Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У тумане»: Маральныя прынцыпы гісторыі


Кадр з фільму "У тумане", зьнятага па повесьці Васіля Быкава

Кадр з фільму "У тумане", зьнятага па повесьці Васіля Быкава

Нямецкія СМІ зьмясьцілі на сваіх старонках некалькі рэцэнзіяў на мастацкі фільм Сяргея Лазьніцы «У тумане», паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава.

Крытыкі параўноўваюць гэтую кінастужку з іншай быкаўскай экранізацыяй «Узыходжаньне» па аповесьці «Сотнікаў», якая была зьнятая ў савецкія часы рэжысэрам Ларысай Шэпіцькай і атрымала ўзнагароды многіх прэстыжных міжнародных кінафэстываляў

Neues Deutschland піша, што асновай для фільму Лазьніцы стала распаведзеная Быкавым гісторыя віны, невінаватасьці і сьмерці ў беларускіх лясах падчас Другой усясьветнай вайны.

«Быкаў пісаў пра тое, што ён бачыў нібыта праз павелічальнае шкло. Пра пакуты і ахвяры беларускага цывільнага насельніцтва на той вайне і пра асноўныя экзістэнцыйная пытаньні на мінным поле ваенных франтоў паміж нямецкімі акупантамі і мясцовымі калябарантамі, паміж партызанамі і мірнымі жыхарамі».

Спосаб кінааповеду, чаргаваньне плянаў, пастаноўка сцэнаў — усё грунтуецца на школе Уэлса, Гадара, Таркоўскага

Гэта, напрыклад, расповяд пра калябарантаў, якія пайшлі на дамову з д’яблам, каб выратаваць уласнае жыцьцё. Потым яны зьдзяйсьняюць акт садызму супраць сваіх суайчыньнікаў... Або пра партызанаў, якія рызыкуюць жыцьцём і здароўем, каб вызваліць сваю краіну ад акупантаў, і якія ня пазбаўленыя карысных эгаістычных думак. Або пра рабочых ды калгасьніках, якія ў жаданьні проста выжыць, як правіла, гінуць у першую чаргу.

У свой час ваенная проза Быкава натхніла і Ларысу Шэпіцьку. Фільм «Узыходжаньне» прынёс ёй «Залатога медзьведзя» на Бэрлінале-77.

Шэпіцька абрала форму клясічных савецкіх прапагандысцкіх фільмаў і зрабіла ў ёй пераварот. Лазьніца гэтак жа ідзе ад клясычнай экранізацыі, аднак форма, у якой ён ставіць пытаньні адносна маральных прынцыпаў гісторыі, — па-над часам.

Герой фільму — пуцявы абходчык. Спачатку яго як падрыўніка зьбіраюцца забіць немцы. А потым партызаны хочуць забіць яго як здрадніка. Аднак герой адмаўляецца ад любога супрацоўніцтва і, нягледзячы ні на што, застаецца прыстойным чалавекам. Для часоў вайны — гэта занадта складаная ісьціна.

У іншай рэцэнзіі, якая зьмешчаная на старонках выданьня Die Welt, аўтар піша: «Народжаны ў 1964 ў сучаснай Беларусі рэжысэр Сяргей Лазьніца разам з апэратарам Алегам Муту ізноў дэманструюць кінамову без кропкі і коскі, якая адначасна пераўтвараецца ў вельмі сучасную. Спосаб кінааповеду, чаргаваньне плянаў, пастаноўка сцэнаў — усё грунтуецца на школе Уэлса, Гадара, Таркоўскага».
XS
SM
MD
LG