жа, як ён, яшчэ летась за кошт бюджэту былі набытыя новыя кватэры. Ды толькі трапілі яны ў рукі махляроў зь ліку гарадзкіх чыноўнікаў.

Рашэньне зьнесьці прыватныя дамы паміж вуліцамі Кніжнай і Тэльмана, дзе жыве спадар Жукоўскі зь сям’ёй, Гомельскі гарвыканкам прыняў яшчэ ў 2010 годзе. Узамен прапаноўваліся малапрымальныя варыянты:

«Наш дом — гэта 120 квадратных мэтраў. Практычна гэта новы дом у цэнтры гораду — пяць крокаў да ўнівэрмагу, усіх прыпынкаў транспарту. Вельмі зручнае месца. А мне ўзамен гэтага прапаноўвалі ці на ўскрайку гораду кватэру, якая далёка не адпавядае згаданым квадратам, ці ўвогуле будаваць дом за горадам, дзе й па кошце была б вялікая розьніца, і па даступнасьці да транспартных артэрыяў».

Днямі спадара Жукоўскага выклікаў сьледчы КДБ — апытваў, ці сапраўды гарадзкія ўлады прапаноўвалі яму ў 2011 годзе ўзамен дома пад знос кватэру на вуліцы Сьвірыдава, 49.

Жукоўскі: «Ва ўправе КДБ я ўбачыў рашэньне гарвыканкаму, якога мне выканкам не паказваў і не дасылаў і ў якім было напісана, што для нашых патрэбаў былі набытыя кватэры. Насамрэч гэтых кватэраў на вуліцы Сьвірыдава нам не прапаноўвалі. На маю думку, гэтыя кватэры чыноўнікі й раздалі патрэбным людзям ці сваякам, таму яны да нас не дайшлі. З гэтай прычыны імі сёньня так моцна цікавяцца і КДБ, і пракуратура».
Кастусь Жукоўскі ля свайго дома, які хутка зьнясуць

Кастусь Жукоўскі ля свайго дома, які хутка зьнясуць


Нядаўна стала вядома, што кватэры на вуліцы Сьвірыдава, 49 фігуруюць у крымінальнай справе пра злоўжываньні пры разьмеркаваньні жыльля кіраўнікамі ўправы капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму.

У верасьні па гэтай жа справе Сьледчы камітэт арыштаваў старшыню гарвыканкаму Віктара Піліпца.

Яшчэ задоўга да гэтых падзеяў жыхары вуліц Кніжнай і Тэльмана скардзіліся і ў аблвыканкам, і шмат куды яшчэ:

«Мы пачалі скардзіцца ва ўсе інстанцыі. Пісалі і ў КДБ, і ў міліцыю, і ў пракуратуру, што гэта падложныя дакумэнты, фальшаваньне, але ніякай рэакцыі не было. І толькі зараз, калі яны дзесьці штосьці не падзялілі, усе гэтыя махінацыі з кватэрамі пачалі вылазіць на паверхню».

Жукоўскага ўлады, аднак, прымусілі летась узьвесьці 7-мэтровую супрацьпажарную сьцяну, безь якой ягоны прыватны дом нельга было аформіць у эксплюатацыю і ў выніку атрымаць годную кампэнсацыю.

Зьмянілася ў лепшы бок і стаўленьне забудоўшчыка — ТАА «ЦэнтрЛізінг» — да тых, чые дамы трапілі пад знос. Кастусю Жукоўскаму, у прыватнасьці, забудоўшчык абяцае выдзеліць жытло ў шматпавярховіку, які будуецца зараз пад вокнамі ягонага прыватнага дома.
XS
SM
MD
LG