Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вокнамі ў Эўропу


16 лістапада ў Менску прайшла канфэрэнцыя Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства».

Прадстаўнікі амаль шасьці дзясяткаў арганізацый трэцяга сэктару выпрацоўвалі нацыянальную стратэгію эўрапейскай інтэграцыі. 29–30 лістапада гэтая стратэгія будзе абмяркоўвацца на IV сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» ў Стакгольме. Дзяржаўныя інстытуцыі ад супольнай працы на кансультацыйнай пляцоўцы адмаўляюцца.

Уладзміер Мацкевіч

Уладзміер Мацкевіч

Старшыня Каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай плятформы Ўладзімер Мацкевіч канстатуе: паколькі афіцыйныя ўлады фактычна дыстанцыяваліся ад праграмы добрасуседзтва Эўрапейскага зьвязу «Ўсходняе партнэрства», усе высілкі грамадзянскай супольнасьці наблізіць эўрапейскую будучыню для Беларусі маюць толькі палавіністы характар — стаць паўнавартасным сябрам эўрапейскай сям’і ў абыход ураду не ўяўляецца магчымым:

«Гэтае кола замкнулася ўжо досыць даўно. Наш урад у асобах кіраўнікоў і ідэолягаў ніколі не выказваў прыязнасьці да эўрапейскай інтэграцыі. Гэта антыэўрапейскі ўрад, і гэта вядома. Горш за тое: гэта нават ня проста антыэўрапейскі ўрад, гэта ўрад з настолькі нізкім інтэлектуальным, культурным узроўнем, што ён ня можа выбудоўваць міжнародныя адносіны зь любымі краінамі. Паглядзіце: як толькі ў нас складваюцца больш-менш шчыльныя адносіны зь нейкім міжнародным саюзам ці з асобнымі дзяржавамі, надыходзіць час, калі мы сварымся. Такая ўласьцівасьць гэтага ўраду.

А нам патрэбная эўрапейская інтэграцыя, безь яе мы ня здольныя ўступіць у агульнае эканамічнае разьмеркаваньне працы на ўсясьветным рынку. Без дапамогі, без узгадненьня пазыцыяў, без разьмеркаваньня таго, што і якая краіна ўносіць у агульную ўсясьветную эканоміку, сёньня такое аўтаркічнае існаваньне ўжо немагчымае. Тады мы павінны канстатаваць факт і сказаць: мы, невялічкая частка актыўных людзей у грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі — за эўрапейскую інтэграцыю, а тыя, хто кіруе нашай краінай, — супраць».

Праграма «Ўсходняга партнэрства» была запачаткаваная структурамі Эўразьвязу ў 2009 годзе і дала магчымасьць распачаць працэс узгадненьня пазыцый грамадзянскай супольнасьці Беларусі з эўрапейскімі структурамі, беларускімі ўладамі і грамадзянскай супольнасьцю іншых дзяржаў. Дзеля гэтага была створаная кансультацыйная пляцоўка — Нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства». Прапанаваныя прадстаўнікамі беларускіх дэлегацый ідэі «дарожных мапаў» на сустрэчах у Брусэлі, Бэрліне, Познані былі ўзятыя за аснову ўзаемадзеяньня паміж усімі зацікаўленымі бакамі.

Напачатку гатовасьць далучыцца да агульнаэўрапейскага дыялёгу выказалі і беларускія ўлады. Аднак істотнае пагаршэньне палітычнай сытуацыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году, адмова ад дэкляраванага курсу на лібэралізацыю і дэмакратызацыю, згортваньне беларуска-эўрапейскіх адносінаў істотна затармазілі працэсы разьвіцьця Нацыянальнай плятформы.

Пётар Кузьняцоў

Пётар Кузьняцоў

Як лічыць прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Гомельскі дэмакратычны форум» Пётар Кузьняцоў, паўплываць на пазыцыю ўладаў можна толькі праз эўрапеізацыю самога беларускага грамадзтва:

«Што далей? Ва ўсялякім разе, я лічу, што працэс эўрапеізацыі Беларусі ня хуткі. І ён не кароткатэрміновы. Мы ўсе ў Беларусі цудоўна ведаем, што ў беларускай грамадзкай думцы ёсьць два асноўныя кірункі маральных прыярытэтаў: адны — за ўсходні рух краіны, расейскую інтэграцыю, Мытны зьвяз, другія — за заходні кірунак, за эўрапеізацыю. Гэтыя плыні больш-менш роўныя і вагаюцца толькі ў залежнасьці ад зьнешнепалітычнай сытуацыі. Але мы ўсё роўна бачым відавочны прагрэс.

Яшчэ на пачатку 1990-х, калі адбыўся рэфэрэндум, 82% беларусаў былі за тое, каб заставацца ў складзе СССР. А зараз гэты паказьнік — прыкладна 50×50. І калі пераважная ці, прынамсі, заўважная большасьць беларусаў будзе за эўрапейскі шлях, гэта будзе сапраўды новая рэальнасьць, у якой улада, каб канчаткова не адарвацца ад грамадзтва і цалкам ня страціць усю падтрымку, будзе вымушаная ісьці на гэтыя крокі. То бок галоўная і першая задача — гэта перамога ў галовах грамадзянаў, сапраўдная праэўрапейская большасьць; ідэя эўраінтэграцыі як асноўная ідэя пераменаў і шляху да лепшага жыцьця для Беларусі».

Канстанцін Каламіец

Канстанцін Каламіец

Намесьнік кіраўніка Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Канстанцін Каламіец таксама схільны лічыць, што эўрапейскі шлях для Беларусі — адзіна магчымы, бо выгадны ўсім жыхарам краіны:

«Я прыйшоў у праграму „Ўсходняга партнэрства“ з адной простай прычыны: мне падабаюцца стандарты жыцьця ў Эўразьвязе. У прыватнасьці, мне падабаюцца ўзаемаадносіны Эўразьвязу з малым і сярэднім бізнэсам, падтрымка з боку дзяржаў ЭЗ, разьвіцьцё інавацыяў, дзяржаўна-прыватнае партнэрства. І прычым — не партнэрства, як гэта ў нас прынята гаварыць, у шырокім палітычным сэнсе. Малы і сярэдні бізнэс мысьліць звычайна фінансавымі катэгорыямі, эканамічнымі. І больш за ўсё малы і сярэдні бізнэс цікавяць якраз фінансава-эканамічныя адносіны з урадам — падаткаабкладаньне, умовы крэдытаваньня, магчымасьці разьвіцьця міжнародных гандлёва-эканамічных стасункаў.

Паводле індэксу Doing Business на 2013 год, вось гэтыя пералічаныя мной тры паказьнікі — ня самыя лепшыя. Яны адназначна горшыя, чым у Эўразьвязе — давайце будзем называць рэчы сваімі імёнамі. Мы ганарымся тым, што можам хутка зарэгістраваць фірму, але мы ня можам атрымаць даступны крэдыт для разьвіцьця ўласнага бізнэсу нават у інавацыйных праектах».

Прысутны на канфэрэнцыі другі сакратар прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Рамунас Янушаўскас пацьвердзіў: Эўропа зацікаўленая бачыць Беларусь у агульнаэўрапейскай сям’і народаў. І чым больш высілкаў у справе эўраінтэграцыі будзе рабіцца ў самой Беларусі, тым больш адчувальная будзе падтрымка такім працэсам. Пакуль жа, ва ўмовах фактычнага замарожваньня кантактаў афіцыйных уладаў краіны з Захадам, спадзявацца на нейкую пазытыўную дынаміку не выпадае.
XS
SM
MD
LG