Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так лічыць падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў. Ён пракамэнтаваў Радыё Свабода вынікі сёньняшняй прэзыдэнцкай нарады па рэформе органаў МУС.

«Неабходна скараціць колькасьць, вызваліць міліцыю ад неўласьцівых ёй функцый і прывесьці вайсковы складнік у адпаведнасьць з патрабаваньнямі сёньняшняга дня», — такія патрабаваньні выказаў Аляксандар Лукашэнка на сёньняшняй нарадзе па рэформе органаў МУС.

Беларускі прэзыдэнт неаднаразова выказваўся за скарачэньне колькасьці міліцыянтаў. Сапраўды, паводле статыстычных дадзеных, у Беларусі найбольшая колькасьць міліцыянтаў на душу насельніцтва ў СНД. На кожную тысячу жыхароў прыпадае ажно 14 праваахоўнікаў. Нават у Расеі іх усяго 9,7 на кожную тысячу, а ва Ўкраіне — 6,5.

У той жа час, прымаючы з дакладам міністра МУС Ігара Шуневіча на пачатку лістапада, Аляксандар Лукашэнка казаў, што міліцыянтам трэба даць «болей улады».

Камэнтуючы гэтую заяву для Радыё Свабода, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб сказаў, што ня бачыць у павелічэньні паўнамоцтваў супрацоўнікаў міліцыі ніякай патрэбы. «Мне здаецца, што ў міліцыі сёньня дастаткова ўлады, дастаткова заканадаўчай базы — трэба, каб гэтыя законы выконваліся. Бо колькі ты ўлады міліцыі ні давай, але пакуль яна будзе пытацца дазволу на правядзеньне апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў адносна некаторых службовых асобаў (а гэта сёньня мае месца) — становішча ня зьменіцца», — лічыць Грыб.

Мікалай Казлоў, падпалкоўнік міліцыі ў запасе, кажа, што беларускую міліцыю можна сьмела скараціць на 30 адсоткаў: «У нас вельмі шмат міліцыянтаў. Але дзіўна, што ўсе скарачэньні пачынаюцца з крымінальнага блёку. Пры гэтым у нас столькі войскаў, што невядома, чаго мы чакаем. Найперш трэба скарачаць унутраныя войскі. Усё, што тычыцца папраўчых установаў — турмы, СІЗА, — усё гэта трэба перадаваць Міністэрству юстыцыі. І галоўнае — у нас безьліч палкоў, брыгадаў. Іх занадта шмат».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG