Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў Валерыя Вакульчыка старшынём Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, вызваліўшы яго ад пасады старшыні Сьледчага камітэту.

Пра гэта паведамілі Інтэрфаксу ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў указ аб прызначэньні Валянціна Шаева старшынём Сьледчага камітэту. Да гэтага Шаеў быў намесьнікам кіраўніка СК Беларусі.

Былы вайсковы контравыведнік, падпалкоўнік КДБ Валер Костка лічыць, што Вакульчык больш успрымаецца як старшыня КДБ, чым кіраўнік Сьледчага камітэту, бо ён выхадзец з КДБ.

Валер Костка

Валер Костка

​«Пасада старшыні КДБ у сучасных умовах — гэта, як кажуць, „расстрэльная“ пасада. Як мы бачым, апошнім часам вельмі шмат старшыняў памянялася. І тут нават пытаньне не ў асобах і не ў прафэсіі. А пытаньне якраз у тым, што КДБ уцягнуты ва ўнутрыпалітычную барацьбу, што неўласьціва для спэцслужбаў і не павінна быць. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі Вакульчык здолее ўхіліцца ад гэтай палітычнай барацьбы, хоць у гэта мала верыцца. Яго ўсё роўна будуць цягнуць — ці сам уцягнецца, ці яго ўцягнуць. Гэта вялікая бяда для любой спэцслужбы, калі спэцслужба ўцягнутая ў палітычную барацьбу. Яна потым апынаецца крайняй у гэтай барацьбе. КДБ сканцэнтраваў на сабе вельмі шмат нэгатыву, і Вакульчыку будзе вельмі цяжка зьмяніць неяк стаўленьне да КДБ, бо апошнім часам слова „КДБ“ не сыходзіць з навінных стужак. А гэта бяда для любой спэцслужбы. Гэта аб’ектыўна, а ўсё астатняе будуць вызначаць яго справы. Правільна будзе ацэньваць дзейнасьць любога чалавека па яго справах. КДБ даведзены да такога стану, што каго б ні прызначылі, любы ўспрымаў бы ўвесь гэты нэгатыў, які набраўся за апошнія 20 гадоў. Ну, а што гэта будзе азначаць для Зайцава? Калі Зайцава зьнялі і не вярнулі назад, то гэта азначае, што Зайцаў недзе ўліп. І ўліп вельмі моцна».


Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што гэта не будзённае прызначэньне:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Яно адбылося пасьля разбору палётаў у ведамстве жалезнага Фэлікса. І зараз больш падставаў сьцьвярджаць, што насамрэч да генэрала Зайцава і ягонага атачэньня ў Лукашэнкі набралася шмат сур’ёзных прэтэнзій.

Па-другое, тое, што Вакульчыка вышмаргнулі са Сьледчага камітэту, куды таксама адносна нядаўна прызначылі, і само гэтае супэрведамства створана таксама нядаўна, — гэта сымптом таго, што кароткая лава запасных у Лукашэнкі. А дакладней, мала тых людзей, каму ён можа давяраць.

І апошняе. Вакульчык у свой час служыў у Берасьцейскім памежным атрадзе, то бок ён да гэтай групоўкі памежнікаў даволі блізкі. І гэта, відаць, зноў дасьць магчымасьць аналітыкам разважаць, што групоўка Віктара Лукашэнкі мае пэўны ўплыў. Я думаю, што ўсе гэтыя разважаньні пра групоўкі на вельмі хісткай глебе будуюцца, бо проста найхутчэй, што Лукашэнка вырашае ўсё. І ён чарговы раз вось гэтымі перасоўваньнямі фігур на шахматнай дошцы паказвае, хто ў доме гаспадар».


Былы вайсковы контравыведнік, падпалкоўнік у адстаўцы Сяргей Аніська:

«Па вялікім рахунку спадар Вакульчык, напэўна, не прынясе шмат шкоды ў цяперашнім КДБ. Бо ён усё ж выхадзец з КДБ. А ў Сьледчым камітэце ён наагул быў чужак. З аднаго боку, калі прафэсійны чэкіст прыходзіць на чэкісцкае ведамства, — нібыта нармальна. Мне даўно нецікава камэнтаваць гэтыя прызначэньні ў сілавых структурах, бо яны мне здаюцца іншы раз беспадстаўнымі. Прызначылі Вакульчыка — значыць, будзе Вакульчык. Лукашэнка палічыў, што гэта будзе лепш, чым Вакульчык ў Сьледчым камітэце. Але калі ўжо прызначылі Вакульчыка, значыць, інфармацыі вакол гэтай справы Казака паплыло столькі, што вяртаньне Зайцава ніяк немагчымае. На той момант яшчэ, магчыма, не валодалі ўсёй інфармацыяй адносна Казака і некаторых іншых момантаў. А цяпер, значыць, інфармацыі больш чым дастаткова, і ясна, што вяртаць Зайцава ўжо немагчыма».

Валерый Вакульчык нарадзіўся 19 чэрвеня 1964 года ў Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, Вышэйшыя курсы ваеннай контрвыведкі КДБ СССР, Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. У 1985-1991 гадах праходзіў вайсковую службу ва ўзброеных сілах, у 1991-2008 - у органах дзяржаўнай бясьпекі. З 2008 года быў начальнікам апэратыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзыдэнце, з кастрычніка 2011 года - старшынёй Сьледчага камітэта.



9 лістапада Лукашэнка вызваліў генэрал-лейтэнанта Вадзіма Зайцава ад пасады старшыні КДБ. Дзяржсакратар Савету бясьпекі Леанід Мальцаў тады заявіў, што на нарадзе генэральны пракурор і старшыня Сьледчага камітэту паставілі шэраг пытаньняў, якія тычацца апошніх падзеяў, зьвязаных з КДБ.

«Усім вядома пра самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Ёсьць і шэраг іншых пытаньняў, якія патрабуюць уважлівага расьсьледаваньня», — заявіў Мальцаў.

«У сувязі з гэтым прэзыдэнт прыняў рашэньне вызваліць генэрал-лейтэнанта Вадзіма Зайцава ад пасады старшыні КДБ і залічыць яго ў распараджэньне старшыні КДБ», — паведаміў дзяржсакратар Савету бясьпекі. Між тым Мальцаў тады ня выключыў, што Зайцаў пасьля завяршэньня расьсьледаваньня зможа вярнуцца на гэтую пасаду.

«Калі расьсьледаваньне пакажа кампэтэнтнасьць яго і іншых службовых асобаў, то, без аніякага сумневу, ён будзе вернуты на гэтую пасаду. Гэта зроблена для таго, каб расьсьледаваньне было праведзена максымальна аб’ектыўна. Расьсьледаваньне даручана праводзіць генэральнаму пракурору. Таксама да гэтай працы будзе падлучаны Сьледчы камітэт», — заявіў дзяржсакратар Савету бясьпекі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG