Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоць Ізраіль і спыніў бамбаваньне Газы, каб ня трапіць у прэм’ера Эгіпту, які наведвае сэктар Газы, напружаньне ў рэгіёне не аціхае.

Прадстаўнікі ізраільскага ўраду кажуць, што рух «Хамас» працягвае абстрэльваць ізраільскую тэрыторыю ракетамі. У чацьвер ад абстрэлу ракетамі з сэктару Газы загінулі тры жыхары Ізраілю. Ад ізраільскага бамбаваньня загінулі ўжо прынамсі 18 палестынцаў, у тым ліку дзеці. Карэспандэнт «Свабоды» патэлефанаваў у Ізраіль і запытаўся ў былых жыхароў Беларусі, якія цяпер стала жывуць у гэтай краіне, як яны адчуваюць сытуацыю.
МЗС распаўсюдзіла паведамленьне, у якім рэкамэндуе беларусам устрымацца ад наведваньня Ізраілю. Найбольш небясьпечна — у паўднёвых гарадах Сдэрот, Ашкелон, Ашдод, Кір’ят-Гат, Нэтывот, Афакім, Беэр-Шэва, а таксама ў цэнтральных раёнах краіны.

Спадар Уладзімер пераехаў зь Беларусі ў Ізраіль амаль 20 гадоў таму. Цяпер ён жыве ў цэнтры Ізраілю, у невялікім гарадку Рышон-ле-Цыён, зусім непадалёк ад Тэль-Авіву:

«У мяне праблемаў няма. Як няма і адчуваньня, што ідзе вайна. Я ведаю толькі, што праходзіць нейкая апэрацыя.

Хоць нельга сказаць, што зусім нічога не адбываецца. Вось літаральна толькі што мы зь зяцем вярталіся з працы. І ён раптам згадаў, што ўчора ў нас гучала сырэна. А гэта азначае, што ёсьць ракета, якая дасягае зоны нашага гораду. Яна, дарэчы, была насамрэч. Але звалілася за межамі гораду, і ад ракеты ніхто не пацярпеў.

Ведаеце, за тыя 20 год, што я жыву тут, такое для мяне адбылося ўпершыню. І гэта тлумачыцца тым, што я жыў альбо на поўначы, альбо ў цэнтры Ізраілю. Адчуваньне вайны ёсьць толькі ў нашых знаёмых і сяброў, якія пражываюць на поўдні краіны. Таму што яны сапраўды знаходзяцца ў стане вайны. А мы — не».

Спадар Раман, былы жыхар Менску, у Ізраілі — 22 гады. Ён жыве ў невялікім гарадку Малоце на паўночным захадзе краіны:

«Непрыемныя адчуваньні, вядома, ёсьць. Але ня больш за гэта. Таму што непасрэдна нас гэта пакуль ня тычыцца. Вось калі была так званая другая лібанская вайна, тады гэта тычылася нас непасрэдна. А цяпер гэта ахоплівае поўдзень. А гэта далёка ад нас. І, як кажуць, хлеб не прападае.

Вядома, пэўная падрыхтоўка ў нас вядзецца. Правяраюць, праглядаюць бамбасховішчы. Элемэнтарная такая падрыхтоўка вядзецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG