Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Латушка быў белай варонай у чорнай і шэрай зграі»


Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

Як можна ацаніць дзейнасьць Паўла Латушкі на пасадзе міністра культуры, ці нясе ён адказнасьць за тыя нэгатыўныя працэсы, што адбываліся ў апошнія гады? Ці можна сказаць, што Латушка выконваў ролю лібэральнай шыльды ў беларускім кіраўніцтве? Як будуць разгортвацца падзеі ў культурнай сфэры пры новым міністру? На гэтыя пытаньні адказвае пісьменьнік, мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч.

Цыганкоў: «Беларускамоўны міністар у краіне, дзе пераважная большасьць іншых кіраўнікоў гавораць па-расейску. Адносна малады і прагрэсіўны чалавек сярод немаладых і ня вельмі яркіх калегаў. Ці быў Латушка лібэральнай „шыльдай“, у якой адпала неабходнасьць? Ці ён на самой справе быў арганічнай часткай гэтай улады?»

Марціновіч: «Адстаўка Латушкі — зьява вельмі своечасовая. Бо, дзякуючы гэтаму, яму ўдасца захаваць свой прагрэсіўны імідж. Ён быў лібэралам ва ўмовах, калі ўлада ўжо болей ня думала пра лібэралізм і адлігу. Прызначаны падчас адлігі, калі рокераў дапускалі на дзяржаўнае радыё, ён заставаўся на гэтай пасадзе, калі ўжо ніякай адлігі не было. І калі культурная палітыка пачала зьмяняцца ў вельмі трагічны бок.
Ён быў лібэралам ва ўмовах, калі ўлада ўжо болей ня думала пра лібэралізм і адлігу


Гэты чалавек быў пастаўлены кіраваць культурай, калі рабілася ўсё тое нэгатыўнае, што рабілася зь беларускамоўнай літаратурай у Год кнігі. Чалавек, падчас кіраўніцтва якога міністэрствам быў фактычна разбураны будынак Нацыянальнага Купалаўскага тэатру. Чалавек, які ставіў візы на дакумэнты, што зацьвярджалі архітэктурныя праекты будаўніцтва гмаху, які зруйнаваў атмасфэру самага знакамітага і цікавага кутка Менску — Траецкага прадмесьця.

Усё гэта назапашвалася і зь цягам часу пагражала зруйнаваць ягоную рэпутацыю і кар’еру. Таму ён сышоў своечасова, бо Латушка быў белай варонай у чорнай і шэрай зграі».

Цыганкоў: «Кім бы ні быў новы міністар культуры, як будуць разьвівацца тыя тэндэнцыі, пра якія вы казалі? Выглядае, што вы маеце на гэта пэсымістычны погляд?»

Марціновіч: «Я проста ня бачу прасторы для аптымізму. Нават калі пры Латушку ўсё гэта адбывалася, то пры ягоным наступніку будзе толькі горш. І, дарэчы, ягонаму наступніку будзе вельмі складана. Бо Латушка быў папулярным міністрам, яго любілі журналісты і публіка. І для новага міністра гэта будзе даволі складаная атмасфэра, а ў такой сытуацыі чалавек часам паводзіць сябе „крута“.

Дарэчы, ад міністра культуры ў Беларусі вельмі няшмат залежыць. Наўрад ці Латушку было цікава не дабівацца вуліцы Быкава ў Менску ці назіраць за „рэстаўрацыяй“ Купалаўскага. Проста гэта былі рашэньні не ягонага ўзроўню. Але ён іх агучваў. Як міністар ён даваў ганебныя інтэрвію, дзе казаў, што ў Беларусі няма „чорных сьпісаў“. І ўсё гэта было дзіўна і дзіка. Але ўсё, што будзе далей, будзе толькі горш».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG