Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як турэмны конь уцёк на волю»


Гумарыстычнае апавяданьне пад такой назвай трапіла на «Свабоду» з ПК-5. У яго аснову легла сапраўднае здарэньне зь мясцовым турэмным канём, які доўгі час лічыўся на балянсе гэтай папраўчай установы, а потым узяў ды ўцёк.

Аўтар апавяданьня, асуджаны Ігар Міхнавец падае гэтую гісторыю зь вялікай доляй гумару ды іроніі, аднак гэта не перашкаджае чытачу зразумець, што адбываецца ў падобных беларускіх установах насамрэч.

Дзесьці паміж Варшавай і Масквой зь непапраўчай калёніі строгага рэжыму зьбег конь.

Конь быў на балянсе калёніі ўжо шмат гадоў, быў пабіты конскім жыцьцём і досыць мацёры. Звычайна, калі ў агульную сталоўку калёніі конь цягнуў воз бульбы ці капусты ў караване зь іншымі, маладзейшымі коньмі, строй зэкаў, які пахмура крочылі есьці, пасьпешліва пераходзіў на ўзбочыну, далей ад морды, бо за канём цягнулася дурная слава.

Бачачы строй зэкаў на сваім шляху, конь, як правіла, красамоўна прыціскаў вушы, нядобра глядзеў на таго, хто не пасьпяваў адступіць, і пнуўся ўхапіць зубамі ўсякага, хто пазяхаў.

Конь быў на балянсе калёніі ўжо шмат гадоў, быў пабіты конскім жыцьцём і досыць мацёры

Пагаворвалі, што, трапіўшы на службу ў стайню поўным дабрыні і веры ў чалавека маладым жарабцом, а гэта было ў тыя дрымучыя часы, калі зэкі клаліся спаць з заточкай у рукаве і пры ўсіх абставінах сьпінай шукалі сьцяну, конь на ўласнай скуры адчуў усё «хараство» лягернага жыцьця «не па паняцьцях» і абгрунтавана азьвярэў.

Аднойчы, калі паміж двума зэкамі выйшла спрэчка за заварку гарбаты, адзін, па мянушцы «дурнамордны», які славіўся выключна трывалым мускульным «каркасам», у спробе чарговы раз заявіць пра сябе ды заваяваць, як яму здавалася, павагу ды страх у вачох злачынцаў усіх гатункаў, заявіў, што пасадзіць гэтага каня на пятую кропку адным ударам кулака ў лоб.

Прадчуваючы відовішча, другі прыняў заклад. Стаўка была хутчэй сымбалічная. Ласкава падвабіўшы маладога яшчэ тады каня акрайцам хлеба ды пераканаўшыся, што паблізу няма кантралёраў, «дурнаморды» шпарка ступіў насустрач даверлівай жывёле і з усяго свайго дуру ўрэзаў яму ў лоб.

З тых часоў конь зьдзічэў. Толькі аднаму рэцыдывісту, які меў працяглы тэрмін, конь дазваляў набліжацца і браць сябе за аброць, і той суправаджаў воз, аж пакуль ня выйшаў ягоны тэрмін.

І вось конь уцёк.

Загадкавая конская душа. Сышоў упрочкі. Ці то ўночы, ці то ўдзень — невядома.

Рота аховы, якая акружала калёнію, сабакі — ня ўгледзелі, праваронілі.

І вось конь уцёк.Сышоў упрочкі. Рота аховы, якая акружала калёнію, сабакі — ня ўгледзелі, праваронілі

Жарт, ці што? Грандыёзнае надзвычайнае здарэньне, з улікам палітычнай абстаноўкі і эканамічнай сытуацыі ў краіне. Прыблізны кошт жывёліны, якая стаіць на забесьпячэньні, — 12 мільёнаў рублёў.

У шэрагах кіраўніцтва калёніі — шок. Пытаньне кар’еры і рэпутацыі. Адно да аднаго. Дамоклавым мечам — адмысловая камісія пры кіраўніку дзяржавы па скарачэньні колькасьці дзяржслужачых на 30–40%.

Кіраўніцтва калёніі па-вайсковаму ўзяло сябе ў рукі, стварыла апэратыўна-аналітычны штаб, у які ўвайшлі лепшыя стратэгі з супрацоўнікаў установы ды тыя, з кім проста «можна хадзіць у выведку».

Штаб сабраўся ва ўмовах строгай сакрэтнасьці, пасьля каманды «адбой». Афіцэры згрудзіліся над мапай мясцовасьці ў пазыцыі «выбары — падлік галасоў».

Укормлены прапаршчык адрапартаваў:

«Дакладваю, пошук па гарачых сьлядах не прынёс выніку. Апытаньне мясцовых жыхароў і абыход двароў паказалі, што жыхары зь недаверам сустракаюць мерапрыемствы па вышуку каня, якіх-колечы істотных зьвестак не даюць, а некаторыя падазрона задаюць наводныя пытаньні. Такія асобы пастаўленыя на ўлік і забясьпечаныя «наружкай» сіламі ўчорашняй зьмены.

Слова ўзяў вусаты начальнік штабу:

«Мужыкі, уцёкі жывой адзінкі паказалі, што нам кінуты сур’ёзны выклік. У нас ёсьць два дні, а далей я павінен дакладваць наверх. Думаю, тлумачыць ня трэба, што могуць быць за наступствы».

"Таварыш начальнік штабу, дазвольце далажыць, — адарваўся ад падлікаў начальнік спэцаддзелу калёніі. — Я тут спраўдзіў дакумэнтацыю і зрабіў папярэднія разьлікі, паводле якіх папярэдні кошт каня-ўцекача ў памеры 12 мільёнаў завышаны, бо ня ўлічаны яго фактычны ўзрост. А з улікам фактычнага пажылога ўзросту ўцякач выпрацаваў свой рэсурс. Гэта раўназначна таму, што конь у сілу свайго ўзросту яшчэ застаўся вінен калёніі і, адпаведна, дзяржаве пэўную суму, для падліку якой патрэбныя прыкладна суткі...

«Адставіць! — перапыніў яго начштабу. — Лічыць будзеце, калі конь будзе ў нас. Я сам падазраваў, што ня мы за яго вінныя, а конь нам. Трэба прызнаць, сваімі сіламі адшукаць каня не ўяўляецца верагодным. З аднаго боку, на захад — пушча, дзе ён можа далучыцца да зуброў і згубіцца ў пагалоўі. Зь іншага боку — палескія балоты, дзе сам чорт нагу зломіць. Да людзей ён ня пойдзе. Ведаю маёра Быкава як прафэсіянала, і складзены ім матэрыял па ўцекачу сьведчыць на карысьць маёй вэрсіі. Чакаю прапаноў, таварышы.

— Ільіч, я па-свойску, без фамільярнасьці, — падаў голас адзін з ДПНК (дзяжурных памочнікаў начальніка калёніі). — У мяне калега па баявых дзеяньнях на тэрыторыі дружалюбнай дзяржавы займае пасаду на заходнім напрамку войскаў СПА. Я яму жыцьцё ўратаваў у гарачай кропцы.

— Падключайце, але строга канфідэнцыйна!

Сустрэча адбылася ў прыдарожнай кавярні на трасе Варшава — Масква.

— Сямён, форс-мажор! Упершыню за 20 гадоў прашу дапамогі, — пачаў выкладаць праблему ДПНК.

Каня ж радарам ня выявіш, а табе нават невядома, у якім квадраце праціўнік... б..., уцякач

— Так, брат, ну і задачу ты задаў! Каня ж радарам ня выявіш, а табе нават невядома, у якім квадраце праціўнік... б..., уцякач. Зь бесьпілётнікамі пэўна не атрымаецца... Не магу, мы іх нядаўна толькі тры адзінкі атрымалі з Францыі, дзьве яшчэ не тэставалі. Модуль трэба прашываць на расейскую мову. Францускі пастаўшчык загрузіў праграму на беларускай — паводле кантракту, на мове краіны-замоўцы. Дылема. У нас жа базавая расейская. Бесьпілётнікі шалёных грошай каштуюць. Ты не ўяўляеш, у колькі складоў з растваральнікамі яны абышліся. Не, браце, а калі гэтая чарговая інтэрвэнцыя з плюшавым дэсантам? Мне тады пагонаў ня знасіць. А то і галавы.

Конь, які працуе ў Івацэвіцкай калёніі. Ілюстрацыйнае фота
Конь, які працуе ў Івацэвіцкай калёніі. Ілюстрацыйнае фота


А ў гэты час калёнія жыла рэдкімі хвілінамі лагаднейшага жыцьця. Па атрадах а 6-й раніцы больш ня бегаў афіцэрскі склад у пошуках парушальнікаў каманды «пад’ём». Не было штогадзінных абходаў і кантролю, ці правільна на табурэтках складзеныя рэчы, ці роўненька вісяць ручнікі і г.д., што трымала абодва бакі ў нэрвовым стане. Заканчваўся вечар другога дня.

Уражаньні зэкаў былі супярэчлівымі.

Старажылы асьцерагаліся, што пасьля гэтага рэжым заціснуць яшчэ больш. Маладыя ўпіваліся рызыкай ды дзёрзкасьцю конскага ўчынку. Некаторыя на плячах і грудзях парабілі татуіроўкі з выявай дзікага мустанга і надпісам «Freedom».

Па-асеньняму цямнела рана. У штаб, які лічыўся сакрэтным, уляцеў загадчык гаспадаркі 30 атраду:

Сама свабода акультурыла і амаладзіла каня. Фыркаючы і патрэсваючы грывай, ён ішоў. Усё роўна, куды і навошта. Важна, што без хамута, вольны

— Хутчэй уключайце тэлік, «Зону Фікс»!

З экрану азьвярэла вяшчала Віялета Сэксаловіч. Відэасюжэт уражваў. Па МКАД, у праліўны дождж, па сустрэчнай паласе, у сьвятле аўтамабільных фар свабодна і незалежна крочыў конь з горда ўзьнятай галавой. Не зьвяртаючы ўвагі на пранізьлівыя сыгналы аўтамабіляў, якія сьпешна зьяжджалі на ўзбочыну, на дождж, на агні мільённага гораду, на яркія ўспышкі рэпартэраў, якія прыбеглі па «смажаны» матэрыял...

Здавалася, сама свабода акультурыла і амаладзіла каня. Фыркаючы і патрэсваючы грывай, ён ішоў... Усё роўна, куды і навошта. Важна, што без хамута, вольны.


Хай чытач сам вырашыць, што ў гэтай гісторыі праўда, а што выдумка. Магчымыя супадзеньні з рэальнымі пэрсанажамі, падзеямі, фактамі. Рэальны ўчынак каня, які вырваўся зь няволі, натхніў на гэты аповед, у аснову якога леглі рэальныя падзеі, якімі яны бачацца з-за кратаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG