Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не заплаціць Расеі. І нічога ёй за гэта ня будзе


Беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч уступіў у спрэчку з расейскім міністрам энэргетыкі Аляксандрам Новакам наконт доўгу Беларусі за нясплачанае мыта з так званых растваральнікаў.

Новак заявіў пра страты бюджэту Расеі ў памеры 1,5–2,5 мільярда даляраў, Мясьніковіч адказаў, што Беларусь нічога ня вінная. Расейскія і беларускія экспэрты ацанілі спрэчку.

Афіцыйнай рэакцыі ў Маскве на словы Міхаіла Мясьніковіча, што Беларусь нічога ня вінная Расеі за растваральнікі, няма. Маскоўскія СМІ зьвярнулі на гэта ўвагу — у прыватнасьці дзелавая газэта «Взгляд» беларускую схему бяспошліннага продажу нафтапрадуктаў за межы Мытнага зьвязу па-ранейшаму назвала «махлярствам», але пры гэтым прызнала, што ніхто з расейскага кіраўніцтва публічна і не патрабаваў вярнуць мыта ў расейскі бюджэт:

«Вялікая верагоднасьць, што гэтая гісторыя будзе „замятая“ і разьвязаная толькі ўнясеньнем зьменаў у дакумэнты Адзінай эканамічнай прасторы і Мытнага зьвязу, як і кажа Мясьніковіч. Але зроблена гэта будзе не таму, што Беларусь не махлярыць, а хутчэй таму, што Расея, якая апошнія два гады актыўна ратуе беларускую эканоміку, не наважыцца ёй сама ж і нашкодзіць», — піша газэта.

Маскоўскі экспэрт, дацэнт Інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш пагаджаецца з такой ацэнкай:

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

«Я думаю, што Беларусь не заплаціць і што нічога ёй за гэта ня будзе гэтым разам. Бо зараз відавочна, што ў Расеі пачаліся разборкі паміж рознымі праўладнымі групоўкамі. Тры карупцыйныя скандалы адначасова засьведчылі, што рэчаіснасьць стала крыху іншая. І Менск, што будзе цалкам разумна, ня будзе сьпяшацца вяртаць тыя грошы ды пачакае, якая з груповак пераможа і якія зь ёю будуць адносіны».

Кірыл Коктыш мяркуе, што калі Масква закрые бізнэс з «растваральнікамі», у Менску прыдумаюць нешта іншае — напрыклад, біядызэль, бо такая «загатоўка» ўжо ёсьць.

Паўтара альбо два з паловай мільярды даляраў — гэта для Беларусі вельмі адчувальныя грошы, перакананы менскі фінансавы аналітык Валерый Палхоўскі:

Валеры Палхоўскі

Валеры Палхоўскі

«Але я думаю, што тут наўрад ці дойдзе да канкрэтных плацяжоў. Усё ж гісторыя ўзаемаадносін Расеі і Беларусі кажа пра адваротнае. Усё ж юрыдычна там Беларусь ніякіх нормаў не парушыла, таму ўрад і прапанаваў, што калі ёсьць нейкія прэтэнзіі, давайце разьбірацца ў судзе».

Юрыст Сяргей Балыкін перакананы, што спрэчка вакол растваральнікаў будзе вырашацца не ў судзе і не паміж беларускім урадам і Мінэнэрга Расеі, а асабіста Лукашэнкам і Пуціным:

«Шчыра кажучы, Беларусь можа і не заплаціць гэтыя грошы, і нічога ёй за гэта, хутчэй за ўсё, ня будзе. Такія выпадкі ўжо былі, беларуская дзяржава грошай не аддавала, і Расея нічога не магла зрабіць. Расея зацікаўленая ў добрых стасунках зь Беларусьсю, і гэтыя грошы не такія вялікія, каб гэтыя адносіны псаваць».

Намесьнік старшыні АГП эканаміст Леў Марголін таксама лічыць канфлікт вакол растваральнікаў палітычным:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Гэта будзе відаць далей — калі Расея ўпэўненая ў сваёй рацыі, то яна будзе настойваць на гэтым, калі гэта будзе спушчана на тармазах, то будзе пацьверджана, што гэта палітычнае рашэньне».

Леў Марголін у прынцыпе называе бізнэс з растваральнікамі непразрыстым і несумленным зь беларускага боку:

«Кожнаму зразумела, што ніякіх растваральнікаў там не было, што гэта быў замаскаваны экспарт нафтапрадуктаў. Карысьць ад гэтага атрымліваў нехта зь беларускага боку, нехта з расейскага, наш народ ад гэтага нічога не атрымліваў. А калі трэба будзе выплачваць гэтую суму, то гэта, вядома ж, адаб’ецца на плацёжным балянсе».

Паводле Кірыла Коктыша, Расея ад самага пачатку ведала пра беларускі бізнэс растваральнікамі, але чакала нагоды, каб выкарыстаць тэму ў перамовах аб прыватызацыі ў Беларусі, у тым ліку аб магчымым набыцьці «Беларуськалія».
XS
SM
MD
LG