Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вы заўважылі, што апошнім часам КДБ у інфармацыйнай прасторы стала надта шмат? Большасьць гучных падзеяў так ці інакш зьвязаныя з гэтым ведамствам. То яны некага ловяць, то адпускаюць, то іх спрабуюць падарваць (у Віцебску), то здымаюць з пасады іхняга шэфа. Выходзіць, што ўсё грамадзка-палітычнае жыцьцё круціцца вакол КДБ. Трыюмф ужо не паліцэйскай дзяржавы, а дзяржавы спэцслужбаў. Складаецца ўражаньне, што грамадзяне ў краіне існуюць толькі для таго, каб было што рабіць Камітэту дзяржбясьпекі, а мэдыі – каб асьвятляць працу «органаў».

Раней дзейнасьць спэцслужбаў неяк маскіравалі – з ідэалягічных прычынаў. Калі здарыўся выбух падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці 4 ліпеня 2008 году, праваахоўныя органы яго кваліфікавалі як «злоснае хуліганства». Слова «тэрарызм» баяліся як агню. Бо з усіх сілаў імкнуліся падтрымліваць прапагандысцкі канструкт пра Беларусь як гарантаваную прэзыдэнтам выспу стабільнасьці сярод акіяну ўсясьветнага хаосу. А які тэрарызм можа быць у краіне жалезабэтоннай стабільнасьці?

Але пасьля тэракту ў менскім мэтро сытуацыя ў гэтым пляне рэзка памянялася. Адразу як прарвала, тэрарызму ў краіне стала вельмі шмат. Мала таго, што задняй датай і падзея 4 ліпеня 2008 году была абвешчана тэрарыстычным актам. Цяпер любыя інцыдэнты, надзвычайныя акалічнасьці КДБ кваліфікавала як тэрарызм. У Слоніме бацька і сын падарваліся на гранаце – тэрарыстычны акт. Нават пасьля выбуху пэтарды ў гомельскай краме органы завялі крымінальную справу паводле артыкула «тэрарызм». Калі слухаць афіцыйныя паведамленьні такога кшталту, то Беларусь ужо амаль як Чачня ці Дагестан. Чаму ж так моцна памянялася стаўленьне ўладаў да такога кшталту злачынстваў?

Падаецца, існуюць дзьве прычыны. Па-першае, пасьля тэракту ў менскім мэтро і мінулагодняга эканамічнага крызісу ідэя стабільнасьці зазнала прыкметную эрозію. Давер грамадзтва да дзяржаўных інстытутаў моцна ўпаў. Дзеля ўтрыманьня ўлады Лукашэнка ўсё больш абапіраецца не на падтрымку насельніцтва, а на сілавы кампанэнт. Адпаведна, вырасла і палітычная вага сілавых структураў. Іх прадстаўнікі цяпер кіруюць нават спортам.

Але ўзрастаньне ролі сілавых структураў трэба ж неяк абгрунтаваць, растлумачыць народу. І рэзкае павелічэньне колькасьці тэрактаў – якраз тое, што трэба. Калі паўсюль такія пагрозы, з усіх бакоў тэрарысты, ворагі і шпіёны, то краіну трэба ж бараніць. Як казаў таварыш Сталін, па меры росту посьпехаў сацыялізму і савецкай улады клясавая барацьба абвастраецца. І хто ж стаіць на варце мірнага сну беларускага народу? Вядома ж, слаўны КДБ. Таму ў заканадаўства і ўнесеныя папраўкі, якія надаюць Камітэту дзяржбясьпекі надзвычайныя паўнамоцтвы.

Па-другое, рост колькасьці тэрарыстаў зьвязаны з адносінамі Беларусі з ЭЗ. Экспэрты і журналісты ўжо заўважылі, што ўсе гэтыя надзвычайныя здарэньні пачасьціліся пасьля таго, як Лукашэнка вельмі дэманстратыўна даў каманду зьменшыць ахову мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу. Раптам на мяжы з Польшчай знайшлі склад выбуховых рэчываў (і навошта іх там складаваць?). А нейкі дзіўны тэрарыст у масцы з надпісам на арабскай мове прыйшоў сярод белага дня ўзарваць райаддзел міліцыі. Гэта такі празрысты сыгнал: калі будзеце на нас ціснуць, то пусьцім усіх гэтых злачынцаў да вас. А яшчэ лепш, каб далі грошай на абсталяваньне мяжы. Такі танны шантаж.

З узрастаньнем палітычнай вагі спэцслужбаў, на наш погляд, зьвязаная і адстаўка старшыні КДБ Зайцава. Бо гэты працэс нясе патэнцыйную пагрозу, становіцца небясьпечным для самога кіраўніка дзяржавы. Таму нельга, каб на пасадзе старшыні КДБ доўгі час заставаўся адзін чалавек. Занадта моцная гэтая постаць – незалежна ад асабістых амбіцыяў самога кіраўніка. Ніхто не затрымліваўся ў гэтым крэсьле больш за пяць гадоў. Вось прыйшоў час мяняць і Зайцава. А падстава заўсёды знойдзецца.

Што тычыцца новага шпіёнскага скандалу. Сьлесар на заводзе хаваў інфармацыю для замежных спэцслужбаў у тайнік. Усё гэта нагадвае дрэнныя шпіёнскія раманы ці фільмы сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Не зьдзіўлюся, калі хутка, як у 1930-я гады, шпіёнаў пачнуць знаходзіць у калгасах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG